Лідары Ўкраіны, Расіеі, Францыі, Нямеччыны й самаабвешчаных рэспублік ДНР і ЛНР дамовіліся аб перамір'і ў Данбасе. Аднак Захад асьцярожна ставіцца да заключаных у Менску паразуменьняў.
Першым інфармацыю пра заключэньне перамір'я абвясьціў Уладзімір Пуцін. Баі паміж украінскай арміяй і сэпаратыстамі, якіх падтрымліваюць расейскія войскі, павінны завершыцца да 15 лютага.
Заключанае ў Менску пагадненьне прадугледжвае вывад цяжкой ваеннай тэхнікі з раёну дэмаркацыйнай лініі.
Уладзімір Пуцін пасьля 16-ці гадзінаў перамоваў у „нармандзкім фармаце”, то бок з удзелам канцлеркі Нямеччыны Ангелы Мэркель, прэзыдэнта Францыі Франсуа Алянда й прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі, быў відавочна задаволены і ў размове з журналістамі часта ўсьміхаўся.
Расейскі прэзыдэнт падкрэсьліў, што Кіеў пагадзіўся пайсьці на саступкі ў дачыненьні да сэпаратыстаў.
Уладзімір Пуцін: Па-першае, канстытуцыйная рэформа, якая будзе ўлічваць правы жыхароў Данбасу, а затым вырашэньне памежных пытаньняў, пасьля ўзгадненьня з уладамі Данбасу, гуманітарных справаў. Далей - увядзеньне раней прынятых законаў аб спэцыяльным статусе Данецкай і Луганскай абласьцей і ў канцы - цэлы шэраг пагадненьняў эканамічнага й гуманітарнага характару.
Паводле Ўладзіміра Пуціна, удзельнікі перамоваў у Менску дамовіліся адносна самых спрэчных пунктаў.
У сваю чаргу, як заявіў прэзыдэнт Украіны Пётр Парашэнка, цягам 19 дзён павінен адбыцца абмен палоннымі. Да канца году Ўкраіна павінна ўзяць кантроль над мяжой з Расеяй, а тэрыторыю Данбасу павінны пакінуць замежныя, то бок расейскія войскі.
Пасьля заканчэньня марафону перамоваў у Менску канцлерка Нямеччыны заявіла пра „іскру надзеі” на вырашэньне канфлікту ва Ўкраіне. Ангела Мэркель дадала, што ўдалося дасягнуць паразуменьня адносна ажыцьцяўленьня ранейшых паразуменьняў, заключаных у Менску.
Тым ня менш яна паясьніла, што на шляху іх рэалізацыі надалей знаходзяцца сур’ёзныя перашкоды й шмат што трэба яшчэ зрабіць. Аднак тое, чаго ўдалося дасягнуць, дае надзею, таму й варта было прадпрыняць чарговую спробу.
Раней кіраўнік нямецкай дыпляматыі Франк Вальтэр Штайнмаер гаварыў, што былі вызначаныя канкрэтныя тэрміны рэалізацыі мірнага пляну. Нямецкі міністар прызнаў, што спадзяваўся большага, але добра, што ўдалося дасягнуць які-колечы кампраміс.
Паводле прэзыдэнта Франсуа Алянда, сытуацыя ва Ўкраіне можа разьвівацца ў розных напрамках, але бліжэйшыя гадзіны будуць мець вырашальнае значэньне.
Франсуа Алянд: Пагадненьне не гарантуе дасягненьня пастаяннага посьпеху. Мы павінны быць асьцярожнымі, працягваць ціск і кантраляваць дзеяньні, якія былі пачатыя мной і канцлеркай Мэркель.
Украінскі штаб Антытэрарыстычнай апэрацыі гарантуе, што будзе выконваць дасягнутыя ў Менску пагадненьні. Прэс-сакратар штабу Андрэй Лысенка падкрэсьліў, што ўкраінскі бок да гэтай пары прытрымліваўся верасьнёўскіх менскіх пагадненьняў.
„Мы спадзяемся, што акупанты таксама будуць яго прытрымлівацца й менскія пагадненьні будуць у цэлым рэалізаваныя”, - сказаў ён.
Паводле Лысенкі, калі перамір’е сапраўды будзе дзейнічаць, то вывад цяжкой тэхнікі з буфэрнай зоны павінен пачацца на наступны дзень. На гэта было прызначана максымальна два тыдні й 5 дзён на абмен палоннымі.
Паралельна будуць праходзіць перамовы аб статусе тэрыторыяў, якія апынуліся пад кантролем сэпаратыстаў. Павінны адбыцца таксама мясцовыя выбары паводле ўкраінскага заканадаўства, а Кіеў павінен ўвесьці ў Канстытуцыю зьмяненьні аб дэцэнтралізацыі.
У ацэнцы сэпаратыстаў, падпісаны ў Менску дакумэнт – гэта посьпех. „Мы пераможам, калі не вайсковымі, то палітычнымі мэтадамі, а Ўкраіна памяняецца дзякуючы людзям з Данбасу”, - сказаў кіраўнік ЛНР Ігар Платніцкі.
У сваю чаргу лідар ДНР Аляксандр Захарчанка перасьцярог, што поўную адказнасьць за выкананьне паразуменьня нясе прэзыдэнт Пётр Парашэнка.
„Усе пункты паразуменьня патрабуюць дадатковых абмеркаваньняў, а іх парушэньне будзе азначаць, што больш ніякіх дакумэнтаў ня будзе”, - перасьцярог Захарчанка. Адначасова самаабвешчаныя лідары Данбасу далі зразумець, што яны згадзіліся падпісаць паразуменьне толькі таму, што яго падпісантамі зьяўляюцца таксама лідары Расеі, Нямеччыны й Францыі.
Асьцярожна вынік сустрэчы ў Менску камэнтуе старшыня Эўрапейскай рады Дональд Туск.
Дональд Туск: Менскае пагадненьне - гэта станоўчая навіна, якая дае надзею. Надзея - гэта добра, але недастаткова. Сапраўдным тэстам будзе рэалізацыя ўмоваў спыненьня агню. Мы ведаем, што першае менскае пагадненьне не ажыцьцяўлялася. Паводле мяне, мы павінны быць асьцярожнымі.
У падобным тоне выказваецца эўрадэпутат Яцэк Сарыюш-Вольскі. Паводле палітыка, няма ніякай упэўненасьці, што баявыя дзеяньні спыняцца.
Яцэк Сарыюш-Вольскі: Гэта не асьцярожны аптымізм. Гэта пэсымізм з пытальным знакам. Гаворка ідзе пра тое, наколькі верагодным зьяўляецца гэтае паразуменьне? Ці гэта не чарговая спроба Масквы купіць сабе час? Пытаньне датычыць сапраўдных намераў. Шмат сьведчыць, што гэта толькі спыненьне агню, а не перамір’е.
Менскія пагадненьні сталі асноўнай тэмай сёньняшняй сустрэчы эўразьвязаўскіх лідараў у Брусэлі.
З-за сустрэчы ў Менску эўразьвязаўскі саміт, на які афіцыйна быў запрошаны таксама прэзыдэнт Пётр Парашэнка, пачаўся са спазненьнем у некалькі гадзін.
аз