У палякаў паявіўся шанец стаць уладальнікамі хаця б невялікай часткі беларускіх прадпрыемстваў. У Беларусі, якая пакутуе апошнім часам ад рэзкага аслабленьня айчыннай валюты, улады аб’явілі пра намер распачаць продаж акцый 85-ці дзяржаўных прадпрыемстваў.
Аб магчымасьцях для польскіх фірмаў пісала ў аўторак польскае выданьне Пульс бізнэсу (Puls biznesu). Дзяржаўны камітэт па маёмасьці прадставіў на днях сьпіс прадпрыемстваў, адносна якіх пачнецца працэс прыватызацыі. Гэты сьпіс ахоплівае прадпрыемствы практычна з усіх галінаў эканомікі – там і нафтаперапрацоўчы завод у Мазыры, і берасьцейская фабрыка дываноў, і будаўнічыя кампаніі, малаказаводы й гэтак далей.
Інвэстары, якія хацелі бы купіць акцыі, могуць гэта зрабіць толькі адным шляхам – высылаючы свае прапановы па пошце ў Камітэт дзяржмаёмасьці. Ён будзе разглядаць прапановы й перадаваць праекты на разгляд А. Лукашэнку. На думку прадстаўніка беларускай амбасады ў Варшаве Аляксея Зелянко, палякі павінны зьвярнуць увагу асабліва на прадпрыемствы са сфэры паслугаў.
А. Зелянко: У падрыхтаваных сьпісках асобы, якія зацікаўленыя набыцьцём акцый або цэлых прадпрыемстваў, маглі азнаёміцца з падрабязнасьцямі прапановы. Гэта прадпрыемствы з розных галінаў: лёгкай прамысловасьці, харчовай прамысловасьці, сфэры паслугаў. У Беларусі ёсьць Нацыянальнае агенцтва інвэстыцый і прыватызацыі. Яно таксама можа дапамагчы ў вырашэньні неабходных пытаньняў. Палякі маглі б зацікавіцца прадпрыемствамі са сфэры паслугаў. Беларуская сфэра паслугай менш разьвітая, чым польская. У гэтай галіне фірмы не сустрэнуцца з такой жорсткай канкурэнцыяй, як у Польшчы.
У Беларусі шмат высокакваліфікаваных кадраў. Асабліва гэта відаць у ІТ-галіне, няма шырокай зьявы карупцыі, а фірмы высокіх тэхналёгій атрымліваюць ільготы, - адзначае Валеры Цылінд зь берасьцейскай філіі польскай кампаніі аўтсорсінгу Эрыкполь (Ericpol).
В. Цылінд: Па-першае, у Беларусі добра падрыхтаваныя спэцыялісты ў галіне ІТ-тэхналёгій. Па-другое, за гады сваёй працы я не сустрэўся з хабарніцтвам, за 7 гадоў ні разу не было нават такога сыгналу. Тут акрэсьленыя ясныя ўмовы працы. А мы, у якасьці рэзыдэнта парку высокіх тэхналёгій, маем дастаткова вялікія ільготы ў падатках.
Заснаваць справу ў Беларусі даволі лёгка. Дзяржава апошнімі гадамі моцна палепшыла сваю пазыцыю ў рэйтынгах бізнэс-клімату ды эканамічнай палітыкі. Яе слабыя бакі – даступнасьць электраэнэргіі, сыстэма замежнага гандлю ды падаткаў. Але трэба зьвяртаць увагу на некаторыя аспэкты, напрыклад, мэнтальнасьць, - адзначае Ян Малкевіч з польскага аддзелу фірмы Эрыкполь.
Я. Малкевіч: Пачаць бізнэс у Беларусі проста, магчыма, нават прасьцей, чым у іншых краінах. Але ёсьць асаблівасьці ў мэнтальнасьці беларусаў. Ім трэба ўсё дакладна тлумачыць. Напрыклад, ва Ўкраіне, дзе таксама працуе наша фірма, калегі нешта робяць, а пазьней глядзяць, ці ўдалося. Зь беларусамі інакш – усё трэба дакладна распрацаваць і падрыхтаваць. Самае важнае – пазнаць мэханізмы, паводле якіх жывуць і працуюць там людзі, не сьпяшацца, быць церпялівым. Калі гэта нам удасца, то пазьней усё будзе дзейнічаць бездакорна.
Кампаніі, якія намераны працаваць у Беларусі, павінны весьці чысты й сумленны бізнэс. Тут нельга пазьбягаць аплаты падаткаў ці шукаць іншыя нячыстыя магчымасьці. Сур’ёзнай праблемай у Беларусі зьяўляецца інфляцыя. Праўда, абясцэньваньне валюты карысна для прадпрыемстваў, якія экспартуюць прадукцыю, але для іншых гэта можа стаць перашкодай, - заўважае Валеры Цылінд.
В. Цылінд: Законы Рэспублікі Беларусь сфармуляваныя даволі жорстка. За парушэньне могуць паявіцца сур’ёзныя праблемы. Таму, калі кампанія прыходзіць з плянамі ня вельмі белага вядзеньня бізнэсу, ёй можа быць складана. У свой час я займаўся праектам Цэнтар падтрымкі беларуска-польскага прадпрымальніцтва. І былі сытуацыі, калі фірмы закрываліся, паколькі яны меркавалі, што тут можна не плаціць падаткаў, рабіць многія рэчы неафіцыйна. Сур’ёзная праблема – інфляцыя. Калі кампанія экспартуе свае прадукты, стварае нешта, што прадае за мяжу, то інфляцыя ўплывае на экспарт пазытыўна. А калі наадварот, то могуць быць праблемы, паколькі мясцовая валюта можа абясцэньвацца.
Брама на Беларусь адкрываецца, паколькі краіне крайне неабходная цьвёрдая валюта. Але нельга разьлічваць на маштабную прыватызацыю, паколькі ўлады намераны захаваць кантроль над эканомікай. Польскія фірмы ня змогуць прыняць удзел у прыватызацыі прамысловых гігантаў, як НПЗ у Мазыры, але варта зьвярнуць увагу на меншыя прадпрыемствы. А ўмовы бізнэсу даволі спрыяльныя, асабліва ў параўнаньні з Украінай.
нг