Чорныя дні расейскага рубля
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
17.12.2014 16:45
“Сытуацыя крытычная. Яшчэ год таму ў кашмарных снах мы не маглі сабе ўявіць таго, што цяпер адбываецца”.
Пасьля чорнага панядзелку расейская эканоміка перажыла ўчора чорны аўторак. Цягам дня курсы даляра і біржавыя каціроўкі перакрочвалі ўсе псыхалягічныя межы – піша Dziennik – Gazeta Prawna.
Улады спрабавалі ратаваць сытуацыю. Банк Расеі пасьля драматычнага падзеньня курсу рубля радыкальна павысіў працэнтныя стаўкі, але гэта не паўстрымала тэндэнцыі.
“Сытуацыя крытычная. Яшчэ год таму ў кашмарных снах мы не маглі сабе ўявіць таго, што цяпер адбываецца”, - заявіў віцэ-старшыня Банку Расеі Сяргей Швецоў. А грамадзтва пацявярджае гэтыя словы сваімі дзеяньнямі. Рост курсаў у абменьніках нагадвае расейцам “ліхія 90-ыя”, калі наступіла драматычнае падзеньне ўзроўню жыцьця і зьвязаны з ім рост злачыннасьці.
“Галадаць не галадаем, але мала хто выдаткоўвае грошы на вопратку або акцэсуары. Тыя, у каго ёсьць грошы, купляюць дарагія машыны, біжутэрыю ці гадзіньнікі. Важна, каб пазбыцца ад расейскіх рублёў”, - гаворыць масквічка Дарыя, у якой нядрэнныя даходы, але ў пераліку на эўра яе зарплата ўпала на палову. Бяднейшыя купляюць бытавую тэхніку і цьвёрдую валюту.
Частка фірмаў, асабліва з мебельнай, аўтамабільнай ды будаўнічай галіны, пачалі заключаць дамовы толькі ў “умоўных адзінках”, а не ў рублях. Дагэтуль так працавалі толькі турбюро. Кліенты абяцаюць, што заплацяць у рублях, але па курсе дня тады, калі атрымаюць заказаны тавар. Дзе-нідзе на правінцыі вяртаецца бартэрны абмен, добра вядомы ў кашмарных 90-ых.
Тымчасам вядомы эканаміст Уладзіслаў Іназемцаў гаворыць пра канец эры дарагой нафты і заклікае да разважаньняў, як Расея выкарыстала тыя часы, калі нафта была дарагая. Паводле ягоных падлікаў, расейцы зарабілі на буме каля 2,1 трыльёнаў даляраў. Саўдаўская Арабія зарабіла каля 2,8 трыльёна. Але збудавала за гэтыя грошы 40 тыс. кілямэтраў дарог і мадэрнізавала сэктар нафтаздабычы. А ў Расеі вялікія прыбыткі давялі да дэмаралізацыі элітаў.
Dziennik – Gazeta Prawna/нг