Logo Polskiego Radia
Print

Год 2013 для Польшчы

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 30.12.2013 15:40
  • Год 2013 для Польшчы.mp3
У Варшаве падсумоўваюць вынікі мінулага году.

2013 год краіна пражыла пад знакам пэнсій, адукацыі ды польскага графэну.

2013 год лічыцца не найгоршым годам у найноўшай польскай гісторыі. За гэты год здарылася шмат розных цікавых ды важных падзеяў. Мы выбралі тры, якія, на нашу думку, найбольш абмяркоўваліся за апошнія 12 месяцаў. Гэта адна палітычная, адна грамадзкая і адна навукавая падзеі.

Сёлета палітыкаў найбольш распальвала справа пэнсійнага страхаваньня. На днях польскі прэзыдэнт падпісаў папраўкі ў закон, распрацаваныя кіроўнай партыяй Грамадзянская плятформа. Асноўная зьмена датычыць прыватных пэнсійных фондаў. Яны існуюць, як інвэстыцыйныя фонды, у Польшчы з канца 1990-ых гадоў. Новы закон прадугледжвае перадачу 50% ашчаднасьцяў, сабраных у прыватных фондах, дзяржаўнаму пэнсійнаму фонду. За гэта прыватныя фонды атрымаюць права інвэставаць сродкі сваіх кліентаў у акцыі ды сыравіну, а ня толькі ў аблігацыі, як было дагэтуль. Гэтыя зьмены выклікалі бурную дыскусію ў Польшчы. Далёка ня ўсе іх падтрымлівалі. Аднак польскі Сэйм прыняў папраўкі ў закон. Прэзыдэнт краіны іх падпісаў. Пры гэтым накіраваў новы закон на разгляд у Канстытуцыйны суд. Такім чынам, вышэйшая судовая інстанцыя краіны паставіць кропку ў галоўнай спрэчцы 2013-га году ў Польшчы. Тэму працягвае карэспандэнтка Польскага радыё Эльжбета Лукоўска.

Эльжбета Лукоўска: Прэзыдэнцкая міністарка Ірэна Вуйціцка заявіла, што прэзыдэнт прыняў рашэньне новы закон падпісць. Пры гэтым ён накіраваў яго на разгляд у Канстытуцыйны суд. Прэзыдэнт кіраваўся ў сваіх рашэньнях бясьпекай дзяржаўных фінансаў і захаваньнем канстытуцыйнай законнасьці. Крытыкі зьмен заклікалі прэзыдэнта перадаць закон на разгляд у суд перад падпісаньнем. Адным з крытыкаў ёсьць вядомы польскі эканаміст Лешак Бальцаровіч, які назваў яе нязгодным з Канстытуцыяй. Пра гэта казаў і былы старшыня Канстытуцыйнага суду Ежы Стэмпень. Новы закон парушае другі артыкул асноўнага закону пра давер да дзяржавы і прынятых ёй законаў. У сваю чаргу, прыхільнікі зьменаў зьвяртаюць увагу на тое, што кліентам прыватных пэнсійных фондаў дзяржава ня зможа гарантаваць мінімальную пэнсію. Паводле новага закону, палова сабраных содкаў у прыватных фондаў будзе перададзена ў дзяржаўны пэнсійны фонд. Прыватныя фонды ня змогуць інвэставаць сродкі клентаў у дзяржаўныя аблігацыі.

Іншай справай, якая выклікала шырокія дэбаты ды рэакцыю з боку грамадзтва, стала адукацыйная рэформа ўраду. Яна датычыць зьніжэньня школьнага ўзросту да 6 гадоў. Польскія бацькі запатрабавалі ад ўраду даць ім магчымасьць выбару. Грамадзкую кампанію за гэта пад назвай “Ратуй малечы” ініцыявала пара бацькоў Караліна ды Томаш Эльбаноўскі.

Караліна Эльбаноўска: У нас ёсьць толькі адзін пастулят. Бацькі жадаюць мець выбар: адпраўляць дзіця ў школу ў 6 або ў 7 гадоў. У польскіх умовах рэформа зьмены школьнага ўзросту - гэта экспэрымэнт на дзецях. Мы мусім мець права адмовіцца ад удзелу ў гэтым эспэрымэнце. Ад ураду мы чуем толькі пераконваньні, што школы будуць гатовыя на верасень. Гэтыя словы палітыкі кажуць ужо 5 гадоў. Мы хочам, каб школы насамрэч былі падрыхтаваныя. Каб паўсюль былі клясы ня больш за 25 дзяцей, каб былі прыгатаваныя для дзяцей пакоі прадоўжанага дня ў школе і так далей. Гэта павінна быць зроблена.

Іх ініцыятыву падтрымала больш за мільён палякаў. З ініцыятарамі нават сустрэўся прэм’ер-міністар краіны. Ініцыятары спадзяюцца, што палітыкі прыслухаюцца да меркаваньняў людзей.

Томаш Эльбаноўскі: Адказу мы не атрымалі. Мы спадзяемся, што прэм’ер яшчэ падумае і дасьць бацькам магчымасьць выбару. Каб бацькоў не змушалі браць удзел у гэтым экспэрымэнце. Мы распавялі пра сытуацыю з розных месцаў. Прэм’ер нас выслухаў, выглядаў зацікаўленым, пра шматлікія сытуацыі даведаўся ўпершыню. Якія будуць рашэньні, невядома. Нічога нам не сказалі, але мы спадзяемся, што ўрад прыслухаецца да нас.

Адной з падзеяй 2013 году ў Польшчы названа рэвалюцыйная распрацоўкай польскіх навукоўцаў. Група дасьледчыкаў з фірмы Nano Carbon пры дзяржаўнай падтрымцы стварыла мэтад прамысловай вытворчасьці новага цуда-матэрыялу - графэну. На днях фірма пачала продаж гэтага матэрыялу. Тэму працягвае Эдыта Позьняк з Польскага радыё.

Эдыта Позьняк: Графэн, які складаецца з атамаў вугалю, па сваёй структуры нагадвае пчаліныя соты. Яго лічаць матэрыялам будучыні, які заменіць крэмній. Сёньня яго можна ўжо набыць. Польшча пачала прамысловы выраб гэтага матэрыялу. Кіраўнік польскага ўраду назваў гэта гістарычным дасягненьнем. Польскія навукоўцы ўпершыню змаглі хутка, паводле заходніх стандартаў, прайсьці шлях ад ідэі да прамысловага выкарыстаньня. Сёньня назва графэн мала каму што кажа. Неўзабаве гэта зьменіцца. З графэну можна вырабляць планшэты, якія можна будзе скруціць у рулон, як газету, злажыць як ліст паперы. Ад гэтага яны не сапсуюцца. Адзіным абмежаваньнем пры выкарыстаньні гэтага матэрыялу зьяўляецца чалавечая фантазія.

Як далёка можа зайсьці чалавечая фантазія, мы пераканаемся ў будучым годзе.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт