Восем гадоў таму польскі нафтаканцэрн „PKN Orlen” купіў летувіскі нафтапераапрацоўчы завод у Мажэйках за 2 млрд. 800 мільёнаў даляраў. Гэта была сама вялікая замежная інвэстыцыя польскай кампаніі й яе велізарны посьпех. На мінулым тыдні канцэрн афіцыйна ацаніў гэты посьпех на… 0 злотых. Летувіскі завод не зарабляе. Для параўнаньня, раней Мажэйкі альбо інакш „Orlen Lietuva”, каштавалі 4,5 мільярда злотых, нагадвае тыднёвік „Polityka”.
„Сёньня бачна, што гэта не была пасьпяховая інвэстыцыя. Цяпер мы павінны зрабіць усё, каб не павялічваць стратаў”, - кажа Славамір Енджэйчак, віцэ-старшыня ўправы „PKN Orlen”.
Што тады зрабіць з заводам „Orlen Lietuva”? Далей укладваць грошы ці прадаць яго?
Аказваецца, што прадаць завод у Мажэйках не так проста. Ужо чатыры гады таму канцэрн спрабаваў гэта зрабіць, але не знайшоўся ніводзін зацікаўлены інвэстар - нават расейцы ды казахі, якія яшчэ нядаўна ня ўтойвалі свайго зацікаўленьня Мажэйкамі.
Эўропа пакутуе ад празьмернай колькасьці нафтапераапрацоўчых заводаў. Толькі цягам апошніх 5 гадоў былі перакрытыя ажно 20 зь іх. І гэта не канец. Даходы гэтых заводаў зьніжаюцца, паколькі падае попыт.
На эўрапейскі рынак са сваімі палівамі ўваходзяць расейскія вытворцы, якія яшчэ нядаўна экспартавалі выключна сыравіну. Апрача таго, амэрыканцы, якія да гэтай пары былі буйнымі імпартэрмі эўрапейскіх паліваў, пасьля «сланцавай рэвалюцыі» самі зьяўляюцца экспартэрамі. У гэткай сытуацыі выжыць на рынку могуць толькі тыя канцэрны, якія маюць самыя малыя кошты вытворчасьці, найлепшую лягістыку й неабмежаваны доступ да рынку, то бок ўсё тое, чаго канцэрну „Orlen Lietuva” не хапае. Мажэйкі маюць толькі 26 заправачных станцыяў. У выніку завод амаль усю сваю прадукцыю экспартуе пры дапамозе чыгункі й танкераў, галоўным чынам, у ЗША й Заходнюю Эўропу. Гэта маларэнтабельна й вымагае лепшай лягістыкі, а яна ў Мажэйках – трагічная.
Праблемы пачаліся з момантам пераняцьця заводу ў Мажэйках. Спачатку па асабістым даручэньні Ігара Сечына - тагачаснага намесьніка прэм’ера Расеі – „сапсавалася” частка нафтаправоду „Дружба”, якая пастаўляла расейскую нафту ў Летуву. Наступныя праблемы пачаліся, калі канцэрн адмовіўся ад транспартных паслугаў Летувіскай чыгункі на карысьць больш таннага латыскага перавозчыка. У 2008 годзе чыгуначнага лінія, якая вяла да мяжы з Латвіяй нечакана „зьнікла”. Да гэтай пары, нягледзячы на шматлікія перамовы, лініі не ўдалося вярнуць.
„Orlen Lietuva” - гэта найбуйнейшае летувіскае прадпрыемства, найбольшы падаткаплатнік. Суполка адказвае за 3,5% летувіскага ВУП. Таму пасьля намёкаў палякаў аб магчымым продажу завода, у перамовы з чыгуначнікамі заангажаваўся прэм’ер Буткявічус. Здаецца, што пасьпяхова, паколькі яны згадзіліся зьменшыць стаўкі на транспарт паліва з Мажэйкаў.
Тым часам ад 2007 году „Orlen lietuva” толькі раз – у 2012 годзе - прынесла даход. Каб мінімалізаваць страту завод абмежаваў пераапрацоўку да 60% вытворчых магчымасьцяў.
Кошты далейшага ўтрыманьня заводу ў Мажэйках могуць скласьці ажно 200 мільёнаў злотых у год. А закрыцьцё заводу можа быць для летувіскіх уладаў сур’ёзнай эканамічнай праблемай, лічыць тыднёвік „Polityka”.
аз