Дзяржава ў Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы практычна спыніла дзейнасьць. Грамадзяне гінуць у рэлігійных пагромах. У небясьпецы апынуліся таксама польскія місіянэры, - паведамляе выданьне „Gazeta Wyborcza”.
Цягам апошніх дзён загінулі як мінімум 75 чалавек. Большасьць зь іх гэта хрысьціяне, якія сталі ахвярамі мусульманскіх баевікоў. Яны былі забітыя ў горадзе Бода, распаложаным у 100 км ад сталіцы краіны Бангі. Пагромы й сутыкненьні паміж хрысьціянамі, якія складаюць палову насельніцтва, і мусульманамі, якіх каля 15%, працягваюцца са снежня мінулага году.
Сьведкі расказалі журналістам пра страшэнныя злачынствы, якія зьдзяйсьняюць абодва бакі канфлікту - як мусульманскія баевікі, так і хрысьціянскія ўзброеныя групы. Злачынцы не шкадуюць нават дзяцей. Яны гвалцяць, рабуюць і спальваюць вёску за вёскай.
Хаос у краіне пачаўся ў сакавіку мінулага году, калі ў выніку дзяржаўнага перавароту ўладу пераняў Мішэль Джатодзія – лідар мусульманскіх паўстанцаў. У сьнежні баевікі пачалі крывавую разьню хрысьціянскіх жыхароў краіны. У пагромах загінулі больш за 2 тысячы чалавек. Пад уплывам міжнароднага ціску тры тыдні таму Джатодзія падаў у адстаўку. Кіраваць краінай, якая практычна ў стане распаду ды ў якой пражывае амаль 4,5 мільёна чалавек, стала хрысьціянка Кэтрын Самба-Панза.
Тым часам урад, які ня ў стане кантраляваць сытуацыю, поўнасьцю ўзалежнены ад умяшальніцтва замежных войскаў. Парадак у краіне стараюцца навесьці 1 600 францускіх жаўнераў. Аднак іхныя дзеяньні зводзяцца галоўным чынам да аховы тэрыторыі аэрапорта ў Бангі, дзе ўзьнік часовы лягер для 100 тысяч уцекачоў.
Хаосам ня ўстане авалодаць і Афрыканскі саюз, які накіраваў у Цэнтральна-Афрыканскую Рэспубліцы 4 600 жаўнераў.
Таксама Эўразьвяз абвесьціў, што адправіць на месца канфлікту тысячу сваіх вайскоўцаў, але яны перш за ўсё зьменяць французаў.
Некалькі дзён таму польскае МЗС рэкамэндавала, каб усе грамадзяне Польшчы неадкладна пакінулі тэрыторыю Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі. Паводле дадзеных міністэрства, у ЦАР прабывае 35 палякаў, галоўным чынам місіянэраў і асоб, якія супрацоўнічаюць зь місіяй. З пачатку году іх як мінімум двойчы атакавалі мусульманскія баевікі.
МЗС прапануе ім неадкладную эвакуацыю. Аднак місіянэры ня хочуць вяртацца.
„Місіянэры застаюцца ў адпаведнасьці з прынцыпам, што капітан сыходзіць з карабля апошнім. Тым ня менш, мы сур’ёзна задумоўваемся над магчымасьцю эвакуацыі жанчын, то бок манашак і сьвецкіх добраахвотнікаў”, - сказаў айцец Томаш Грабец, прадстаўнік місіі капуцынаў у размове з выданнем „Gazeta Wyborcza”.
az