Марэк Мігальскі падае сёньня пазоў у суд супраць міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага. У іску эўрадэпутат патрабуе ад кіраўніка польскай дыпляматыі выбачэньняў і выплаты 5 тысяч злотых (гэта каля 1 185 эўра)на карысьць Беларускага дома ў Варшаве, - даведалася выданьне „Rzeczpospolita”.
Справа тычыцца перапіскі, якую абодва палітыкі на пачатку ліпеня вялі ў Твітэры. Мігальскі напісаў тады, што МЗС выявіў прозьвішчы дзясяткаў беларускіх апазыцыянэраў, якія атрымалі ганарары за ўдзел у канфэрэнцыях. Гэта, у сваю чаргу, дазволіла Лукашэнку абвінаваціць іх у дзяржаўнай здрадзе й службе ворагам Беларусі.
Радаслаў Сікорскі адказаў на гэты допіс: „Вы хлусіце. Ніхто з удзельнікаў гэтых яўных канфэрэнцый з удзелам сродкаў масавай інфармацыі, ня быў рэпрэсаваны”.
Праблема ў тым, што Мігальскі не пісаў, што беларускія апазыцыянэры сталі ахвярамі рэпрэсіяў за ўдзел у канфэрэнцыях, але за тое, што яны ўзялі ганарары. У сваім пазове эўрадэпутат дае прыклады дзеяньняў беларускага рэжыму ў сытуацыях, калі польскае Міністэрства замежных спраў выплочвала беларускай апазыцыі фінансавыя сродкі, а затым перадавала па пошце падатковыя дэклярацыі па гэтых выплатах. Між іншым, Мігальскі прыводзіць прыклад Аляксандра Мілінкевіча, Станіслава Шушкевіча й Анатоля Лябедзькі.
У кастрычніку 2012 года газэта паведамляла пра тое, што Міністэрства замежных спраў накіравала падатковыя дэклярацыі 30-ці беларускім апазыцыянэрам, хоць тры месяцы раней адзін зь іх - Алесь Бяляцкі, быў прысуджаны да 4,5 гадоў пазбаўленьня волі. Менавіта на падставе польскіх фінансавых дакумэнтаў, прадстаўленых рэжыму Лукашэнкі.
У інтэрвію журналістам выданьня Марэк Мігальскі гарантаваў, што ён хацеў пазьбегнуць гэтага працэсу й вырашыць пытаньне палюбоўна.
„У панядзелак я адправіў кіраўніку МЗС мэйл з маім іскам і запатрабаваў публікацыі ў Твітэры прабачэньня за абвінавачваньне мяне ў хлусьні”,- кажа Мігальскі. Ён даў міністру Сікорскаму 48 гадзінаў, але рэакцыі міністара Сікорскага не дачакаўся.
Адначасова Марэк Мігальскі падкрэсьлівае, што высока цэніць польскую палітыку ў дачыненьні да Беларусі.
„Я разумею, што Польшча зьяўляецца лідарам па дапамозе беларускай апазыцыі, але гэта часткова таксама вынік маіх намаганьняў, таму словы Сікорскага для мяне асабліва балючыя”, - сказаў Марэк Мігальскі ў размове з выданьнем „Rzeczpospolita”.
аз