Logo Polskiego Radia
Print

Праз 30 гадоў польская эканоміка дагоніць эўрапейскую

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 20.03.2013 15:53
  • 20.03.13-sikorski.mp3
Мяркуе Р. Сікорскі, які прадставіў у Сэйме справаздачу на тэму замежнай палітыкі Польшчы.
Radosław SikorskiRadosław SikorskiРАР

Сёньня міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі выступіў у парлямэнце са штогадовай прамовай на тэму замежнай палітыкі дзяржавы. У ёй закраналіся пытаньні адносінаў з Эўрапейскім Зьвязам, краінамі Ўсходняй Эўропы, сытуацыі польскай эканомікі.

ППраз 30 гадоў польская эканоміка дагоніць эўрапейскую. Пра гэта заявіў Радаслаў Сікорскі, які прадставіў у Сэйме – ніжэйшай палаце парлямэнту – сваю справаздачу на тэму замежнай палітыкі дзяржавы, гэтак званае экспазэ. На думку Сікорскага, у Польшчы ёсьць вялікія шанцы, каб хутка й эфэктыўна разьвівацца.

Р. Сікорскі: Калі мы будзем пасьлядоўныя ў нашых стараньнях, а каньюнктура будзе працаваць на нашу карысьць, то цягам двух дзесяцігодзьдзяў наш нацыянальны валавы прадукт можа дасягнуць узроўню Заходняй Эўропы. Пра гэта сьведчаць прагнозы Міжнароднага валютнага фонду. Нам патрэбнае адно пакаленьне бясьпечнага разьвіцьця, каб дасягнуць вытворчых магутнасьцяў Заходняй Эўропы й каля 30 гадоў, каб дагнаць яе па якасьці жыцьця.

Сікорскі дадаў, што на дадзены момант ВНП Польшчы складае прыкладна 64% ад сярэдняга па ЭЗ. Польшча цешыцца 20-ю гадамі несупыннага разьвіцьця. Гэта азначае, што адно пакаленьне палякаў ведае рэцэсію толькі з падручнікаў альбо з паведамленьняў з іншых краін.

Кіраўнік МЗС перасьцерагае, што нельга ставіць унутраныя інтарэсы паасобных дзяржаваў вышэй за інтарэс Эўрапейскага Зьвязу. Паводле словаў Сікорскага, калі пачаўся крызыс, то далі пра сябе знаць нацыянальныя эгаізмы. Некаторыя мяркуюць, што можна карыстацца дабрадзействамі інтэграцыі, не ўмешваючыся пры гэтым у важныя сумесныя праекты.

Р. Сікорскі: Але трэба памятаць, што калі б Эўрапейскі Зьвяз быў толькі часовай зонай свабоднага гандлю, то абгрунтаваным было б пытаньне аднаго з эўрадэпутатаў: чаму брытанскі падаткаплатнік павінен плаціць за будаўніцтва варшаўскага мэтро?

Тымчасам удзел ЭЗ у сусьветнай эканоміцы падае, яшчэ горш выглядае дэмаграфічная сытуацыя. Меркаваньнем Сікорскага, мары некаторых дзяржаваў Эўрапейскага Зьвязу, каб самастойна дзейнічаць дзеля ўласнай карысьці, гэта небясьпечныя памкненьні. Міністар дадаў, што палякі ўжо пераканаліся, наколькі вялікая можа быць сіла аб’яднанай Эўропы – падчас стараньняў адмяніць расейскую забарону на імпарт польскіх прадуктаў харчаваньня або падчас перамоваў пра пастаўкі газу.

Падкрэсьліваючы ролю краін Усходняй Эўропы для будучыні Польшчы, Сікорскі адзначыў, што інтэграцыя Эўропы з дзяржавамі праваслаўнай цывілізацыі дазволіла б Польшчы быць у цэнтры, а не на пэрыфэрыі.

Р. Сікорскі: Мы зьвязваем вялікія надзеі з самітам Усходняга партнэрства ў лістападзе гэтага году ў Вільні. Мы назавем гэта сваім поўным посьпехам, калі ўдасца падпісаць дамову аб асацыяцыі ды аб свабодным гандлі з Украінай, а таксама завершыць заключэньне падобных пагадненьняў з Малдовай, Армэніяй ды Грузіяй. Мы імкнемся да таго, каб грамадзяне Грузіі, Малдовы, Армэніі, а таксама Расеі маглі езьдзіць у ЭЗ бязь візаў.

Урад занадта аптымістычна ацэньвае геапалітычную пазыцыю Польшчы й слаба стараецца, каб палепшыць адносіны з бліжэйшымі суседзямі, - мяркуе былы віцэ-міністар замежных справаў Вітальд Вашчыкоўскі. На ягоную думку, неабходна таксама вярнуцца да блізкіх узаемадачыненьняў з краінамі поўдня. Ён таксама гаворыць пра тое, што павінна зьмяніцца палітыка Эўрапейскага Зьвязу.

В. Вашчыкоўскі: Замест таго, каб уводзіць абмежаваньні, жорсткія правілы, ашчаднасьці, у выніку якіх ЭЗ становіцца непрывабным месцам, трэба весьці адкрытую палітыку. Дзеля гэтага неабходна запрашаць у чальцы новыя краіны. Гэта Ўкраіна, балканскія дзяржавы, Турцыя. Неабходныя таксама разумныя, прадуманыя адносіны са Злучанымі Штатамі Амэрыкі.

Гэтак прагучаў крытычна голас на тэму выступленьня міністра Радаслава Сікорскага пра напрамкі польскай замежнай палітыкі. Але агулам назіраецца няшмат эмацыйных спрэчак вакол замежнай палітыкі. Доктар Бартламей Новак з Цэнтру міжнародных адносінаў адзначае, што ёсьць толькі адно насамрэч вострае пытаньне ў спорах апазыцыі з кааліцыяй – гэта ўваход у зону адзінай эўрапейскай валюты эўра.

Б. Новак: Гэтае спрэчнае пытаньне паявілася падчас дэбатаў аб фінансавай дамове. Права й справядлівасьць паставіла вельмі важны тэзіс, на які практычна не зьвярнулі ўвагі польскія сродкі масавай інфармацыі. Уваход у эўразону давядзе да пэрыфэрыйнасьці польскай эканомікі. Польшча не гатовая ў структурным пляне да гэтай зьмены, таму калі мы ўвойдзем у эўразону, то пачнуць дзейнічаць мэханізмы, якія дзейнічалі ў Грэцыі.

Кіраўнік польскай дыпляматыі Радаслаў Сікорскі выступіў у Сэйме з прамовай на тэму асноўных кірункаў замежнай палітыкі. Ён пацьвердзіў таксама, што восеньню адбудуцца буйныя вайсковыя вучэньні дзяржаваў -чальцоў NATO. Як піша польская прэса, у адказ на гэта расейцы з беларусамі ладзяць манэўры “Захад 2013”. У пляне вучэньняў ёсьць быццам бы ядзерная атака на Варшаву.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт