Logo Polskiego Radia
Print

Кліматычны саміт у Варшаве

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 10.11.2013 09:00
Польшча цягам году будзе кіраваць працэсам перамоваў паміж усімі бакамі пагадненьня наконт зьмяншэньня выкідаў СО2.

З 11-га да 22-га лістапада ў Варшаве будзе адбывацца важнейшае сусьветнае мерапрыемства, прысьвечанае зьменам клімату на нашай плянэце – сэсія канвэнцыі Арганізацыі аб’яднаных нацый па пытаньні кліматычных зьменаў. У сталіцу Польшчы прыедзе каля 12 тыс. гасьцей: палітыкаў, прадстаўнікоў міжнародных арганізацый, бізнэс-колаў ды навуковых устаноў.

Вялікі кліматычны саміт адбываецца ў Варшаве нездарма. Польшча цягам году будзе кіраваць працэсам перамоваў паміж усімі бакамі пагадненьня наконт зьмяншэньня выкідаў вуглекіслага газу (СО2) у атмасфэру, які зьяўляецца галоўнай прычынай павышэньня тэмпературы на Зямлі. Гэты працэс павінен завершыцца падпісаньнем новага пагадненьня праз два гады на канфэрэнцыі ў Парыжы.

У Варшаве зьбяруцца прыхільнікі барацьбы са зьменамі клімату, але сама Польшча лічыцца ў Эўропе краінай, якая тармозіць абмежаваньні ў выкідах СО2, паколькі яе эканоміка базуецца на вугалі, згараньне якога дае шмат гэтага газу. Эўрапейскі Зьвяз не павінен яшчэ больш абмяжоўваць выкідаў СО2. Раней неабходна прыняць пагадненьне, якое падпішуць усе краіны, - гэтак мяркуе міністар навакольнага асяродзьдзя Марцін Каролец.

М. Каролец: Сёньня добры час, каб дыскутаваць над выглядам кліматычнай палітыкі. Але, на маю думку, гэта дрэнны момант, каб прымаць рашэньні. Рашэньні можна прымаць тады, калі будзе вядома, як ставяцца да праблемы іншыя краіны, сусьветныя лідары, калі будзе прынятае новае пагадненьне, калі будзе вядома, колькі гадоў яно будзе сапраўдным – 5 гадоў, 10 гадоў... І да гэтага мы павінны прыстасаваць эўрапейскія інструмэнты.

ЭЗ плянуе яшчэ больш абмежаваць выкід СО2 – з 20 да 30%. Польскі ўрад мяркуе, што гэта няма сэнсу рабіць да таго часу, пакуль буйнейшыя сусьветныя “атрутнікі”, як ЗША, Кітай або Расея, не далучацца да пагадненьня. І таму эколягі кажуць, што Варшава ладзіць саміт, але сама ня надта клапоціцца пра клімат. Тым ня менш, на думку Карольца, варта ладзіць гэтую сустрэчу ў сталіцы Польшчы.

М. Каролец: У гэтай падзеі вельмі важны палітычны сэнс. Мы гаворым пра новае пагадненьне ўсіх краін ААН. Ад старшынства Польшчы ў гэтым працэсе залежыць пошук кампрамісу. Да Польшчы-старшыні павінны зьвяртацца прадстаўнікі Эўрапейскага Зьвязу, іншых рэгіянальных груп, і мы разам будзем шукаць кансэнсус.

Скарачэньне выкідаў СО2 не азначае, што Польшча павінна адмовіцца ад выкарыстаньня вугалю. На думку дэпутата Эўрапейскага парлямэнту Ежы Бузэка, неабходна шукаць тэхналягічныя магчымасьці, якія дазволяць зьменшыць выкіды газаў.

Е. Бузэк: Праблема заключаецца ў тым, што неабходна шукаць новыя тэхналёгіі, якія дазваляюць абмежаваць выкіды СО2. Трэба мець грошы на новыя тэхналёгіі. І тады магчыма будзе спалучыць абмежаваньне выкідаў вуглекіслага газу й выкарыстаньне вугалю ў Польшчы. Наша краіна падрыхтавала крок наперад – гэтак званую дарожную мапу. У 2015 годзе перамовы наконт глябальнага пагадненьня павінны завершыцца. Калі мы прымем гэтую дарожную мапу, то гэта будзе вялікі крок наперад.

У сувязі з правядзеньнем важнай міжнароднай сустрэчы на межах Польшчы з краінамі Эўрапейскага Зьвязу зноў уведзены кантроль. Перасякаючы дзяржаўную мяжу з Нямеччынай, Летувой, Чэхіяй ды Славаччынай, кіроўцы й пешаходы могуць натрапіць на гэтак званыя Шэнгенбусы. Гэта адмысловы аўтамабіль, абсталяваны пераноснай апаратурай, якая дазваляе правяраць сапраўднасьць дакумэнтаў. Прадстаўніца аддзелу Памежнай варты Эльжбета Пікар адзначае, што кантроль будзе выбарачны, ён не павінен быць стамляючым для перасякаючых мяжу.

Э. Пікар: Гэты кантроль датычыць асобаў, якія былі абраныя на падставе аналізу патэнцыйнай рызыкі з іх боку. Так што я ня думаю, каб гэта перашкаджала руху на мяжы. Грамадзяне ЭЗ павінны мець пры сабе дакумэнт, які пацьвярджае іх грамадзянства, пасьведчаньне асобы. А грамадзяне трэціх краін павінны мець сапраўдны пашпарт зь візай або іншы дакумэнт, які пацьвярджае легальнасьць прабываньня або права на праезд праз Польшчу.

Кліматычныя канфэрэнцыі ААН (гэтак званыя СОРы - Conferences of the Parties) – гэта штогадовыя сустрэчы, удзельнікі якіх абмяркоўваюць крокі на карысьць паўстрыманьня зьменаў клімату на Зямлі. Польшча ўжо ладзіла кліматычны саміт ААН – 5 гадоў таму ў Познані.

Інфармацыйнае радыё-агенцтва/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт