Украіна намерваецца забараніць уезд на сваю тэрыторыю тых расейскіх артыстаў, якія падтрымлівалі агрэсію Расеі ў Крыме.
„Мы рыхтуем сьпіс каля 500 расейскіх дзеячаў, якія падтрымалі анэксію Крыма й падзел Украіны”, - напісаў на Твітэры Антон Герашчанка, дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны.
Нягледзячы на вайну, культурныя сувязі паміж дзьвюмя краінамі застаюцца вельмі моцнымі. Увядзеньне такой забароны можна параўнаць да сарваньня ўсіх транспартных злучэньняў паміж Кіевам і Масквой, інфармуе „Rzeczpospolita”.
Пакуль невядома, хто апынецца ва ўкраінскім „чорным сьпісе”. Праўдападобна ў яго будуць унесеныя расейскія артысты й дзеячы культуры, падпісанты ліста ў падтрымку палітыкі Ўладзіміра Пуціна ў дачыненні да Ўкраіны.
Ліст, напісаны яшчэ ў сакавіку, падпісалі самыя выдатныя артысты расейскай культуры, напрыклад, сусьветна вядомы музыка Юрый Башмет, рэжысэры Карэн Шахназараў, Фёдар Бандарчук ці сьпевакі Алег Газманаў ды Мікалай Растаргуеў.
Да гэтага часу ва Ўкраіне ўжо былі выпадкі байкоту падпісантаў гэтага ліста. Яшчэ ў сакавіку ў Кіеве быў адменены канцэрт піяніста Дзяніса Мацуева. У ліпені Ўкраінскі нацыянальны тэатр опэры адмяніў выступы й абвясьціў пэрсонай нон-грата прыма-балярыну Маскоўскага вялікага тэатра Сьвятлану Захараву.
Танцорка нарадзілася ў Луцку на Валыні й вучылася ў Кіеўскім харэаграфічным вучылішчы. Яе падтрымка Пуціна, відаць, была для Кіева асабліва балючай.
Байкот расейскіх артыстаў уводзяць таксама іншыя краіны постсавецкай прасторы, эліты якіх усё яшчэ лічаць Маскву культурнай сталіцай рэгіёну. Грузія не згадзілася на турнэ тэатра Сяргей Бязрукава – аднаго з падпісантаў ліста.
Найбольш рашуча адрэгавала Латвія. Пасьля адмовы ў выступе некалькіх латвійскіх артыстаў і тэатраў выступаць у Маскве, Рыга забараніла выступы трох вядомых расейскіх сьпевакоў. Тым часам з 60-х гадоў у летні час на балтыйскае ўзьбярэжжа Латвіі традыцыйна пераязджала культурнае жыцьцё Масквы.
Аналягічныя праблемы расейскія прадстаўнікі асяродзьдзя культуры сустракаюць таксама ў Летуве.
У сваю чаргу суседняя Эстонія адмовілася запрашаць на сёлетні „Blues Festival” амэрыканскага актора й музыку Стывэна Сігала з-за яго сяброўства з Пуціным.
У Расеі ў сваю чаргу рэзка крытыкуюцца артысты, якія выказаліся на баку Ўкраіны. Адкрыты ліст напісала група са 140 праціўнікаў палітыкі Ўладзіміра Пуціна ва Ўкраіне. Пад ім падпісаўся, між іншым, рэжысэр легендарных савецкіх камэдый Эльдар Разанаў, паведамляе выданьне „Rzeczpospolita”.
аз