Logo Polskiego Radia
Print

І. Халіп: Я была ўзорнай “зэчкай”

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 19.07.2013 15:28
  • І. Халіп.mp3
Сёньня Ірына Халіп вызвалена ад крымінальнага пакараньня пасьля заканчэньня адтэрміноўкі прыгавору.
БелаПАНБелаПАН

Журналістка, жонка экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава Ірына Халіп вызвалена ад крымінальнага пакараньня пасьля заканчэньня адтэрміноўкі прыгавору. Такое рашэньне прыняў сёньня суд Партызанскага раёна Менска.

Ірына Халіп была затрымана разам са сваім мужам Андрэем Саньнікавым адразу пасьля дэманстрацыі пратэсту 19 сьнежня 2010 года й зьмешчана ў сьледчы ізалятар КДБ. У СІЗА Халіп прабыла паўтара месяца, нягледзячы на тое што на той момант яе сыну Данілу было ўсяго тры гады.

29 студзеня 2011 года Ірыну адпусьцілі зь СІЗА пад дамашні арышт, дзе яна знаходзілася да суда. 16 траўня таго ж года суд Завадзкага раёна Менска прызнаў Халіп вінаватай ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня 2010 года й прыгаварыў яе да двух гадоў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня на два гады.

Увесь гэты час журналістка, якая працуе карэспандэнтам расейскай "Новой газеты" ў Беларусі, ня мела права пакідаць Менск, абавязана была кожны тыдзень адзначацца ў міліцыі й знаходзіцца дома пасьля 22.00.

Цяпер усе абмежаваньні зь Ірыны Халіп зьнятыя. Яна аднак кажа, што свабодным чалавекам пакуль сябе не адчувае.

І. Халіп: Чалавек жыве пад поўным кантролем больш за два гады, ён ня можа вечарам выйсьці з дому, пайсьці ў тэатр, павінен заўсёды глядзець на гадзіньнік. Адна хвіліна спазьненьня можа азначаць скасаваньне адтэрміноўкі й адпраўку ў калёнію. Ты ня можаш нармальна будаваць свой працоўны графік, бо кожны панядзелак трэба хадзіць адзначацца ў міліцыю. У кожны момант могуць пазваніць, трэба ўсё кінуць і ісьці на “прафіляктычную гутарку”. Да цябе тры разы на ноч могуць прыходзіць міліцыянты й ты абавязаны адчыняць ім дзьверы. Гэта жыцьцё амаль пад хатнім арыштам. Вось так я жыла. І пакуль мне цяжка зразумець, што памянялася. Я яшчэ не магу зразумець, што ўвечары мне ня трэба бегчы дамоў.

Ірына Халіп адзначае, што ідучы на суд яна нічога не чакала й нічога не спадзявалася.

І. Халіп: Я даўно зразумела, што нельга нешта чакаць, прагназаваць. Ніхто, пакуль пры ўладзе Лукашэнка, ня можа сказаць, што зь ім будзе сёньня ці заўтра. Калі рэжым шызафрэнічны, калі ў краіне пануе параноя, неяк неразумна спрабаваць нешта плянаваць, рыхтаваць свае прагнозы.

У кожны панядзелак Ірына Халіп хадзіла ў міліцэйскі аддзел і адзначалася. Яна кажа, што бывала па-рознаму. Але прэтэнзій да яе прад’явіць не маглі. “Я была ўзорнай “зэчкай,” - кажа Ірына Халіп.

У далучаным гукавым файле слухайце поўную размову з журналісткай.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт