Logo Polskiego Radia
Print

Эўразьвяз актывізуецца ва Ўкраіне

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 23.02.2015 17:30
  • Эўразьвяз ва Ўкраіне.mp3
Эўропа хоча, каб Крэмль панёс большы кошт сваёй агрэсіўнай палітыкі.
PAP

Старшыня Эўрапейскай Рады Дональд Туск заклікаў дзяржавы ЭЗ да кансультацый у справе ўзмацненьня ціску на Маскву.

На днях Дональд Туск выдаў спэцыяльную заяву на тэму сытуацыі ва Ўкраіне. У дакумэнце гаворыцца, што набліжаецца момант, калі дыпляматычныя захады стануць недастатковымі. У зьвязку з гэтым, кіраўнік ЭЗ заявіў, што вядуцца кансультацыі паміж лідэрамі ЭЗ у справе далейшых крокаў ЭЗ ва ўкраінскім канфлікце. Брусэль хоча павысіць кошты расейскай агрэсіі ва Ўсходняй Украіне і лепшага маніторынгу выкананьня ўмоў спыненьня агню. Сымбалічна, што гэтыя словы прагучалі ў Кіеве падчас урачыстасьцяў першай гадавіны “Рэвалюцыі годнасьці” на Майдане.

Дональд Туск пачаў сёньня першы раунд перамоваў. З Брусэлю перадае карэспандэнтка Польскага радыё Бэата Пламэцка.

Бэата Пламэцка: Старшыня Эўрапейскай Рады заявіў, што ў першую чаргу трэба ўзмацніць эканамічныя санкцыі. У сваіх апошніх заявах Дональд Туск зазначае, што санкцыі павінны ісьці ў кірунку павышэньня коштаў агрэсіўнай палітыкі для Расеі. Калі Эўразьвяз рашыцца на ўзмацненьне абмежаваньняў, рашэньня варта чакаць падчас саміта ў наступным месяцы. Старшыня Эўрапейскай Рады не выключае таксама адпраўкі паліцэйскай місіі ЭЗ, як просіць афіцыйны Кіеў. Місія займалася б кантролем за расейскай мяжой ды за ходам перамір’я на Данбасе. Аднак ня ўсе ў Брусэлі падзяляюць такі аптымізм. Гучаць заклікі засяродзіцца на выкананьні менскіх пагадненьняў. Пытаньне місіі можа зноў стаць актуальным, калі Ўкраіна падасьць афіцыйную заяву.

Пакуль жа Эўропа засяродзілася на выкананьні менскіх мірных пагадненьняў. Гэта прыярытэт, зазначыў міністар замежных спраў Нямеччыны Франк-Вальтар Штэйнмаер. З Бэрліна перадае Войцех Шыманьскі.

Войцех Шыманьскі: Нямецкі міністар заўважыў, што абодва бакі канфлікту правялі абмен ваеннапалоннымі й пачынаюць вывад цяжкага ўзбраеньня. Штайнмаер падкрэсьліў, што сэпаратысты павінны спыніць ваенныя дзеяньні. Масква павінна працягваць ціск на іх. Нямецкі міністар заявіў, што нягледзячы на некаторыя праблемы, менскія пагадненьні захоўваюць сваю сілу. Напад на Марыюпаль будзе азначаць разрыў дамоўленасьцяў. Місія ААН ва Ўкраіне малаверагодная, лічаць у Бэрліне. Яе падрыхтоўка патрабуе часу, і невядома, ці будзе згода Расеі ды Кітаю.

Крыху інакш справу антырасейскіх санкцый ды ролю Дональда Туска ўспрымаюць у Польшчы. Тут пазыцыі падзяліліся. Адныя лічаць, што Эўразьвяз недастаткова актыўны ва Ўкраіне, а эўрапейскія палітыкі, у тым ліку старшыня Эўрапейскай рады, дзейнічаюць занадта павольна. Гаворыць былы міністар юстыцыі Польшчы Яраслаў Говін.

Яраслаў Говін: Апроч фармальных паўнамоцтваў, ёсьць яшчэ рэальная палітыка. Я разьлічваў, што Дональд Туск будзе больш актыўны, будзе змагацца за мацнейшую пазыцыю для сябе. Пакуль што ў справе Ўкраіны Дональд Туск хавае галаву ў пясок.

Эўропа ня можа сабе больш дазволіць на нармалізацыю адносін з Масквой, перакананы Яраслаў Каліноўскі з Польскай Сялянскай партыі.

Яраслаў Каліноўскі: Няма пра гэта гаворкі, трэба ясна сказаць усім у Эўропе. У гэтым палягае роля Дональда Туска. Ня можна казаць пра вяртаньне да адносін, якія былі раней паміж краінамі Эўрапейскага Зьвязу, Захаду і Расеяй. Таму што менавіта гэтыя адносіны, і энэргетычная ды сыравінная залежнасьць ЭЗ ад Расеі, прычыніліся да таго, што Захад сёньня амаль нічога ня можа зрабіць і толькі раскладае рукі.

Іншыя кажуць пра тое, што актыўнай пазыцыі ЭЗ ва Ўкраіне моцна перашкаджае Расея, праз сваё лобі ў Брусэлі й недапушчэньне Польшчы да перамоваў па ўкраінскім пытаньні. Гаворыць дэпутат партыі Саюз левых дэмакратычных сілаў Ежы Вэндэрліх.

Ежы Вэндэрліх: Расейцы лічаць, што могуць размаўляць з канцлер Мэркель, прэзыдэнтам Францыі ды некаторымі іншымі палітыкамі. Пра Орбана няма чаго казаць, бо гэта зусім іншы ўзровень. Разам з тым, з Дональдам Тускам ня вельмі хочуць гаварыць, што не азначае, што ён не павінен даць сыгнал, што гатовы да такой пасярэдніцкай місіі. Занятая ім пасада дае яму права да вядзеньня размоваў на вышэйшым узроўні.

На Захадзе крытыкуюць русафобскую пазыцыю Польшчы, кажа ўрадавы экспэрт Генрык Вуец.

Генрык Вуец: Дональд Туск актыўны ўдзельнік эўрапейскай палітыкі, але яго вельмі востра атакуе расейская прапаганда, а таксама праз так званых “карысных ідыётаў” – палітыкаў ЭЗ, якія стаяць на пазыцыі, што з Пуціным трэба весьці мірны дыялёг, запрашаць яго. Туска апошнім часам хто толькі не крытыкаваў, нават Орбан, за дзейнасьць на карысьць большай дапамогі для Ўкраіны.

Разам з тым, ёсьць і перакананьне, што калі мірны працэс ва Ўкраіне будзе парушаны пра-расейскімі сэпаратыстамі, то ЭЗ не застанецца нічога іншага, як уводзіць больш моцныя санкцыі. Гаворыць экспэрт Польскага інстытута міжнародных спраў Сэбаст’ян Плаценьнік.

Сэбаст’ян Плаценьнік: Менск-2, якому дзьве дзяржавы ЭЗ прысьвяцілі вельмі шмат увагі, можа стаць толькі перапынкам у ваенных дзеяньнях. Да таго ж гэты перапынак Пуцін можа выкарыстаць для збору яшчэ большых сілаў і новай атакі. Калі так станецца, тады можна будзе казаць пра кампрамэтацыю дыпляматыі. Калі будзе эскаляцыя, краіны ЭЗ ня будуць мець іншага выхаду, як толькі ўвесьці санкцыі. Нямеччына ды Францыя ўзялі на сябе палітычную адказнасьць за тое, што адбываецца ва Ўкраіне.

У такой сытуацыі Захад пойдзе на адключэньне расейскага банкаўскага сэктару ад сыстэму Swift і ўвядзе эмбарга на імпарт расейскай нафты. Гэтыя рашэньні ўдараць і па Эўропе, сытуацыя на кантынэнце значна абвострыцца, зазначае экспэрт.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт