Logo Polskiego Radia
Print

У. Макей: УП не зьяўляецца вельмі важнай ініцыятывай

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 20.11.2013 11:05
Але на саміт у Вільні Беларусь падрыхтавала некалькі прапановаў.
Фота: nv-online.info Фота: nv-online.info

Перад самітам у Вільні Міхал Патоцкі, журналіст Dziennik – Gazeta Prawna узяў інтэрвію ў міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея. Паводле ягоных словаў, для Беларусі Ўсходняе Партнэрства не зьяўляецца вельмі важнай ініцыятывай. Але на спатканьне ў сталіцы Летувы Беларусь падрыхтавала некалькі прапановаў, якія тычацца транспарту, энэргетыкі, аховы межаў.

На пытаньне, якая дзяржава ЭЗ найбольш прыязна ставіцца да Беларусі, Макей адказвае, што зь Летувой і Латвіяй удалося наладзіць добрыя гандлёвыя адносіны. Зь іншымі краінамі дыялёг таксама пашыраецца. Палітыка санкцый, націскаў на Менск завяла нас у тупік. Але санкцыі не паявіліся проста так, гэта вынік таго, што ў беларускіх турмах застаюцца палітычныя вязьні – нагадвае журналіст. На гэта Макей кажа, што ў іншых краінах за штурм на дзяржаўны будынак, які меў месца пасьля апошніх выбараў прэзыдэнта ў Беларусі, былі б яшчэ вышэйшыя пакараньні. А калі б асобы, якія сядзяць у турмах, напісалі прашэньне аб памілаваньні, то ўжо выйшлі б на свабоду. Некаторыя напісалі, і ўжо на свабодзе, або выехалі за мяжу.

Патоцкі запытаў таксама, чаму Беларусь не прапускае дамову аб малым памежным руху. Меркаваньнем міністра, пасьля таго, як пачало дзейнічаць такое пагадненьне з Латвіяй, паявіліся праблемы на мяжы. Польскі бок нядаўна выступіў з прапановай павялічыць прапускную здольнасьць на польска-беларускай мяжы. Але Беларусь ня хоча, каб дамова выклікала хаос на мяжы. З іншага боку, мы разглядаем гэтае пытаньне ў агульным кантэксьце нашых адносінаў, - прызнаў Макей.

Dziennik – Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт