Logo Polskiego Radia
Print

Сусьветны дзень сацыяльнай справядлівасьці

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 20.02.2013 17:23
20 лютага па ініцыятыве Арганізацыі аб’яднаных нацый адзначаецца Сусьветны дзень сацыяльнай справядлівасьці.
pl.wikipedia.orgpl.wikipedia.org

pl.wikipedia.org

Сусьветны дзень сацыяльнай справядлівасьці быў устаноўлены Генэральнай Асамблеяй ААН і адзначаецца штогод 20 лютага. Адпаведнае рашэньне было прынятае 26 лістапада 2007 года на 62 сэсіі Асамблеі. Першае сьвяткаваньне адбылося ў 2009 годзе.

Ідэяй такога дня зьяўляецца садзейнічаньне намаганьням па скарачэньні беднасьці, сацыяльнай ізаляцыі і беспрацоўя.


Генэральная Асамблея ААН, якая налічвае 192 сябраў, аднагалосна прыняла рэзалюцыю, у якой утрымліваецца заклік да дзяржаваў-сябраў заахвочваць у гэты дзень да рознага кшталту ініцыятыў па рэалізацыі на нацыянальным узроўні мэтаў і задач, адобраных на Сусьветным саміце на карысьць сацыяльнага разьвіцьця (сустрэча прайшла ў сакавіку 1995 г. у Капэнгагене), а таксама падчас 24. адмысловай сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН ў Жэнэве, названай „Сацыяльным самітам + 5”.

Урады, якія удзельнічалі ў паседжаньнях саміту, абавязаліся падтрымліваць барацьбу зь беднасьцю, імкненьне да поўнай занятасьці насельніцтва і сацыяльнай інтэграцыі грамадзтва праз рэалізацыю агульных мэтаў развіцьця.

Падчас працы над канцэпцыяй Сусьветнага дня сацыяльнай справядлівасьці ААН-аўскі сход "прызнаў неабходнасьць кансалідацыі далейшых мер, прапрынятыx міжнароднай супольнацьцю, па барацьбе з беднасьцю, садзейнічаньню працаўладкаваньню, гендэрнай роўнасьці, доступу да сацыяльных паслуг і справядлівасьці для ўсіх грамадзян".

Пад сацыяльнай справядлівасьцю шмат хто разумее роўнасьць, лічыць сацыёляг Аляксандар Сасноў.

Аляксандар Сасноў: Гэта, можна сказаць, левы лёзунг, у палітычным сэньсе. Левыя заўжды выступаюць за справядлівасьць, роўнасьць. А я лічу, што справядлівасьць і роўнасьць могуць быць толькі ў адным — каб для ўсіх былі аднолькавыя законы. У астатнім — кожны чалавек іншы. У кагосьці больш здатнасьцяў, у кагосьці — больш сілы, а яшчэ ў кагосьці — нечага іншага. Пад сацыяльнай справядлівасьцю шмат хто разумее роўнасьць. Ён дурань, але ён будзе роўны з разумным, будзе роўна зь ім жыць. Алеж кожны чалавек розны. Калі ў яго няма нагі або рукі, дык такому трэба дапамагаць. Усе астатнія павінны самі змагацца за сваё жыцьцё. І чым менш дзяржава перашкаджае ў гэтым, тым лепш.

У сваю чаргу мастак Алесь Пушкін упэўнены, што гэты дзень трэба зрабіць беларускім сьвятам.

Алесь Пушкін: Гэты дзень я б нашай дзяржавай прапагандаваў, таму што Беларусь, навідавоку, яна сацыяльная дзяржава. У нас розьніца паміж самымі багатымі й самымі беднымі не такая вялікая, як у Амэрыцы ці Расеі. Я б на месцы дзяржавы прапагандаваў гэты дзень.

Што ж такое „сацыяльная справядлівасьць” і ці наогул яна магчымая? З гэтым пытаньнем зьвяртаемся да філёзафа Валянціна Акудовіча.

Валянцін Акудовіч: Сацыяльная справядлівасьць, безумоўна, немагчымая, тут няма пра што казаць. Але разам з тым памкненне да большай, калі гэта магчыма, сацыяльнай справядлівасьці — яно было, ёсьць і будзе. Заўсёды будзе. Так што сам па-сабе лёзунг — харошы. І дзень добра, што ёсьць. Толку ад яго, дапраўды, ніякага. Сэнс хіба ў тым, каб пагаварыць пра сацыяльную справядлівасьць. Хоць пытаньне гэта насамрэч сур’ёзнае, з тых, што называюць філязофскім. І абсалютна жыцьцёвае. Сьвет створаны несправядлівым. Чалавек — сам крыніца зла. Але кожны хоча, каб справядлівасьці было трошкі больш, асабліва моцна пакрыўджаныя гэтым сьветам.

„Як гэта ні сумна, сацыяльная справядлівасьць ўсё яшчэ застаецца недасяжнай марай для вялізнай часткі чалавецтва. Крайняя беднасьць, голад, дыскрымінацыя і парушэньні правоў чалавека да гэтага часу наносяць балючыя ўдары па маральнасьці грамадства. Глябальны фінансавы крызыс нясе з сабой пагрозу яшчэ большага ўзмацненьня гэтых зьяў.” Была гэта вытрымка з Паведамленьня Генэральнага Сакратара ААН Пана Гі Муна з нагоды Сусьветнага дня сацыяльнай справядлівасьці ў 2008 годзе.


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт