Logo Polskiego Radia
Print

Паўднёвы газавы калідор

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 06.10.2014 15:30
  • Паўднёвы газавы калідор.mp3
Эўропа інтэнсыўна шукае магчымасьцяў паслабіць энэргетычную залежнасьць ад Расеі ў газавых пытаньнях.

Сур’ёзныя баталіі разгортваюцца ня толькі ва Ўкраіне, але й на газавых франтах Расеі.

Эўропа інтэнсыўна шукае магчымасьцяў паслабіць энэргетычную залежнасьць ад Расеі ў газавых пытаньнях. Такой альтэрнатывай можа стаць Азэрбайджан. Такое меркаваньне выказаў нашай рэдакцыі палітоляг Павал Усаў.

Павал Усаў: ЭЗ загадаў прыпыніць будаўніцтва Паўднёвага патоку, які павінен быў пастаўляць газ у паўднёвую частку Эўропы. Чакалася, что блякаваньне газавых праектаў Расеі будзе кампэнсавана пастаўкамі зь Ірану, але пакуль Тэгеран ня вызначыўся са сваёй пазыцыяй. Таму газавую нішу даволі хутка імкнецца заняць Азэрбайджан. Гэтая рэспубліка ўжо ўдзельнічае ў энэргапастаўках у Турцыю і Эўропу. З 2006 году быў запушчаны нафтаправод Баку-Тбілісі-Джэйхан, за гэтыя гады на сусветныя рынкі было дастаўлена 229 мільёнаў барэляў нафты. У 2008 годзе да праекту далучыўся й Казахстан, што сталася даволі непрыемнай праблемай для Расеі, якая жадала мець манаполію на пастаўку казахскай нафты.

Разам з гэтым Баку пачаў актыўную здабычу газу.

Павал Усаў: У 1999 годзе недалёка ад узьбярэжжа Азэрбайджана было адктрыта шэльфавае газавае радовішча з запасамі на 1,5 трыльёна кубамэтраў, якое атрымала назву Шах-Дэніз. З 2006 году пачаліся пастаўкі газу ў Турцыю й Грузію па газаправодзе Баку-Тбілісі-Эрзурум. Эўропа зьвярнула ўвагу на дадзены праект яшчэ ў 2011 годзе, калі былі падпісаныя першыя дамоўленасьці пра стварэньне “Паўднёвага газавага калідора”, што прадугледжвала пашэрэньне магчымасьцяў існуючага газаправоду й забясьпячэньне паставак блакітнага паліва ў Эўропу. 20 верасьня 2014 году адбылася ўрачыстасьць па закладцы “Паўднёвага газавага калідора”. Кошт праекту складае каля 45 мільярдаў даляраў.

Плануецца, што ў красавіку 2015 году пачнецца будаўніцтва Трансанаталійскага газаправоду, які спалучыць Турцыю, Балгарыю, Грэцыю й Альбанію.

Павал Усаў: Трансадрыятычная галіна гэтага калідора далучыць да яго Італію. Згодна з дамоўленасьцямі, пастаўкі газу з радовішча Шах-Дэніз у Эўропу па “Паўднёвым газавым калідоры” пачнуцца ўжо ў 2017 годзе. Аб’ём паставак газу ў Эўропу будзе складаць каля 17 мільярдаў кубамэтраў у год з магчымым павелічэньнем да 20 мільярдаў. Канешне, гэты праект ня зможа цалкам замяніць расейскія пастаўкі, якія ў 2013 годзе складалі калія 161 мільярда кубамэтраў. Але, тым ня менш, гэта першы крок, які павінен аслабіць газавую манаполію Расеі з улікам таго, што да праекту могуць далучыцца Казахстан і Туркмэністан.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт