Logo Polskiego Radia
Print

Нэльсан Мандэла – сымбаль змаганьня з апартэідам

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 06.12.2013 14:35
  • Нэльсан Мандэла.mp3
„Адыйшоў адзін з тытанаў XX-га стагодзьдзя”, - кажа пра Мандэлу кіраўнік польскай дыпляматыі.

/

Сьвет разьвітваецца з Нэльсанам Мандэлам. 95-гадовы палітык, першы чарнаскуры прэзыдэнт Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі - ікона афрыканскай палітыкі й барацьбы супраць апартэіду, памёр учора ноччу ў сваім доме ў Ёханэсбургу.

Пра сьмерць сымбаля барацьбы за правы чалавека й ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру паведаміў учора дзейны прэзыдэнт ПАР Джэйкаб Зума.

З Нэльсанам Мандэлам разьвітваецца ўвесь сьвет, у тым ліку й генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун.

Пан Гі Мун: Я глыбока засмучаны сьмерцю Нэльсана Мандэлы. Ён быў гігантам справядлівасьці, натхнёным чалавекам. Сваёй самаадданай барацьбой за чалавечую годнасьць, роўнасьць і свабоду натхніў многіх людзей ва ўсім сьвеце.

У сваю чаргу, кіраўнік Эўрапейскай камісіі Жазэ Мануэль Барозу ўзгадвае Нэльсана Мандэлу як „вялікага чалавека, які пакінуў свой сьлед ня толькі ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы і ў Афрыцы, але й па ўсім сьвеце”.

Жазэ Мануэль Барозу: Яго імя застанецца ня толькі ў падручніках гісторыі, але і ў сэрцах і розумах многіх людзей ва ўсім сьвеце. Яны ніколі не забудуць прыкладу, якім быў Мандэла, то бок, яго мужнасьці, любві да свабоды, але й талерантнасьці й духа прымірэньня. Яго прыклад больш магутны, чым сьмерць.

Старшыня Эўракамісіі таксама выказаў свае спачуваньні ўдаве нябожчыка, яго сям'і і ўсім грамадзянам Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі.

З-за сьмерці Нэльсана Мандэлы засмучана таксама Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па пытаньнях бясьпекі й замежнай палітыкі. Паводле словаў Кэтрын Эштан, былы прэзыдэнт ПАР і лідар руху супраць апартэіду, „больш, чым хто-небудзь”, быў натхненьнем для ўсяго ейнага пакаленьня й сьвету.

Сёньня мы смуткуем у сувязі з яго сьмерцю, але таксама ўшаноўваем яго жыцьцё”, - чытаем у заяве Кэтрын Эштан. Меркаваньнем кіраўнічкі дыпляматыі ЭЗ, Мандэла ня толькі перамог апартэід у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, але й даказаў, што сіла дэмакратыі можа пераадолець тыранію.

На думку прэзыдэнта ЗША, Нэльсан Мандэла павінен быць прыкладам для ўсяго чалавецтва. Барак Абама лічыць, што былы прэзыдэнт Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі дасягнуў у сваім жыцьці больш, чым можна чакаць ад аднаго чалавека.

Барак Абама: Мы страцілі аднаго з самых уплывовых, сьмелых і вельмі добрых людзей, якія хадзілі па зямлі. Ён ужо не належыць нам. Ён адыйшоў у вечнасьць. Сваёй беспрэцэдэнтнай годнасьцю й непахіснай гатоўнасьцю ахвяраваць уласнай свабодай, ён зьмяніў Паўднёвую Афрыку й закрануў сэрцы нас усіх.

Амэрыканскі прэзыдэнт дадаў, што здольнасьць Мандэлы да прымірэньня зь людзьмі, якія трымалі яго ў турме, павінна быць прыкладам для ўсяго чалавецтва.
Памерлага палітыка ўшанавалі канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркэль, прэм'ер-міністар Вялікабрытаніі Дэвід Кэмэран, каралеўская сям’я Гішпаніі, улады Бэльгіі й г.д.

Свае спачуваньні ўладам Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі перадаў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. Ліст са спачуваньнямі накіраваў таксама былы прэзыдэнт Савецкага Саюза Міхаіл Гарбачоў.

Гарбачоў у інтэрвію агенцтву ІТАР - ТАСС заявіў, што ён асабіста ведаў Нэльсана Мандэлу й сябраваў зь ім.

Мы павінны сказаць яму “дзякуй”, таму што ўсім сваім жыцьцём ён паказваў нам, што значыць думаць пра людзей і сваю краіну”, - сказаў Гарбачоў.
Заслугі Мандэлы ў барацьбе за справядлівасьць і мір падкрэсьліў таксама прэзыдэнт Уладзімір Пуціна.

Да канца сваіх дзён ён заставаўся верны ідэалам гуманізму”, - сказаў гаспадар Крамля.

„Адыйшоў адзін з тытанаў XX-га стагодзьдзя”, - такім чынам пра сьмерць Нэльсана Мандэлы кажа міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі.

Радаслаў Сікорскі: Я хачу перадаць свае спачуваньні з-за сьмерці аднаго з тытанаў XX-га стагодзьдзя, народу Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, але таксама ўсім людзям, якія цэняць свабоду. Усе, каму ў XX-ым стагодзьдзі прыйшлося змагацца за свабоду, разумеюць, кім быў гэты чалавек для Афрыкі і ўсяго сьвету.

Вялікі герой, асабліва блізкі палякам, - кажа пра Нэльсана Мандэлу дарадца прэзыдэнта Польшчы Томаш Налэнч. Прафэсар Налэнч дадае, што Мандэлу вельмі цэніць прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі - чалавек „Салідарнасьці”.

Томаш Налэнч: Шлях да свабоды ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы - гэта таксама 1989 год. Тады пачаліся першыя кантакты паміж апартэідам і зьняволеным на працягу 27 гадоў Мандэлам. Некалькі дзён пасьля таго, як у Польшчы пачаўся Круглы стоў, Мандэла выйшаў на волю й прыкладна праз год узяў у свае рукі ўладу ў краіне.

Нэльсан Мандэла быў самым вядомым палітвязьнем у сьвеце ў часы апартэіду й сымбалям барацьбы за свабоду й справядлівасьць. У турме ён правёў амаль 28 гадоў. Пасьля адмены апартэіду ён стаў новым прэзыдэнтам краіны й кіраваў ПАР у гады 1991-1997. Разам са сваім папярэднікам атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру ў 1993 годзе.

У 2008 годзе ЗША афіцыйна выкрэсьлілі Мандэлу й Афрыканскі нацыянальны кангрэс са сьпісу тэрарыстаў.

Былы прэзыдэнт Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцкі памёр учора ў Ёханэсбургу ва ўзросьце 95 гадоў.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт