З 1 траўня польскія жаўнеры пачынаюць выконваць паветраную місію над краінамі Балтыі. „Baltic Air Policing” праходзіць у рамках Паўночнаатлянтычнага альянсу. Яе мэта - ахова паветранай прасторы балтыйскіх краінаў.
У 22. тактычнай авіябазе ў Мальбарку прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі ўдзельнічаў ва ўрачыстым разьвітаньні з польскімі жаўнерамі, якія будуць удзельнічаць у місіі NATO.
Кіраўнік польскай дзяржавы падкрэсьліў, што місія „Baltic Air Policing” - гэта не сымбалічны жэст, а рэальная праца на карысьць сучасных выклікаў бясьпекі ў рамках Паўночна-атлянтычнага альянсу.
Браніслаў Камароўскі: Сёньня мы робім ня толькі сымбалічныя жэсты, але, перш за ўсё, пачынаем адказную й складаную працу. Гаворка ідзе пра тое, каб Паўночнаатлянтычны пакт мог заўсёды знайсьці адэкватны адказ на пагрозы, якія ўзьнікаюць паблізу нашых межаў.
- сказаў прэзыдэнт Польшчы.
Ахова паветранай прасторы над краінамі Балтыі - гэта ратацыйная місія NATO, якая ў аспэкце таго, што адбываецца зараз ва Ўкраіне атрымлівае новае значэньне, лічыць Яцэк Дуркалец з Польскага інстытуту міжнародных спраў.
Яцэк Дуркалец: Місія „Baltic Air Policing” працягваецца ўжо 10 гадоў, але ў пэрспэктыве таго, што адбываецца ва Ўкраіне, мае асаблівае значэньне. Варта падкрэсьліць, што ў нейкай ступені гэта ўнікальная місія. Цяпер пачалася 35 зьмена місіі, але ўпершыню ў ёй разам бяруць удзел тры краіны. Традыцыйна ў апэрацыі удзельнічалі толькі чатыры самалёты краіны, якая ў канкрэтным пэрыядзе брала на сябе адказнасьць за місію. Зараз у місіі удзельнічае 12 самалётаў. Гэта адказ NATO на тое, што адбываецца ва Ўкраіне. Амэрыканцы, ад якіх палякі перанялі місію, таксама накіравалі да удзелу ў паветраных патрулях не чатыры, а 10 самалётаў. Можна сказаць, што гэта працяг нейкай тэндэнцыі.
Нельга забываць пра тое, што прысутнасьць войскаў NATO ў паветранай прасторы памежных краінаў ЭЗ - гэта ня толькі інструмэнт павышэньня бясьпекі, але таксама палітычны сыгнал, нагадвае Яцэк Дуркалец.
Яцэк Дуркалец: Гэта, безумоўна, важны палітычны сыгнал. Часта, калі мы бываем у гасьцях у краінах Балтыі й размаўляем зь мясцовымі экспэртамі, то яны паказваюць на неба й гавораць: Вось паляцеў самалёт NATO. Такім чынам яны сьведчаць, што гэта для іх вельмі важна. У апошнія месяцы ў сувязі з крызысам ва Ўкраіне таксама актывізаваліся расейскія ВПС. Напрыклад, калі гаворка ідзе пра паветраную прастору Балгарыі, то цягам апошніх месяцаў колькасьць інтэрвэнцыяў была большая, чым агулам за апошнія 20 гадоў. Дзеяньні Расеі таксама паказваюць на неабходнасьць узмацненьня аховы паветранай прасторы краін пакту.
Удзел польскага кантынгенту ў дзеяньнях NATO, у тым ліку ў місіі „Baltic Air Policing”, гэта для польскага боку абавязак, але й шматлікія карысьці. Перш за ўсё, гэта баявы досьвед, нагадвае экспэрт.
Яцэк Дуркалец: Здаецца, што гэта вельмі важна, таму што трэба накіраваць самалёты ў зусім новае месца, новую базу, дзе яны павінны адаптавацца да канкрэтных умоваў. Гэта таксама досьвед супрацы, напрыклад, з тэхнічным пэрсаналам іншай краіны. Дадатковая карысьць - гэта факт, што цяпершаняя зьмена праходзіць з удзелам дзьвюх іншых краінаў, а гэта дасканалая нагода для вучэньняў каардынцыі супольных дзеяньняў. Гэта самае важнае.
Хоць Эстонія, Латвія й Летува ня маюць сваёй ударнай авіяцыі, тым ня менш, яны прапануюць свой вайсковы патэнцыял у рамках іншых місіяў Паўночнаатлянтычнага пакту.
Яцэк Дуркалец: Купля самалётаў проста задушыла б абаронны бюджэт гэтых краін. Краіны Балтыкі - гэта адносна невялікія дзяржавы. Іхныя штогадовыя выдаткі на армію складаюць каля мільярда даляраў. Гэта сапраўды невялікая сума. Тым часам шматмэтавы самалёт - гэта буйны выдатак, на які яны ня могуць сабе дазволіць. Калі яны далучаліся да альянсу, то дамовіліся, што NATO возьме на сябе абарону іхнай паветранай прасторы. Узамен краіны Балтыі інвэстуюць у іншыя здольнасьці. Напрыклад, яны ангажаваліся ў місію ў Афганістане й гэта быў для іх даволі сур’ёзны ўклад.
- кажа Яцэк Дуркалец з Польскага інстытуту міжнародных спраў.
Нагадваем, сваё заданьне Польскі ваенны кантынгент „Орлік 5” будзе выконваць з 1 траўня па 31 жніўня ў летувіскім аэрапорце Шаўлі. У Летуву накіруюцца чатыры самалёты МіГ-29 з 22. Тактычнай авіябазы ў Мальбарку.
Палякі прымуць удзел у апэрацыі ўжо пяты раз. Польскі вайсковы кантынгент будзе налічваць да 100 жаўнераў і ваенных супрацоўнікаў.
аз