2014 быў для палякаў годам важных гадавін, выбарчых кампаній і многіх іншых падзеяў, якія застануцца ў памяці на доўгі час. Палякі адсьвяткавалі 25-годзьдзе першых свабодных выбараў, адправілі свайго прэм’ер-міністра на высокую пасаду ў Брусэль, але таксама ўпершыню за некалькі дзясяткаў гадоў пачалі апасацца за бясьпеку сваёй краіны ў сувязі з вайной на Данбасе.
Польскія палітыкі адзінагалосна заяўляюць, што гэта быў складаны час. Для некаторых мінаючы год быў пэрыядам палітычных скандалаў, канфліктаў і страчаных шанцаў. Іншыя на першы плян ставяць адсутнасьць жаданьня ісьці на кампраміс ды ўзброены канфлікт у суседзяў Польшчы - ва Ўкраіне.
На думку Івоны Сьледзіньскай-Катарасіньскай з Грамадзянскай прлятформы, гэта быў год разыходжаньняў мараў і рэальнасьці.
І. Сьледзіньска-Катарасіньска: Гэта быў вельмі добры год у замежнай палітыцы Польшчы, таксама шмат было добрых падзей ва ўнутранай палітыцы. Але яшчэ больш было мараў і памкненьняў, якіх не ўдалося да канца ажыцьцявіць. І гэтае пытаньне выклікае ў некаторых людзей незадавальненьне. А нашая апазыцыя вельмі любіць зьбіраць пад сваімі сьцягамі ўсіх незадаволеных. І нават калі яны самі ня ведаюць, як ім дрэнна, то апазыцыя патлумачыць, што ім вельмі дрэнна.
Меркаваньнем Яцэка Сасіна з апазыцыйнай партыі Права і справядлівасьць, апошні год не адрозьніваўся ад папярэдніх – у ім было шмат скандалаў, а самы вялікі быў зьвязаны з муніцыпальнымі выбарамі. Прадстаўнікі апазыцыі мяркуюць, што выбары прайшлі са шматлікімі парушэньнямі.
Я. Сасін: Гэта было нешта, чаго не здарылася ні разу за 25 гадоў свабоднай Польшчы, прынамсі ў такім маштабе. І таму гэта быў нядобры год для польскай палітыкі й польскай дэмакратыі.
Але ўсе няснаскі польскай палітычнай сцэны прыцьміла сытуацыя ва Ўкраіне. 2014 год запомніцца перш за ўсё трагедыяй Украіны – адзначае дарадца прэзыдэнта Польшчы Томаш Налэнч.
Т. Налэнч: Няма сэнсу глядзець на гэты год праз прызму дрэнна выхаваных дэпутатаў, іх абедаў у рэстаранах, іх выдаткаў на падарожжы. Неабходна памятаць пра тое, якія драматычныя падзеі разыграліся ў нашых суседзяў. Гэта сусьветна важнае здарэньне – расейскае нападзеньне на Ўкраіну. Раптам аказалася, што ў нашай стабільнай Эўропе можна напасьці на суседа, адабраць у яго кавалак тэрыторыі, і яшчэ казаць, што нічога страшнага ня здарылася, і што я надалей так буду паступаць.
Выбар Дональда Туска на пасаду старшыні Эўрапейскай рады носіць сымбалічнае значэньне, паколькі гэта адбылоася ў 10 гадавіну ўваходу Польшчы ў Эўразьвяз. Гэтая падзея пацьвердзіла, што Польшча ўжо стала паўнапраўным сябрам супольнасьці, а палітыка Туска была эфэктыўнай. Ён заўсёды стараецца быць пасьлядоўным, шукае кампрамісу, пазьбягае права вэта. Такія людзі патрэбныя Эўропе.
Гэта быў вельмі добры год для польскай культуры. Паводле словаў міністра культуры й нацыянальнай спадчыны Малгажаты Амільяноўскай, мінаючы год быў выключны, паколькі практычна ў кожнай галіне здарылася нешта цікавае і важнае, і былі нават рэвалюцыйныя падзеі.
М. Амільяноўска: Гаворка ідзе пра ўсе галіны культурнага жыцьця – музэі, выставы, музыка, тэатар, кіно. Практычна ва ўсіх галінах мастацтва здарылася нешта важнае. Выйшлі з друку выдатныя кнігі, якія напэўна стануць вельмі папулярнымі ў будучым годзе, былі зьнятыя цудоўныя кінастужкі. Я нагадаю, што два польскія фільмы – “Горад’44” і “Богі” ўжо сабралі больш за два мільёны гледачоў у польскіх кінатэатрах. Іншы польскі фільм “Іда” атрымаў шмат узнагародаў. Былі важныя інвэстыцыі, паявіліся новыя культурныя аб’екты. Удалося адрамантаваць дзясяткі бібліятэк, канцэртных заляў, таксама дзясяткі, калі ня сотні, помнікаў культурнай спадчыны.
На думку Малгажаты Аміляноўскай, новыя культурныя аб’екты зьмянілі якасны й колькасны падыход да культуры па ўсёй Польшчы. Яна ўзышла на вышэйшы ўзровень і стала больш даступнай для жыхароў.
У польскім спорце таксама было нямала посьпехаў. На Алімпіядзе ў Сочы палякі заваявалі 6 мэдалёў – у тым ліку чатыры залатыя, па адным сярэбраным і бронзавым. Магчыма, гэты вынік можа здавацца даволі сьціплым, але ён быў самым пасьпяховым ва ўсёй гісторыі выступаў польскіх спартоўцаў на зімовых Алімпійскіх гульнях. Упершыню польскі спартовец атрымаў два залатыя мэдалі на адной зімовай Алімпіядзе.
нг