Logo Polskiego Radia
Print

Зьнешнегандлёвы дэфіцыт за месяц скараціўся ў 4 разы

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 06.03.2013 20:22
  • Зьнешнегандлёвы дэфіцыт за месяц скараціўся ў 4 разы.mp3
З чым гэта зьвязана?
Фота: FreeSMI.byФота: FreeSMI.by

Сальда зьнешняга гандлю Беларусі ў студзені 2013 году зноў было адмоўным, што канстатавалі шматлікія беларускія СМІ. Аднак у параўнаньні з апошнімі месяцамі мінулага году дэфіцыт зьнешняга гандлю скараціўся ажно ў 4 разы! Беларуская эканоміка пачала вылечвацца ад хранічнай хваробы? Сытуацыю спрабаваў высьветліць Аляксандар Папко.

Сальда зьнешняга гандлю таварамі “сышло ў мінус” у сярэдзіне мінулага году, пасьля таго як Расея забараніла Менску экспартаваць нафтапрадукты пад выглядам растваральнікаў. У жніўні дэфіцыт зьнешняга гандлю склаў 342 мільёны і працягваў павялічвацца. У лістападзе й сьнежні імпарт Беларусі перавышаў экспарт на 641 і 684 мільёны даляраў. У першы месяц гэтага году, паводле дадзеных Белстата, дэфіцыт скараціўся больш як у 4 разы – да 150 мільёнаў даляраў.

Радавацца рана, кажуць эканамісты – гэта ўсяго толькі сэзонныя ваганьні. Імпарт перад Новым годам рос, бо беларускія прадпрыемствы запасаліся сыравінай, рыхтуючыся да навагодніх сьвятаў. А падчас саміх сьвятаў як экспарт, так і імпарт зьменшыліся, тлумачыць эканаміст Леанід Заіка.

Л. Заіка: Напрыканцы году было вельмі шмат закупак сыравіны і камплектуючых. Студзень для Расеі – гэта месяц “Куршавэлю”, калі спыняецца ўся вытворчасьць, а бізнэсмэны выяжджаюць на адпачынак. Беларускім прадпрыемствам трэба назапасіць матэрыялаў наперад, таму імпарт з Расеі расьце. У студзені жа попыт насельніцтва рэзка скарачаецца – пасьля моцнай хвалі сьвяточнага шопінгу. Таму падае як экспарт, так і імпарт.

Ці ўдасца паправіць гандлёвы балянс Беларусі, будзе бачна толькі па выніках квартала, кажа Леанід Заіка. Рабіць нейкія прагнозы сёньня цяжка. Аднак ужо бачна, што ў беларускім зьнешнім гандлі адбываюцца цікавыя зьмены, зьвязаныя з уваходжаньнем Расеі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю і з Мытным зьвязам, кажа Леанід Заіка.

Л. Заіка: Расея пачала закупляць у Беларусі ў тры разы больш моцных алькагольных напояў. Беларусь купіла ў Расеі ў два разы больш сьвініны. Таксама Беларусь у два разы павялічыла імпарт бананаў з Расеі, хоць бананы ў Расеі, як вядома, не растуць. Гандлёвыя плыні пакуль што толькі фармуюцца, таму трэнды вызначаць рана.

Ці будзе курс беларускага рубля стабільным? Вядома, што ён моцна залежыць ад дэфіцыту зьнешняга гандлю. Курс беларускага рубля будзе такім, як захоча Ўладзімер Пуцін – кажа Леанід Заіка.

Л. Заіка: Курс беларускага рубля залежыць ад рашэньняў Пуціна: ад таго ці дасьць ён нафту ў тых аб'ёмах, якіх патрабуе Менск. Кожны дадатковы мільён тонаў нафты дае Беларусі прыбытак у 500 мільёнаў даляраў, якія ідуць на падтрымку курсу. Крэмль трымае Лукашэнку на кароткім павадку. Пуцін не бярэ на сябе доўгатэрміновых забавязальніцтваў па нафце а асабіста назірае, як сябе паводзіць беларускае кіраўніцтва, што кажа... Таму сваёй уласнай лёгікі ў курсе беларускага рубля няма.

Аднак пакуль што Расея не сьпяшаецца даць большых аб’ёмаў нафты, якія б вырашылі праблему гандлёвага дэфіцыту. Рашэньне па гэтым пытаньні будзе прынятае 15 сакавіка – кажа эканаміст Міхась Залескі.

М. Залескі: Расейцы ня ўпэўненыя ў тым, што Беларусь здольная перапрацаваць 23 мільёны тонаў нафты. Яны баяцца, што Менск будзе нафту рээкспартаваць, баяцца новых авантураў, кшталту скандалу з растваральнікамі, які быў у мінулым годзе.

У гэтым годзе ў зьнешнім гандлі таварамі складзецца невялікі дэфіцыт, прадказвае аналітык Сяргей Чалы. Ён ня створыць пагрозы стабільнасьці беларускага рубля, калі памылак не наробяць самі беларускія ўлады – лічыць эканаміст.

С. Чалы: Я мяркую, што сальда будзе адмоўным. Але дэфіцыт ня будзе крытычным – на ўзроўні 4% ВУП. Усё залежыць ад таго, ці не наробяць глупстваў самі ўлады. Шанцы на гэта, на жаль, ёсьць.

Такім чынам, рэзкага паляпшэньня зьнешнегандлёвага балянсу Беларусі пакуль не адбылося. А памер дэфіцыту ў зьнешнім гандлі й стабільнасьць беларускага рубля будуць залежаць ад аб’ёмаў паставак расейскай нафты. Так што сустрэча Ўладзімера Пуціна й Аляксандра Лукашэнкі 15 сакавіка можа стаць для беларускай эканомікі вырашальнай.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт