Logo Polskiego Radia
Print

Перамір’е ў Данбасе пад пагрозай

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 17.02.2015 15:34
  • Перамір’е ў Данбасе.mp3
Паводле апошніх паведамленьняў, цяпер заўзятыя баі ідуць за стратэгічны горад Дэбальцава.
Фото: www.ria.ru

Перамір'е ва ўсходняй Украіне, якое зьяўляецца часткай пагадненьняў, заключаных на мінулым тыдні ў Менску, дзейнічае з нядзелі. Аднак стрэлы, асабліва ў рэгіёне гарадоў Дэбальцава, Марыупаль і Луганск так і не маўкнуць.

Перамір'е ва Ўкраіне вельмі нетрывалае, лічыць міністар абароны Польшчы Томаш Сямоняк. Віцэ-прэм’ер ня ўтойвае сваёй заклапочанасьці ў сувязі з падзеямі ў Данбасе, але ён таксама не губляе надзеі.

Томаш Сямоняк: Мінулі больш чым суткі з моманту пачатку перамір’я. Былі вызначаныя тэрміны па вывядзеньні цяжкой ваеннай тэхнікі. Паводле мяне, пакуль яшчэ асноўная мэта перамоваў – спыненьне кровапраліцьця - магчымая да рэалізацыі. Зразумела, пры такім маштабе канфлікту, эмоцыях і заангажаванасьці бакоў можа даходзіць да шматлікіх інцыдэнтаў. Пра гэта сьведчаць паведамленьні пра колькасьць забітых украінскіх жаўнераў. Гэта ня так, што ў Данбасе раптам пачалася абсалютная цішыня.

Віцэ-прэм'ер дадае, што нягледзячы на напружаную сытуацыю на ўкраінска-расейскай мяжы, надалей можна мець надзею на мірнае рашэньне крызысу.

Томаш Сямоняк: Я лічу, што самая сур’ёзная справа – спыненьне агню – амаль па-за намі. Аднак перад намі яшчэ найбольш складаная задача – мазольная праца па мірным урэгуляваньні канфлікту. Трэба памятаць пра тое, што гэта вельмі складаная сытуацыя, таму й вяртаньне да таго, што было прынятае ў Менску, будзе цяжкім працэсам. Гаворка ідзе пра стварэньне буфэрнай зоны, то бок разьдзяленьня варожых сілаў. Гэта ўмова якіх-колечы мірных крокаў у будучыні.

Спыненьне агню на ўсходзе Ўкраіны афіцыйна ўступіла ў сілу ноччу з 14-га на 15 лютага. Так было вырашана ў мінулы чацьвер у Менску.

Перамір'е прадугледжвае, у прыватнасьці, спыненьне агню й вывад цяжкой ваеннай тэхнікі з рэгіёну баявых дзеяньняў і стварэньне буфэрнай зоны шырынёй ад 50 да 70 км. Абодва бакі канфлікту пакінуць гэтую зону на працягу двух тыдняў з моманту спыненьня сутыкненьняў.

Тым часам Антон Герашчанка - дарадца кіраўніка МУС Украіны - пераконвае, што спыненьне агню ў Данбасе абсалютна ня дзейнічае. Паводле яго, сытуацыя на ўсходзе Ўкраіны далёкая ад перамір’я, паколькі па ўказаньні Крамля сэпаратысты працягваць нападаць на ўкраінскай армію.

Антон Герашчанка: Спыненьня агню няма. Барацьба працягваецца. Асабліва жорсткія напады адбываюцца вакол Дэбальцава. Ёсьць група сэпаратыстаў, якая заявілі, што не пагодзіцца на спыненьне агню. Сэпаратысты выкарыстоўваюць усе віды цяжкога ўзбраеньня, у тым ліку танкі. Такім чынам, мы можам канстатаваць, што Пуцін не стрымаў слова й хлусіць. Пуцін ня хоча міру, таму што без яго згоды ніхто б не наступаў. Гэта Пуцін пастаўляе сэпаратыстам зброю й боепрыпасы.

Паводле кіраўнічкі Эўрапейскай акадэміі дыпляматыі Катажыны Пісарскай, сустрэча праведзяная ў Менксу на мінулым тыдні прайшла толькі для таго, каб атрымаць дадатковы час.

Катажына Пісарска: Я ад пачатку скептычна ставілася да гэтага паразуменьня, якое, паводле мяне, нічога новага не ўносіць. Праблема - гэта добрая воля па ажыццяўленьні пунктаў пагадненьня. Гаворка ідзе пра тое, што вынікі гэтак званай сустрэчы „Менск 1” амаль не адрозьніваюцца ад вынікаў другой сустрэчы.

Катажына Пісарска лічыць, што на самой справе менскія пагадненьні непрымальныя для абодвух бакоў канфлікту. Пуцін не зацікаўлены ў стабілізацыі сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны, дадае экспэртка.

Катажына Пісарска: Пуцін імкнецца да суцэльнага зьнішчэньня ўкраінскай дзяржавы шляхам пастаяннага стымуляваньня канфлікту. Ён будзе яго спыняць, зноў аднаўляць і чакаць пакуль Украіна збанкрутуе. Вайна каштуе шмат, яна робіць немагчымым ажыццяўленьне рэформаў і аслабляе пазыцыю дэмакратычна абранага ўраду.

Былы эўрадэпутат і экспэрт па пытаньнях Усходняй Эўропы Павэл Коваль дадае, што Захад памылкова баіцца буйной глябальнай вайны. Паводле яго, Уладзімір Пуцін выкарыстоўвае гэтыя боязі Захаду.

Павел Коваль: Ён (Пуцін) будзе яшчэ больш інтэнсыўна выкарыстоўваць вайсковыя й палітычныя мэханізмы. Усё гэта з мэтай давесьці да зьмены ўраду ў Кіеве. Гэта яго мэта.

Паводле апошніх паведамленьняў, баі пачаліся ўжо ў самім Дэбальцаве. Сэпаратысты пераконваюць, што ўкраінская армія страціла кантроль над часткай горада.

Дэбальцава – гэта стратэгічны горад, празь які вядзе самы кароткі шлях, які злучае Данецк і Луганск. У горад даходзіць таксама чыгуначная лінія з Расеі.

Сёньня ў Дэбальцава зноў спрабуе прыбыць група назіральнікаў ад АБСЭ. Паводле ўкраінцаў, толькі іх прысутнасьць загарантуе, што сэпаратысты будуць прытрымлівацца спыненьня агню.

Між іншым, у гэтай справе па тэлефоне кантактавалі прэзыдэнты Расеі, Украіны й канцлера Нямеччыны. Як паведаміў прэс-сакратар нямецкага ўраду, былі ўзгодненыя канкрэтныя крокі для таго, каб місія АБСЭ магла на месцы сачыць за сытуацыяй.

Днём раней пра сытуацыю ў Данбасе таксама па тэлефоне размаўлялі лідары Ўкраіны, Нямеччыны й Францыі.

Нагадаем, назіральнікі АБСЭ спрабуюць дабрацца ў Дэбальцава яшчэ зь нядзелі пасьля паўночы, то бок адразу пасьля ажыцьцяўленьня перамір’я. Але сэпаратысты ня хочуць даць ім гарантыяў бясьпекі.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт