Logo Polskiego Radia
Print

Дзе беларускі ген бунту (дапоўнена)

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 11.03.2013 15:55
  • laz-1.mp3
  • laz-2.mp3
Жыцьцё на “скразьняку гісторыі” прымушвала невялікую нацыю, якой былі й ёсьць беларусы, да прыстасоўваньня й пасыўнасьці.

/

Беларускі ген свабоды – ці ён існуе, а калі так, то ў якой форме, ці можна яго разварушыць, разбудзіць? Над гэтым пытаньнем задумоўваліся ўдзельнікі трохдзённай навукова-папулярнай канфэрэнцыі, якая завершылася ў нядзелю ў Варшаве. Беларуская гісторыя, культура ды літаратура мае нямала прыкладаў на тое, што беларусы далёка не заўсёды бяз слова супраціву паддаваліся ўладзе або акупанту.

У выходныя ў прыватнай ВНУ – Вучэльні Лазарскага – сабраліся дзясяткі выдатных беларускіх, польскіх ды замежных інтэлектуалістаў. Яны даказвалі, што цягам свагодзьдзяў была ў беларусаў цяга да свабоды, была талерантнасьць, было змаганьне за волю. Але жыцьцё на “скразьняку гісторыі” прымушвала невялікую нацыю, якой былі й ёсьць беларусы, да прыстасоўваньня й пасыўнасьці, - гаворыць вольны літаратар Валярына Кустава.

В. Кустава: Я перакананая, што ў нас ёсьць ген беларускасьці, але ён знаходзіцца ў пасыве. Яго трэба разварушваць. Разварушваць такімі творамі, якія пісаў У. Караткевіч, і якія цяпер мусяць быць напісаныя, разварушваць сваімі прамовамі, сваімі словамі, сваім уласным прыкладам, ідучы да людзей. Натуральна, што ў нас ёсьць гэты ген. Але праз сваю пасыўнасьць і апатычнасьць беларусы ўвогуле ў свой час выжылі. І таму гэта ў нас ужо на ўзроўні інстынкта, гэты ген трэба разбудзіць.

Падчас гістарычнай сэкцыі гісторыкі прыводзілі прыклады змаганьня беларусаў за свабоду. Быў супраціў маскоўскай уладзе падчас Інфлянцкай вайны, Слуцкі збройны чын, антыдзяржаўныя дзеяньні ды настроі беларускага насельніцтва ў ІІ Рэчы Паспалітай. Гісторыкі падкрэсьлівалі, якімі багатымі ў нацыянальным пляне былі беларускія мястэчкі, дзе мірна суіснавалі беларусы, палякі, габрэі ды іншыя нацыі. І менавіта на гэта зьвярнуў увагу прафэсар Джорджтаўнскага ўнівэрсытэту (ЗША) Анджэй Каміньскі.

А. Каміньскі: У Беларусі была цудоўная талерантнасьць. Нават у папскім Рыме засмучаліся, што ёсьць два такія праблемныя месцы, дзе ёсьць гэтая памяркоўнасьць – Трансыльванія ды Польшча-Літва. А ў мяне да вас прапанова – зрабіце альбом пра мірнае суіснаваньне розных рэлігій ды нацый у беларускіх мястэчках. Пакажыце, што ёсьць і што было. Гэта ж будзе Нью Ёрк XVIII-га стагодзьдзя! Калі ў адным мястэчку былі побач ўніяцкая царква, праваслаўны храм, кальвінісцкая царква, сынагога, татарская мячэць... У Беларусі гэтая талерантасьць існавала доўга, пра што ніхто ня ведае. Пакажыце гэта – у нас было так, як амаль нідзе не было.

Дыскусія падчас сэкцыі культуры вялася таксама пра ролю праваслаўнай царквы й каталіцкага касьцёла ў Беларусі. Чаму сьвятары не займаюць рашучай пазыцыі ў важных для грамадзтва пытаньнях, як палітычныя вязьні, сьмяротнае пакараньне, ня кажучы ўжо пра актыўны супраціў існуючай уладзе, які існаваў, напрыклад, у Польшчы ў 80-ыя гады? На думку сьвятара й багаслова Пятра Рудкоўскага, так адбываецца таму, што ў рэлігійных установаў няма адпаведных рэсурсаў, каб супрацьстаяць уладзе.

П. Рудкоўскі: Этычныя прыярытэты адрозьніваюцца ў выпадку царквы й сэкулярных інстытуцыяў. У значнай ступені хрысьціянскія рэлігіі дыстанцуюцца ад грамадзка-палітычнага жыцьця. Хутчэй за ўсё таму, што яны абмежаваныя ў сваіх чалавечых, інтэлектуальных рэсурсах, пасьля падзеньня Савецкага Саюзу не ўсталявалася гэтая традыцыя асэнсоўваньня грамадзка-палітычнай рэчаіснасьці. Гэта адбываецца паволі, праблема ў тым, што не хапае часу.

Змагацца з уладай, супраціўляцца насільлю дапамагае гумар, сьмех. Калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, гэтага сьмеху была шмат, але пазьней ён заціх. Чаму так сталася? Таму, што сама ўлада дастаткова карнавальная – тлумачыць Андрэй Расінскі зь Беларускага калегіюму.

А. Расінскі: Што ня так з сучаснай Беларусьсю? У яе нешта ня так з карнавалам. Карнавал – гэта татальны сьмех, калі сьмяецца кожны, сьмяецца ўвесь сьвет, з усяго, у тым ліку зь сябе самога. Адразу па прыходзе Лукашэнкі да ўлады зьявіліся абразьлівы мянушкі, анэкдоты, якія разглядалі кіраўніка такім карнавальным чынам. Але з 2000-ых гадоў гэты сьмех сьцішаецца. Гэта адбываецца ня толькі таму, што ёсьць гвалт, людзі разгубіліся й аслаблі. Асноўная прычына ў тым, што ёсьць карнавал аўтарытарны. Аўтарытарызм выкарыстоўвае карнавал. Калі мы паглядзім на Славянскі базар, сьвята трэшу – кіраўнік краіны таньчыць з трансвэстытам Веркай Сярдзючкай – гэта карнавал.

Канфэрэнцыя “Бунт у імя свабоды. Забыты беларускі ген?” закончылася. Яе ўдзельнікі стараліся паказаць, што самастойная беларуская нацыя, беларуская культура ды літаратура існуюць й разьвіваюцца, насуперак неспрыяльным умовам, якія стварыў дзяржаўны рэжым. Існуе беларускі ген свабоды, але неабходна яго разбудзіць і разварушыць.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт