У Менску ўручылі літаратурную прэмію “Дэбют”
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
22.03.2013 14:54
Паэзія – Андрэй Адамовіч, проза – Юлія Шарова, пераклад – Ганна Янкута, спэцпрыз – Глеб Лабадзенка.
У Менску ўручылі прэмію Дэбют імя Максіма Багдановіча. Ляўрэатам у галіне паэзіі стаў Андрэй Адамовіч за кнігу “Дзень паэзіі сьмерці дзень”, у галіне прозы Юлія Шарова за раман “Don Giovanni, альбо Памілаваны свавольнік”, у галіне перакладу Ганна Янкута за перастварэньне твора Чарльза Дыкенса “Калядны харал”, спэцпрэмію за кнігу “Дзіцячая заМова” атрымаў Глеб Лабадзенка.
Прэмію Дэбют заснаваў тры гады таму Беларускі ПЭН-цэнтр і незалежны Саюз беларускіх пісьменьнікаў. Фундатарам прэміі зьяўляецца расейскі бізнэсовец зь беларускімі каранямі Павал Бераговіч, які ня так даўно быў госьцем нашага эфіру.
Спадар Павал выкупіў сядзібу ХІХ стагодзьдзя Падароск у Ваўкавыскім раёне й хоча за свае сродкі зрабіць там Музэй беларускай шляхты. Вёў прэмію Дэбют паэт, старшыня ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч.
Пераможцу ў галіне перакладу абвяшчаў пісьменьнік Алесь Пашкевіч. Суцяшальныя прызы атрымалі Павал Рааго й Сьвятлана Богуш.
Ляўрэата ў галіне “Проза” абвяшчаў перакладчык Лявон Баршчэўскі. Суцяшальныя прызы за прозу атрымалі Андрэй Пакроўскі й Ксэнія Шталянкова.
Пераможцу ў паэзіі абвяшчаў Валянцін Акудовіч. Спадар Валянцін распавёў, што ў спрэчках журы ледзьве не пабілася. Суцяшальныя прызы ў паэзіі атрымалі Наста Манцэвіч і Кацярына Макарэвіч. У інтэрвію нашаму радыё сябра журы, пісьменьнік Уладзімер Арлоў выказаў дымку, што такія прэміі істотна ажыўляюць літаратурны працэс.
Музычна аздабляў вечарыну гурт “Рэха” й ягоны саліст Андрусь Такінданг.
Калі ласка, слухайце поўную вэрсію ў далучаным гукавым файле.
Арцём Багданаў, Менск