Logo Polskiego Radia
Print

Сустрэча Лаўрова й Кэры не прынесла прарыву

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 31.03.2014 17:53
  • USA_ROSJA.mp3
Сустрэча, якая прайшла ў Парыжы, стала добрым сыгналам таго, што абодва бакі імкнуцца знайсьці шляхі мірнага ўрэгуляваньня крызысу.
Sebastian Zwez/www.securityconference.de/CC 3.0


Сустрэча дзяржсакратара ЗША Джона Кэры і кіраўніка расейскага МЗС Сяргея Лаўрова, прысьвечаная ўкраінскаму пытаньню, якая прайшла ў Парыжы, стала вынікам дамоўленасьці прэзыдэнтаў РФ і ЗША, якія па тэлефоне ўзгоднілі, што краіны будуць імкнуцца сумесна выпрацаваць канкрэтныя рашэньні па пошуку шляхоў стабілізацыі сытуацыі ва Ўкраіне. 4-гадзінныя перамовы старшыняў дыпламатыі ЗША і Расеі толькі пацьвердзілі ўсім вядомы факт, што спрэчныx момантаў існуе вельмі шмат. На гэта зьвярнуў увагу старшыня партыі Саюз левых дэмакратычных сілаў Польшчы Лешэк Мілер.

Л. Мілер: Мы пачулі камюніке, што розьніцы ў падыходах да канфлікту ва Ўкраіне надалей застаюцца, аднак бакі згодныя ў тым, што неабходна далей весьці перамовы. Гэта ілюструе нам, наколькі вялікія разыходжаньні ў ацэнцы паміж Злучанымі Штатамі Амэрыкі і Расеяй.

Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры паведаміў на прэс-канфэрэнцыі пасьля сустрэчы з кіраўніком расейскага МЗС Сяргеем Лаўровым, што абмяркоўваў магчымасьць фэдэралізацыі Ўкраіны. Пры гэтым Кэры адзначыў, што якія-небудзь рашэньні на гэты конт павінна прымаць сама Ўкраіна.

Дж. Кэры: Не ад нас залежыць прыняцьцё рашэньняў датычна фэдэралізацыі. Мы аб гэты размаўлялі, але рашэньне за ўкраінцамі.

Амэрыканскі дыплямат чарговы раз заклікаў Расею адвесьці войскі ад украінскай мяжы.

Далейшае разьвіцьцё падзей у расейска-ўкраінскіх ўзаемадачыненьнях будзе залежыць ад таго, як сябе будзе паводзіць Крэмль, адзначае белaрускі палітоляг Андрэй Фёдараў.

А.Фёдараў: Усё залежыць ад таго, што зробіць Масква, як будзе сябе паводзіць Пуцін. Бо ён, на мой погляд, цытуючы Ангелу Мэркэль, паводзіць сябе неадэкватна.

Між тым, як стала вядома, Злучаныя Штаты Амэрыкі выдзяляць Малдавіі $10 млн. на ўмацаваньне мяжы з Украінай. Аб гэтым паведаміла прадстаўніца амэрыканскай дыпляматыі Вікторыя Нулянд.

Усходняя частка Малдовы – расейскамоўнае Прыднястроўе – абвясьціла незалежнасьць больш за 20 гадоў таму, але апроч Масквы ніводная сталіца не прызнала гэтай краіны.

Вікторыя Нулянд заявіла, што сытуацыя ў Прыднястроўі „выклікае заклапочанасьць” і туды неабходна адправіць назіральнікаў АБСЭ. Улады рэгіёну надоечы зьвярнуліся ў Крэмль з просьбаю, каб прыняць законапраект, які дазволіў бы Прыднястроўю далучыцца да Расеі па аналягічнай схеме дзеяньняў, па якой Расея правяла анэксію Крымскай паўвыспы.

Масква абвінавачвае Малдову і Ўкраіну ў тым, што яны блякуюць Прыднястроўе. Між тым, улады ў Кішынёве асьцерагаюцца, што Малдова можа стаць наступнай мэтай расейскай экспансіі.

эб


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт