Logo Polskiego Radia
Print

Дзень Эўропы

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 09.05.2013 12:34
  • Дзень Эўропы.mp3
Дзень Эўропы быў устаноўлены з мэтай набліжэньня народаў, якія ўваходзяць у склад Эўразьвязу.
polskawue.gov.plpolskawue.gov.plpolskawue.gov.pl

polskawue.gov.pl
polskawue.gov.pl

Сёньня адзначаецца Дзень Эўропы, які некаторыя завуць таксама сьвятам Эўразьвязу.

Дзень Эўропы быў устаноўлены з мэтай набліжэньня народаў, якія ўваходзяць у склад Эўразьвязу й пашырэньня ведаў грамадзянаў чальцоўскіх краінаў пра ўстановы ЭЗ.

Сьвята Эўрапейскага Зьвязу адзначаецца 9 траўня, то бок, у памяць аб заяве, інакш Шуманаўскай дэклярацыі, абвешчанай у 1950 годзе. У гэтым дакумэнце францускі міністар замежных спраў Робэрт Шуман прадставіў свой праект аб'яднаньня эўрапейскіх вытворцаў вугалю й сталі, што дало пачатак узьнікненьню эўрапейскай супольнасьці.

У рамках сьвяткаваньня Дня Эўропы, ад пачатку траўня, эўрапейскія інстытуты праводзяць Дзень адчыненых дзвярэй для наведвальнікаў у Брусэлі й Страсбургу. Мясцовыя прадстаўніцтвы ЭЗ у Эўропе й па ўсім сьвеце арганізуюць шэраг мерапрыемстваў, у якіх могуць удзельнічаць усе зацікаўленыя.

Кожны год тысячы людзей прымаюць удзел у дэбатах, канцэртаў, выставах, шэсьцях ды іншых мерапрыемствах, якія арганізуюцца ў рамках сьвяткавання Дня Эўропы.

Дзень Эўропы - гэта нагода, каб хаця б адзін раз у год успомніць, што гэта такое Эўрапейскі Зьвяз, і што ён для нас азначае, - лічыць Кшыштаф Лісэк, эўрадэпутат ад Эўрапейскай народнай партыі - найбуйнейшай палітычнай арганізацыі ў Эўрапейскім парлямэнце.

Кшыштаф Лісэк: Па-першае, трэба згадаць пра дзясяткі гадоў міру ў Эўропе. Па-другое, пасьлядоўнае разьвіцьцё ўсіх чальцоўскіх краінаў. Нягледзячы на ўсе праблемы й крызысы, нельга сказаць, што Эўразьвяз - гэта нейкі няўдалы экспэрымэнт. Экспэрымэнт паспяховы й добра, што Польшча ў ім удзельнічае, а палякі сьвяткуюць Дзень Эўропы.

Галоўным пунктам урачыстасьцяў у Польшчы традыцыйна зьяўляецца Парад Шумана, які сёлета пройдзе вуліцамі Варшавы 11 траўня, ужо ў бліжэйшую суботу. Кожны год удзельнікі парада дэманструюць сваю падтрымку ідэі адзінай Эўропы.

У Дзень Эўропы добра нагадаць аб каштоўнасьцях, якімі кіраваліся заснавальнікі Эўрапейскага Зьвязу, - казала падчас адной з варшаўскіх урачыстасьцяў старшыня ўправы Фонду Шумана Анна Радван-Рыхрэншэф.

Анна Радван- Рыхрэншэф: Мы заўсёды стараемся зьвяртаць ўвагу на гэты дзень, на Робэрта Шумана й на каштоўнасьці, пра якія ён гаварыў. Можа, гэта прагучыць наіўна й банальна, але гаворка ідзе пра тое, каб Эўропа была бясьпечная, каб разьвівался, каб каштоўнасьці, пра якія гаварыў Робэрт Шуман, былі актуальнымі.

У 2007 годзе Парад Шумана ў Варшаве ачольвала Данута Хюбнэр – тагачасны эўразьвязаўскі камісар па рэгіянальнай палітыцы. Яна пераконвала, што дзякуючы гэткім мерапрыемствам палякі даведваюцца аб Эўрапейскім Зьвязе больш.

Данута Хюбнэр: Польшча далучаецца да ўсіх, хто кожны год у траўні адзначае Дзень Эўропы. Такім чынам мы паказваем сваю салідарнасьць зь іншымі. Апрача таго, мы працягваем і перадаем маладым нейкую традыцыю. Дастаткова паглядзець, што ў парадзе ўдзельнічаюць прадстаўнікі розных пакаленьняў палякаў: старэйшыя людзі, людзі сярэдняга ўзросту, моладзь і дзеці. Удзел розных пакаленьняў палякаў у гэтым мерапрыемстве мне асабіста вельмі падабаецца. Гэта такая польская традыцыя.

Кожны год у Парадзе Шумана ў Варшаве ўдзельнічае некалькі тысяч чалавек. У маляўнічым шэсьці відаць у асноўным маладых людзей.

Моладзь: Усё цудоўна, супэр. Крыху гoрача, але мы не паддаемся, паколькі нам залежыць на Эўразьвязе. Мы прыехалі з гораду Астралэнка, са школы нр.4. Гэта вялікі гонар удзельнічаць у гэткім шэсьці. Мы спадзяемся, што дзякуючы гэтаму даведаемся пра Эўразьвяз больш.

У мінулым годзе, на заканчэньне ўрачыстага парада, ягоныя ўдзельнікі супольна сьпявалі гімн Эўразьвязу - „Оду да радасьці".

Першапачаткова Дзень Эўропы сьвяткаваўся 5 траўня й быў прысьвечаны заснаваньню Рады Эўропы (5 траўня 1949). Гэтая дата была прызначана з 1964 году.

5 траўня сьвяткуецца ў Радзе Эўропы як дзень, прысьвечаны талерантнасьці, правам чалавека й эўрапейскай інтэграцыі. У гэты дзень у сядзібе Рады Эўропы замест паседжаньняў праходзяць канцэрты, якія традыцыйна пачынаюцца гімнам Эўропы

У сваю чаргу, на сустрэчы кіраўнікоў краін-удзельніц Эўрапейскага Зьвязу ў Мілане ў 1985 годзе, у якасьці Дня Эўропы быў прызначны 9 траўня. Менавіта ў гэты дзень, 9 траўня 1950 году, міністар замежных справаў Францыі Робэрт Шуман прадставіў свае прапановы па стварэньню арганізаванай Эўропы. Гэтыя прапановы, вядомыя пад назвай Шуманаўскай дэклярацыі, шматлікімі дасьледчыкамі лічацца пачаткам стварэньня таго, што цяпер завецца Эўрапейскім Зьвязам.

Эўрапейцы цяпер больш прытрымліваюцца 9 траўня, але некаторыя дагэтуль аддаюць перавагу 5 траўня, бо Рада Эўропы стваралася дзеля абароны правоў чалавека, парлямэнцкай дэмакратыі й верхавенства закона, у той час як заява Шумана проста ўтрымлівала прапановы стварэньня Эўрапейскай супольнасьці вугалю й сталі. З 2003 году гэтае сьвята сьвяткуюць таксама й ва Ўкраіне (у трэцюю суботу траўня).

Чальцамі Эўрапейскага Зьвязу зьяўляецца 27 краінаў, у якіх агулам пражывае 503 мільёны 679 тысячаў чалавек. Наймаладзейшыя чальцы ЭЗ - Балгарыя й Румынія, якія далучыліся да супольнасьці ў 2007 годзе.

У 2011 годзе дагавор аб уступленьні ў Эўразьвяз падпісала Харватыя. Калі працэс ратыфікацыі пройдзе безь перашкодаў ва ўсіх чальцоўскіх краінах (яго не ратыфікавалі яшчэ Нямеччына й Данія), то Харватыя ўступіць у ЭЗ 1 ліпеня, стаўшы 28-й чальцоўскай дзяржавай.

Іншыя краіны, якія афіцыйна прызнаныя кандыдатамі ў ЭЗ, гэта: Чарнагорыя, Ісляндыя, Македонія, Сэрбія й Турцыя.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт