Logo Polskiego Radia
Print

Гарачы тыдзень у польскай палітыцы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 23.06.2014 15:35
Апублікаваныя чарговыя запісы гутарак палітыкаў, у тым ліку міністра замежных справаў.
Flickr

У Польшчы пачаўся гарачы тыдзень. Не ў надвор’і, якое хутчэй веснавое, чым летняе, а ў палітыцы. Тыднёвік Wprost надрукаваў чарговыя запісы гутарак палітыкаў з ураду прэм’ер-міністра Дональда Туска. Адным з галоўных герояў гэтых запісаў зьяўляецца міністар замежных спраў Радаслаў Сікорскі (на здымку). Кіраўнік польскай дыпляматыі ў размове з міністрам фінансаў Яцэкам Растоўскім быццам бы заявіў, што “польска-амэрыканскі саюз нічога ня варты. Ён нават шкодны, паколькі дае Польшчы памылковае пачуцьцё бясьпекі”.

Міністра Сікорскага называлі ў якасьці аднаго з важных кандыдатаў на пасаду кіраўніка дыпляматыі Эўрапейскага Зьвязу. Ці публікацыя запісаў яго гутарак – гэта канец міжнароднай кар’еры Сікорскага? Прынамсі пакуль што ён не атрымае гэтай пасады, - мяркуе адмысловец па іміджу Норбэрт Малішэўскі.

Н. Малішэўскі: Парушэньне нормаў палітычнай карэктнасьці вельмі дрэнна ўспрымаецца ў высокіх эшэлёнах улады Эўрапейскага Зьвязу. А ў яго сапраўды былі вялікія шанцы стаць чалавекам, адказным за палітыку Эўрапейскага Зьвязу. Аднак ад такіх людзей патрабуюць вельмі высокіх маральных якасьцяў. І таму міністар Сікорскі свае шанцы страціў.

Ня ўсе з ім згодныя. Некаторыя палітолягі мяркуюць, што Сікорскаму яшчэ ўдасца з гэтага канфуза выйсьці. Паколькі менавіта так выглядаюць закулісныя гутаркі палітыкаў, і ўсе пра гэта ведаюць, - адзначае палітоляг Эва Петшык-Зяневіч.

Э. Петшык-Зяневіч: Гэта найлепш паказалі амэрыканцы, паколькі іх таксама падслухалі, запісалі гутаркі высокапастаўленых палітыкаў. Аказываецца, што мова гэтых выказваньняў таксама не была далікатнай. Гэта кухня, пральня і крыху спальні. Гэтак выглядаюць закулісныя размовы. Зразумела, такія гутаркі могуць нам не падабацца, але, на жаль, гэта норма.

На думку палітыка кіруючай Грамадзянскай плятформы, гэта раней заплянаваная акцыя. Меркаваньнем Адама Шэйнфэльда, цяпер самае галоўнае – выясьніць, хто за гэтымі стужкамі стаіць.

А. Шэйнфэльд: Мы выдаем прысуды яшчэ да таго, калі ўдасца высьветліць усю справу. Я бы пачакаў, каб адпаведныя ворганы нашай дзяржавы правялі сьведзтва, выясьнілі, хто і з якой мэтаю падрыхтаваў гэты плян, зрабіў запісы. І толькі тады можна будзе прымаць адпаведныя рашэньні. Па-першае, рашэньні пра крымінальную адказнасьць, а па-другое, рашэньні палітычныя. Няма сэнсу цяпер праводзіць датэрміновыя выбары. Яны нічога ня зьменяць. Магчыма, такая была мэта таго, хто рабіў гэтыя запісы. І ці варта цяпер ажыцьцяўляць ягоны сцэнар?

Зусім інакш ацэньваюць сытуацыю палітыкі апазыцыі. Яны мяркуюць, што выказваньні міністра замежных справаў зьяўляюцца шкоднымі. На думку палітыка Права і справядлівасьці Рышарда Чарнэцкага, Сікорскі нанёс агромную шкоду польскай замежнай палітыцы.

Р. Чарнэцкі: Ён паказаў, што польскаму ўраду нельга давяраць, паколькі ён карыстаецца палітыкай двайных стандартаў – адно гучыць афіцыйна, а зусім іншае падчас закулісных размоваў. А цяпер, калі за нашай усходняй мяжой ідуць такія страшныя падзеі, тое, што адбываецца ва Ўкраіне, ягоныя выказваньні проста жахлівыя. Ці амэрыканцы захочуць супрацоўнічаць з краінай, дзе міністар МЗС гэтак абразьліва пра іх выказваецца і мяркуе, што ня варта з Амэрыкай зьвязвацца?

Меркаваньнем спэцыяліста па іміджу Норбэрта Малішэўскага, гэтыя запісы яшчэ больш пагаршаюць рэпутацыю Грамадзянскай плятформы.

Н. Малішэўскі: Плятформа займае апошняе месца, калі гаворка ідзе пра тое, як палітыкаў бачаць палякі – іх сумленнасьць, даверу да іх, дбайнасьць пра інтарэсы жыхароў краіны. А гэтыя запісы такія дрэнныя ацэнкі могуць толькі пагоршыць.

Права і справядлівасьць заклікае ўрад падаць у адстаўку, каб замест яго сфармаваць тэхнічны ўрад. ПіС запрасіў прадстаўнікоў усіх палітычных сілаў Польшчы на кансультацыі па пытаньні канструктыўнага вотуму недаверу партыі Грамадзянская плятформа.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт