Logo Polskiego Radia
Print

У Варшаве прэзэнтавалі менскі хакейны чэмпіянат

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 28.11.2013 18:08
  • хакей.mp3
Фан-вёска, якая памесьціць больш за 5 тыс. чалавек, пасьля чэмпіянату ня будзе пуставаць: корпусы перададуць менскім ВНУ для інтэрнатаў.

Сёньня на Міжнароднай варшаўскай ярмарцы-кірмашы адбылася прэзэнтацыя Чэмпіянату сьвету па хакею. Спартыўныя спаборніцтвы пройдуць з 9 па 25 траўня 2014 года ў Менску. Прадстаўнікі зь Беларусі падрабязна распавялі пра падрыхтоўку й прадаставілі інфармацыю для хакейных заўзятараў.

Афіцыйным турыстычным апэратарам чэмпіянату зьяўляецца кампанія “Цэнтркурорт”. Начальнік філіяла “Белінтурыст” кампаніі Аляксей Стрэльчанка на прэзэнтацыі зазначыў, што турыстаў-заўзятараў Менск можа прымаць хоць сёньня. З 25 красавіка да 31 траўня для хакейных заўзятараў з-за мяжы ўезд у Беларусь – бязьвізавы. Мяжу спартыўныя аматары змогуць перакрочыць на падставе купленага білета. Дарэчы, найтаньнейшы каштуе 10 эўра. “Цэнтркурорт” сярод заўзятараў распаўсюджвае турыстычныя пакеты, якія ўключаюць пражываньне, білеты на матчы, бясплатны праезд на гарадзкім транспарце, сувэніры, зьвязаныя зь Менскам і ваколіцамі, а таксама мапы сталіцы й спартыўных аб’ектаў. Акрамя таго, групы заўзятараў за дадатковую аплату змогуць накіравацца на арганізаваныя экскурсіі па цікавых месцах Менска й ваколіцы. А вось для дзяцей на чэмпіянаце будуць праводзіцца культурныя праграмы й мерапрыемствы ды сустрэчы з зоркамі хакею.

Фан-вёска, якая памесьціць больш за 5 тыс. чалавек, пасьля чэмпіянату ня будзе стаяць пустой: корпусы будуць перададзеныя менскім ВНУ для студэнцкіх інтэрнатаў. Падчас спаборніцтваў у фан-вёсцы будуць праходзіць канцэрты, кругласутачна працаваць крамы, рэстараны й бары, будуць усталяваныя вялізныя тэлеэкраны, а з алькаголю – толькі піва. Цэны за начлег у фан-вёсцы пачынаюцца ад 20 эўра з чалавека.

Ці чакаецца нямала польскіх заўзятараў на менскі чэмпіянат? Такое пытаньне мы задалі амбасадару Беларусі ў Польшчы Віктару Гайсёнку. Кіраўнік дыпляматычнай місіі зазначыў, што ў Польшчы хакей не асабліва папулярны, але зацікаўленьне ёсьць.

Прэзэнтацыя Чэмпіянату сьвету па хакею была праведзена ў Варшаве на даволі добрым узроўні. На ёй ня раз зазначалася, што краіна амаль поўнасьцю падрыхтаваная да спаборніцтваў. І гэта вельмі пахвальна й пазытыўна, асабліва на фоне Зімовай Алімпіяды ў Сочы. Як мы ня раз паведамлялі на нашых хвалях, да расейскай Алімпіяды – лічаныя тыдні, а горад надалей разрыты нібы пасьля бамбёжкі.

поўны матэрыял, у тым ліку выказваньні суразмоўцаў, у далучаным гукавым файле

Валеры Саўко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт