Logo Polskiego Radia
Print

Айцец Надсан: cкажам «браты» й тым, што ненавідзяць нас

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 31.03.2013 01:00
  • Айцец Аляксандар Надсан.mp3
Вялікоднае пасланьне Апостальскага візытатара для беларусаў грэка-католікаў замежжа айца Аляксандра Надсана.

/

Першыя крокі папы Францішка выклікалі шмат камэнтароў у сусьветнай прэсе. Не абышлося і бяз крытыкі, асабліва з боку некаторых царкоўных дастойнікаў, якім ня вельмі быў даспадобы ягоны сьціплы спосаб жыцьця, а таксама ягоная любоў да бедных, якая не сканчаецца толькі словамі, і ў якой некаторыя хацелі б бачыць паказуху.

А між іншым, папа не зрабіў і ня робіць нічога, чаго не рабіў Той, чыім намесьнікам на зямлі ён зьяўляецца, і які сказаў: «Лісы маюць норы, птушкі нябесныя — гнёзды свае, а Сын Чалавечы ня мае, дзе б галаву прытуліць» (Лк 9:58). Ягоная асоба й навучаньне не супадалі з уяўленьнем чаканага Збаўцы сярод тых, якія ўважалі сябе духоўнымі праваднікамі й настаўнікамі свайго народу. Сапраўды, "Прыйшоў да сваіх, і свае Яго не пазналі«(Ян 1:11); і ня толькі не пазналі, але адкінулі і ўзьненавідзелі, і сталі прычынаю Ягонай крыжовай сьмерці. І ў гэтым вялікая трагедыя абранага народу.

Але магіла і сьмерць не маглі ўтрымаць Таго, хто сказаў пра сябе «Я — уваскрасеньне й жыцьцё» (Ян 11:25). Госпад і Бог наш Ісус Хрыстос устаў зь мёртвых на трэці дзень, абнавіўшы сваім устаньнем увесь сусьвет і даючы нам дарогу да вечнага й непрамінальнага жыцьця з Богам.

Вялікдзень — доказ усёабдымнай Божай любові да людзкога роду, любові несумяшчальнай зь ніякімі праявамі злосьці ці нянавісьці да каго-колечы. Узгадаем малітву Хрыста за тых, што яго ўкрыжавалі: "Ойча, прабач ім, бо яны ня ведаюць, што чыняць"(Лк 23:34). Гэтыя словы даюць нам шмат да роздуму.

Пра гэта гаворыцца і ў песьні, якую сьпяваем падчас Велікоднай службы:
«Уваскрасеньня дзень! Прасьветлімся ўрачыстасьцю й адзін аднаго абдымем; cкажам «браты» й тым, што ненавідзяць нас, прабачыўшы ўсё дзеля ўваскрасеньня; і ўсклікнем вось так: «Хрыстос уваскрос зь мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў, і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў».

а. Аляксандар Надсан

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт