Францыя выкрадала дзяцей з выспы Рэюньён
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
18.02.2014 15:25
У францускім парляманце пачаліся дэбаты аб прымусовым перасяленьні дзяцей з выспы ў Індыйскім акіяне ў Францыю ў 60-80 гады мінулага стагодзьдзя.
Рабілася гэта з той мэтай, каб палепшыць дэмаграфічныя паказчыкі на францускіх вёсках.
Працэс працягваўся амаль дваццаць гадоў. Агулам з Рэюньёну французы выкралі 1600 дзяцей. Некаторым бацькам тлумачылі, што дзеці атрымаюць добры дом ды адукацыю, а на канікулы будуць прыяжджаць на радзіму. Але гэта была хлусьня. Іншых дзяцей проста забіралі сілай.
Францускі парлямэнт разглядае заяву аб фармальным пацьвярджэньні факту, што француская дзяржава прымусова перасяляла дзяцей з заморскай тэрыторыі. У заяве няма гаворкі пра кампэнсацыі. Яна носіць сымбалічны характар і асуджае прымусовую міграцыю дзяцей.
Рашучая частка гэтых дзяцей апынулася ў цэнтральнай Францыі на вёсках. Яны працавалі ў гаспадарках, былі служанкамі ў багатых сем’ях. Цяпер некаторыя зь іх жывуць нармальна, але многія трапілі ў псыхушку.
GW адзначае, што Францыя гэта не адзіная краіна, якая ажыцьцяўляла падобныя перасяленьні. Аўстралійскі ўрад у 2008 годзе выбачаўся ў абарыгенаў за прымусовую асыміляцыю 100 тысячы абарыгенскіх дзяцей. У сваю чаргу Вялікабрытанія вывезла 100 тысяч брытанскіх сірот у Аўстралію, Новую Зэляндыю, Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку і ў Канаду.
яс/Gazeta Wyborcza