Памёр Уга Чавэс. Ён праіграў сваё амаль двухгадовае змаганьне з ракам. Вэнэсуэльскі прэзыдэнт памёр у ваенным шпіталі Каракаса, дзе цягам двух апошніх тыдняў праходзіў хіміятэрапію пасьля апошняй апэрацыі, зробленай на Кубе.
Пра сьмерць Уга Чавэса са сьлязамі ў вачах паведаміў віцэ-прэзыдэнт краіны Нікаляс Мадура. Ён таксама абвінаваціў „ворагаў Вэнэсуэлы” ў адказнасьці за хваробы й сьмерць прэзыдэнта.
Дарэчы, незадоўга да сьмерці Чавэса віцэ-прэзыдэнт Мадура выслаў з краіны двух амэрыканскіх ваенных аташэ, якіх абвінаваціў у змове з вэнэсуэльскімі афіцэрамі з мэтай дэстабілізацыі сытуацыі ў краіне.
Уга Чавэс карыстаўся найбольшай падтрымкай у гісторыі Вэнэсуэлы. Левыя сілы бачылі ў ім нацыянальнага героя, які выратаваў краіну ад беднасьці. Дарэчы, цягам 14 гадоў ягонай улады ўзровень беднасьці ў Вэнэсуэлы ўпаў з 50% да 32%. У сваю чаргу правыя сілы лічылі Чавэса дыктатарам і ўзурпатарам.
Аналітык Польскага інстытута міжнародных спраў Кінга Брудзіньска падкрэсьлівае, што Ўга Чавэс быў вельмі харызматычным палітыкам, і многія вэнэсуэльцы яго шчыра любілі.
Кінга Брудзіньска: Пра гэта сьведчыла ня толькі ягоная ідэалёгія, але й спосаб стаўленьня да людзей. Ён умеў зь імі гуляць, танцаваць, аказваць ім сваю падтрымку й салідарнасьць. Аднак жа нельга забываць таксама пра фінансавы аспэкт гэтай папулярнасьці. Для захаваньня ўлады Чавэс субсідзіраваў як вэнэсуэльскую эканоміку, так і грамадзтва.
Уга Чавэс дабіўся папулярнасьці ў 1992 годзе пасьля спробы правядзеньня няўдалага дзяржаўнага перавароту. Шэсьцю гадамі пазьней ён быў упершыню абраны прэзыдэнтам краіны (атрымаў 56% галасоў выбаршчыкаў). Неўзабаве пасьля гэтага Чавэс зьмяніў Канстытуцыю. Новы Асноўны закон гарантаваў усім грамадзянам жыльлё й працу. Чавэс вызначыў 6-гадовы тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў і зацьвердзіў пакет законаў, якія далі яму кантроль над ваеннымі й судовымі ворганамі.
Чавэс неаднаразова выступаў супраць Злучаных Штатаў Амэрыкі, падтрымліваў кантакты зь лідарамі Расеі, Ірана, Кубы, Кітая й Беларусі. А прыхільныя сабе краіны неаднойчы, як падкрэсьліваюць камэнтатары, падтрымліваў фінансавымі сродкамі.
У 2002 годзе Чавэса спрабавалі адсунуць ад улады. Пасьля шэрагу дэманстрацыяў апазыцыі яго прымусілі адмовіцца ад прэзыдэнцкай пасады. У адказ на вуліцы выйшлі сотні тысяч прыхільнікаў Чавэса. Тады генэралы зьмянілі сваё стаўленьне й праз два дні прэзыдэнт вярнуўся на сваю пасаду.
У 2007 годзе Чавэс абвясьціў плян нацыяналізацыі. Ён сказаў тады, што ў мэтах умацаваньня сацыялістычнай рэвалюцыі ў краіне ўвесь нафтавы сэктар павінен быць нацыяналізаваны. Нагадаем, даходы нафтавай прамысловасьці складаюць 60% ВУП Вэнэсуэлы.
Уга Чавэс: Капіталістычнае прадпрыемства ня мае нічога супольнага з эканоміяй энэргіі. Яно больш зьвязанае зь ейным марнатраўствам. Гэта адна з прычын, чаму мы вырашылі нацыяналізаваць вэнэсуэльскі электраэнэргетычны й энэргетычны сэктары.
- казаў Чавэс у вэнэсуэльскім парлямэнце ў 2007 годзе.
Пасьля сьмерці 58-гадовага прэзыдэнта ў краіне абвешчаны сем дзён нацыянальнай жалобы. Дзяржаўныя сьцягі былі апушчаныя да паловы флагштокаў, адменены заняткі ў школах і ВНУ.
Труна зь целам Уга Чавэса была выстаўленая ў ваеннай акадэміі ў Каракасе. Урачыстае пахаваньне вэнэсуэльскага прэзыдэнта заплянаванае на бліжэйшую пятніцу.
Тым часам абавязкі кіраўніка дзяржавы перайшлі да віцэ-прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаляса Мадуры. У адпаведнасьці з Канстытуцыяй на працягу 30 дзён ён павінен аб'явіць новыя прэзыдэнцкія выбары.
Тым часам, як падкрэсьлівае Кінга Брудзіньска, барацьба за спадчыну Чавэса працягваецца ў Вэнэсуэлы ўжо некалькі месяцаў, то бок у час, калі хворы прэзыдэнт не прымаў удзел у палітычным жыцьці краіны. Паводле экспэрткі, прынамсі пакуль раўнавага палітычных сіл ва ўрадзе Вэнэсуэлы даволі празрыстая.
Кінга Брудзіньска: У лягеры ўлады праходзіць барацьба за вызначэньне лідара. На самой справе факт, што Чавэс вызначыў сваім наступнікам Нікаляса Мадуру, крыху супакоіла сытуацыю, паколькі гэта ён цяпер выконвае ролю прэзыдэнта краіны.
На думку экспэрткі на бліжэйшых прэзыдэнцкіх выбарах пераможа менавіта Нікаляс Мадура. Так адбудзецца, між іншым, у сувязі з тым, што вэнэсуэльская апазыцыя слабая.
У сваю чаргу доктар сацыялягічных навук Пётр Куляс лічыць, што сьмерць Чавэса можа паўплываць на ўнутраную палітыку Вэнэсуэлы.
Пётр Куляс: Парадаксальна, сьмерць Чавэса можа прычыніцца да дэмакратызацыі Вэнэсуэлы. Гэта была постаць, якая перамагаючы шляхам дэмакратычных выбараў, усё ж старалася здушыць дэмакратычную апазыцыю ў краіне. Таму ўзьнікае надзея, што выбары, якія пройдуць пасьля ягонай сьмерці, будуць праходзіць у больш дэмакратычнай атмасфэры.
Ідалам Уга Чавэса быў Сімон Балівар - герой барацьбы за вызваленьне Паўднёвай Амэрыкі ад гішпанскіх каляністаў. У яго гонар нават зьмяніў назву краіны на Баліварыянская Рэспубліка Вэнэсуэла.
Тым часам пра свае засьцярогі наконт улады Чавэса паведамляла міжнародная праваабарончая арганізацыя „Amnesty International”. Ейныя чальцы абвінавачвалі вэнэсуэльскага лідара ў выкарыстоўваньні катаваньняў, выконваньні сьмяротных прысудаў без суда й сьледзьтва, а таксама таямнічых зьнікненьнях грамадзянаў. Уга Чавэс таксама быў адказным за напружаныя адносіны з Каталіцкім касьцёлам, іерархаў якога публічна й нахабна крытыкаваў.
Сьмерць Чавэса выклікала хвалю спачуваньняў, перш за ўсё з краін Лацінскай Амэрыкі. Куба, дзе вэнэсуэльскі дыктатар праходзіў лячэньне, абвясьціла жалобу. Таксама кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка распарадзіўся апусьціць дзяржаўныя сьцягі краіны да паловы флагштокаў.
аз