Logo Polskiego Radia
Print

Праграмная прамова (экспазэ) Эвы Копач

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 01.10.2014 14:57
Бясьпека дзяржавы, сацыяльны давер, мэдычная апека, дэмаграфія ды іншыя справы.
PAP/Radek Pietruszka

Каля 40 хвілін працягвалася экспазэ прэм’ер-міністра Польшчы Эвы Копач. Гэта менш, чым плянавалася. У сэйме было адведзена дзьве гадзіны на праграмны выступ новага кіраўніка кабінэта міністраў краіны. Але за гэты час Копач пасьпела закрануць амаль усе сфэры дзейнасьці дзяржавы. Самае важнае, на думку прэм’ера, гэта бясьпека жыхароў Польшчы, а таксама аднаўленьне даверу грамадзян да палітыкаў і да дзяржаўнай дзейнасьці.

Гаворачы пра бясьпеку, нельга было не згадаць пра павышэньне абароназдольнасьці польскай арміі ды пра тое, што адбываецца за ўсходняй мяжой дзяржавы, ва Ўкраіне. “Мой урад гарантуе Польшчы і палякам бясьпеку. Рэалізуючы гэтую мэту, мы павысім выдаткі на абарону да 2% ВУП”, - абяцала Эва Копач.

Прэм’ер заявіла, што ў адносінах да Ўкраіны Польшча будзе весьці прагматычную палітыку. Яе меркаваньнем, перад абліччам украінскага крызысу вельмі важна, што Польшчы не прыходзіцца самастойна прымаць рашэньні, паколькі за ёй стаіць Эўрапейскі Зьвяз і NATO.

Э. Копач: Наша істотная задача – не дапусьціць да аслабленьня пазыцыі Захаду, часткай якога мы зьяўляемся. Але таксама вельмі важна – не дапусьціць да адзіноты Польшчы на міжнароднай арэне ў выніку вызначэньня нерэальных мэтаў. Таму задачай майго ўраду будзе прагматычная палітыка ў адносінах да таго, што адбываецца ва Ўкраіне.

Тым ня менш, адзначыла прэм’ер, Польшча ня можа згаджацца на захоп тэрыторыі сувэрэннай дзяржавы і дазваляць зьмяняць межы ў Эўропе пры дапамозе сілы. Самае важнае для палякаў – каб ваенныя дзеяньні ва Ўкраіне спыніліся і наступіла трывалае перамір’е.

Кіраўнік новага ўраду намерана змагацца з падзеньнем нараджальнасьці ў краіне. Яна абяцае больш ясьляў і дзіцячых садкоў, таксама падтрымку ў выпадку засноўваньня такіх месцаў апекі на прадпрыемствах, новыя прывілеі для маладых бацькоў. Напрыклад, дэкрэтныя водпускі атрымаюць усе бацькі, у тым ліку тыя, хто раней ня меў такой магчымасьці.

Э. Копач: Мы хацелі б, каб з 2016 году дэкрэтным водпускам маглі карыстацца тыя, хто раней ня меў такой магчымасьці – беспрацоўныя, студэнты, асобы, працаўладкаваныя на кантрактнай аснове, фэрмэры. Дапамога складзе каля адной тысячы злотых.

Экспазэ было падрыхтавана галоўным чынам з думкаю пра тое, як успрымуць выступ жыхары краіны. Так камэнтуе прамову Эвы Копач палітоляг Марцін Парэмба. Ягоным меркаваньнем, прэм’ер-міністру не ўдасца ажыцьцявіць за кароткі час аднаго году, які застаўся да выбараў, усе абяцаньні.

М. Парэмба: Прамова была важная для іміджу. Эва Копач намерана палепшыць ня толькі свой імідж, але таксама імідж сваёй партыі – Грамадзянскай плятформы і паказаць, што плятформа намерана рэалізаваць цягам году такія пляны, якія не ўдалося ажыцьцявіць цягам сямі гадоў кіраваньня Дональда Туска. Гаворка ідзе перш за ўсё пра падатковае права, якое Копач намерана зьмяніць. Такое права немагчыма падрыхтаваць за некалькі месяцаў, гэта доўгі працэс. Экспазэ было вельмі падрабязнае, шмат канкрэтных прапановаў. Партыі апазыцыі ўжо неўзабаве змогуць папракнуць урад, што не было зроблена.

Экспазэ Эвы Копач хваліць прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі. На ягоную думку, прэм’ер-міністар паказала, што намерана рабіць цягам бліжэйшага году, а таксама паставіла задачы на чарговы тэрмін паўнамоцтваў.

Б. Камароўскі: Добрая прамова. Сілай гэтага экспазэ стала тое, што была прыведзена ўмераная колькасьць вельмі канкрэтных задач на апошні год кіраваньня краінай перад парлямэнцкімі выбарамі. Мне падабаюцца такія прамовы, у якіх можна адрозьніць – якія задачы на цяпер, а якія пляны на далейшае будучае.

Віцэ-старшыня апазыцыйнай партыі Права і справядлівасьць Антоні Мацярэвіч крытыкуе прамову Эвы Копач. Паводле ягоных словаў, яна была настолькі несур’ёзнай, што нейкім чынам абражала ўсіх жыхароў краіны. Несур’ёзнай была як колькасьць абяцаньняў, так і іх якасьць.

А. Мацярэвіч: Хай гэта будзе адна справа, якая будзе вырашана да канца цягам гэтага году, а не тысячы спраў. Некаторыя з абяцаньняў прэм’ера рэальныя, але яна не прадставіла ніякіх фактаў, на падставе якіх можна верыць, што гэты ўрад падрыхтаваны да таго, каб усё выканаць.

Але адзін рэальны вынік экспазэ ўжо ёсьць. Яго некаторыя нават называюць цудам. У сваёй прамове Эва Копач заклікала старшыню ПіС перастаць ненавідзець Дональда Туска, які зьяжджае з краіны. Пасьля прамовы Яраслаў Качыньскі падыйшоў да Туска, падаў яму руку і пажадаў посьпехаў на новай працы ў Брусэлі.

Нагадаем, Туск сыйшоў з пасады прэм’ера Польшчы, паколькі атрымаў пасаду старшыні Эўрапейскай рады.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт