Амэрыканскі энэргетычны гігант, кампанія „Chevron” адмаўляецца ад пошуку сланцаў у Польшчы. Як падкрэсьліваюць ейныя ўлады, рашэньне было прынятае ў сувязі зь невялікай канкурэнтаздольнасьцю польскіх радовішчаў сланцавага газу ў параўнаньні зь іншымі краінамі, у якіх кампанія вядзе пошук.
Паводле амэрыканскіх камэнтатараў, адмова ад пошуку сланцавага газу ў Польшчы - гэта таксама вынік ціску на нафтавыя кампаніі, каб скараціць выдаткі ў сувязі зь нядаўнім зьніжэньнем коштаў на нафту.
Гэтую прычыну бярэ пад увагу таксама міністар эканомікі Януш Пехаціньскі.
Януш Пехаціньскі: Той, хто інвэстуе велізарныя грошы ў пошук, бярэ пад увагу тое, што цяпер адбываецца на сусьветным рынку цэнаў на нафту й газ.
Празьмерныя спадзяваньні не вытрымліваюць канфрантацыі з рэчаіснасьцю. Польскага сланцавага газу мала, а кошт здабычы занадта высокі. Гэта, паводле Анджэя Шчэсьняка, асноўныя прычыны рашэньня амэрыканскай кампаніі.
Экспэрт паліўнага рынку лічыць, што такое рашэньне не павінна зьдзіўляць, тым больш, што мінулы вопыт, зьвязаны з польскім сланцавым газам, не настройвае аптымістычна.
Анджэй Шчэсьняк: Праграма пошуку сланцавага газу ў Польшчы ад самага пачатку была перабольшаная, а спадзяваньні выразна перавышалі рэчаіснасьць. Тым часам рэчаіснасьць такая, што да гэтай пары ў Польшчы не былі знойдзеныя такія радовішчы, якія абгрунтоўвалі б пачатак прамысловай здабычы газу. Таму рашэньне кампаніі „Chevron” зьяўляецца наступствам вынікаў, якія грунтуюцца на пробных сьвідраваньнях.
Гэта вынік шырокай стратэгіі кампаніі, якая скарачае выдаткі, кажа экспэрт Робэрт Тамашэўскі. Паводле яго, хоць гэта вялікая страта, то яна не азначае правал праекту пад назвай „польскі сланцавы газ”.
Аналітык Інстытута „Палітыка Insight” тлумачыць, што „Chevron” быў, можна сказаць, нейкім чынам прымушаны прыняць такое рашэньне з-за сваіх дрэнных фінансавых вынікаў.
Робэрт Тамашэўскі: „Chevron” не адмаўляецца толькі ад Польшчы. Варта нагадаць пра выхад зь Летувы ў 2013 годзе. Магчыма, што кампанія адмовіцца таксама ад Украіны. Прычынай гэткай сытуацыі зьяўляецца пагаршэньне фінансавых вынікаў кампаніі, а асноўная прычына - падзеньне цэнаў на нафту. Проста пры гэткіх цэнах амэрыканскаму канцэрну не аплочваецца тут заставацца.
Паводле апублікаваных надоечы дадзеных, прыбытак амэрыканскага гіганта ў чацьвёртым квартале мінулага году ўпаў амаль на 30% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2013 году. „Chevron” паведаміў таксама пра значнае спазьненьне ў будаўніцтве тэрмінала звадкаванага газу ў Канадзе.
Дадаткова на Старым кантынэнце сытуацыю ўскладнялі таксама складаныя геалягічныя ўмовы працы й крытычнае стаўленьне з боку мясцовага насельніцтва, якое было выклікана экалягічнымі аспэктамі.
Тым часам сярод заходніх канцэрнаў гэта менавіта амэрыканскі „Chevron” у найбольшай ступені заангажаваўся ў пошук і здабычу сланцавага газу ва Ўсходняй Эўропе. Апрача дамоваў па пробных сьвідраваньнях у Польшчы й Румыніі, амэрыканцы заключылі таксама дамовы з Украінай і Летувой.
Цяпер вырашаюцца лёсы дзейнасьці амэрыканскай кампаніі ў Румыніі і Ўкраіне. Раней фірма адмовілася ад пошукаў газу ў Летуве.
Амэрыканскі „Chevron”, які набыў у Польшчы канцэсіі на эксплюатацыю чатырох радовішчаў (Красьнік, Зьвежынец, Фрамполь і Грабовец), зьяўляецца чарговай кампаніяй, якая пакідае Польшчу. Нагадаем, раней ад пошуку газу ў Польшчы адмовіліся „Exxon Mobil”, „Total” і „Marathon oil”.
Тым ня менш аналітык Робэрт Тамашэўскі перакананы, што дабыча сланцавага газу ў Польшчы мае пэрспэктывы.
Робэрт Тамашэўскі: Выхад замежных канцэрнаў не азначае, што Польшча таксама павінна забыць пра пошук і дабычу сланцавага газу. Мы павінны паставіцца да гэтага як да праекту, вынікаў якога нельга спадзявацца ў бліжэйшы час, але цягам як мінімум бліжэйшай дэкады. Столькі часу спатрэбіцца, каб пачаць здабываць сланцавы газ у Польшчы ў прамысловых аб'ёмах.
У Польшчы кампанія „Chevron” супрацоўнічала з польскай кампаніяй PGNiG. Пакуль невядома, як рашэньне амэрыканцаў паўплывае на пляны польскай кампаніі.
Паводле незалежнага экспэртa па энэргетыцы Томаша Хмаля, гэткага рашэньня амэрыканцаў можна было спадзявацца. Буйнуя кампаніі пакідаюць Польшчу, але пошукам надалей займаюцца невялікія фірмы, кажа Хмаль.
Томаш Хмаль: Традыцыйна буйныя канцэрны пачынаюць распрацоўку найбольш пэрспэктыўных радовішчаў. Сланцавыя радовішчы ў Польшчы аказаліся даволі складанымі. Больш часу трэба прысьвяціць на іх пошук і ацэнку, і гэтым звычайна займаюцца меншыя фірмы. Менавіта такія фірмы вынайшлі тэхналёгію й сталі першымі здабываць сланцавы газ у ЗША. Буйныя канцэрны пачалі гэтым займацца пазьней.
Пакуль Міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя ня хоча камэнтараваць рашэньня амэрыканцаў. Хутчэй за ўсё ў ведамства яшчэ не паступілі афіцыйныя заявы па гэтай справе. Але ягоныя прадстаўнікі падкрэсьліваюць, што іншыя замежныя канцэрны працягваюць пошук, а на рынку зьяўляюцца новыя фірмы, напрыклад, швэдзкая „Stena”.
Польскія ўлады таксама нагадаюць пра тое, што з пачатку 2015 году пачалі дзейнічаць зьмены ў закон аб геалёгіій і горназдабыўной прамысловасьці, які робіць пошук сланцаў у краіне больш простым.
Нагадаем, на пачатку бягучага году на тэрыторыі Польшчы дзейнічалі 53 канцэсіі, уласьнікамі якіх было 15 кампаніяў.
аз