Logo Polskiego Radia
Print

Ці перасяленьне рысяў мае сэнс

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 15.02.2013 17:27
  • Ці перасяленьне рысяў мае сэнс.mp3
Ці ў польскіх мазурскіх лясах надалей жыве 8 рысяў і 51 воўк? Столькі асобнікаў было адсочана падчас уліку два гады таму.

foto:
foto: Bernard Landgraf/Wikimedia Commons

На днях пачаўся сёлетні ўлік на Варміі й Мазурах. У праекце, фінансаваным Фондам дзікай жывёлы WWF-Polska, удзельнічае больш за 200 лясьнікоў.

Пра праект уліку мы будзем размаўляць з прадстаўніком фонду Стэфанам Якімюком.

Як у польскіх лясах лічаць драпежнікаў? Як можна атрымаць верагодныя вынікі?

С. Якімюк: Па сьвежаму сьнежнаму покрыву. Трэба пачакаць 2-3 дні прынамсі, для таго, каб зьвяры маглі пакінуць сьвежыя сьцяжынкі. І на іх падставе можна ацаніць, колькі драпежнікаў жыве ў дадзеным рэгіёне. Інвэнтарызацыя пры дапамозе сьцяжынак зьяўляецца адным са спосабаў, які робіць магчымым падлік жывёлы. Мы ніколі не ўпэўненыя цалкам, што ёсьць менавіта столькі драпежнікаў. Аднак гэты спосаб дазваляе прыблізна ацаніць іх колькасьць.

Зразумела, што галоўная мэта – даведацца, колькі гэтых драпежнікаў, і дзе яны жывуць. Якім чынам гэтыя веды будуць выкарыстаныя? Ці гэтая інфармацыя прыдасца вашаму фонду, які займаецца аднаўленьнем папуляцыі рысяў у польскіх лясах?

С. Якімюк: Для нас важна ведаць колькасьць і месца, дзе жывуць рысі й ваўкі. Дзякуючы гэтаму мы ведаем, якія існуюць пагрозы, дзе жывёла найлепш сябе адчувае. Плян перасяленьня рысяў ёсьць. Частка рысяў паходзіць з Эстоніі. Мы хочам іх перавезьці ў мазурскія лясы. Але таксама будзем выпускаць на волю драпежнікаў, якія размнажаліся ў няволі. Мы іх выпусьцім у натуральнае асяродзьдзе, каб яны жылі ў гэтых лясах. Улік рысяў пры дапамозе сьцяжынак дапамагае нам зразумець, ці нашая праца прыносіць вынік. Калі акажацца, што ёсьць якая-небудзь праблема з рысямі, то мы будзем задумвацца, якая. Інвэнтарызацыя дае нам магчымасьць ацаніць, ці сапраўды рысі ёсьць у прыродзе. Паколькі адна справа – выпускаць драпежнікаў у лес, а іншая – ці яны там прыжывуцца, і ці папуляцыя гэтага найбуйнейшага эўрапейсага ката адраджаецца менавіта тут.

Фонд дзікай жывёлы WWF-Polska займаецца рэінтрадукцыяй рысяў. Нагадаем, што гэта перасяленьне й засяленьне зноў дзікіх жывёл і расьлін пэўнага віду на тэрыторыю, дзе яны раней жылі й расьлі, але адкуль па якіх-небудзь прычынах зьніклі. Мэта рэінтрадукцыі - стварэньне новай і ўстойлівай папуляцыі.

С. Якімюк: Сапраўды, рысі калісьці жылі ў мазурскіх лясах. Тут была такая крыху ізаляваная папуляцыя. І паколькі мы выпускаем рысяў у дзікую прыроду, то трэба адсочваць, што зь імі адбываецца. Ці гэтая папуляцыя аднаўляецца, а можа ёсьць праблемы. У сувязі з гэтым вядзецца маніторынг пры дапамозе тэлемэтрычнага нашыйніка, які апранаецца некаторым рысям, выпушчаным на волю, каб праверыць, дзе яны жывуць, чаму аддаюць перавагу, дзе найлепш пачуваюцца, якіх месцаў пазьбягаюць. Другі спосаб адсочваньня – гэта ўлік па сьцяжынках. Найлепшай парою году для гэтага зьяўляецца зіма. Сьнег дае дасканалую магчымасьць адсочваць гэтыя сьцежкі.

Падчас папярэдняга ўліку драпежнікаў было вызначана, што ў Варміі й Мазурах жыве прынамсі 51 воўк і восем рысяў. Чаму гэтых драпежнікаў лічаць разам? Ці яны разам перамяшчаюцца?

С. Якімюк: Яны перамяшчаюцца незалежна, але жывуць на той жа самай тэрыторыі. Мы лічым ваўкоў пры нагодзе. Калі мы адсочваем сьцяжынкі рысяў, то адначасова бычым сьляды ваўкоў і пры нагодзе ацэньваем, колькі іх можа быць. Бо ўлік выглядае наступным чынам. Ёсьць адмыслова вызначаныя трасы, па якіх вельмі павольна едзе аўтамабіль з назіральнікамі. Калі яны пабачаць якія-колечы сьляды, то высядаюць і найперш ацэньваюць, чые яны – рысі ці ваўка. У другой чарговасьці ацэньваецца колькасьць драпежнікаў. Важным таксама зьяўляецца параўнаньне колькасьці драпежнікаў зь іншай жывёлай, якая жыве на той жа тэрыторыі. Ці іншых гатункаў дастаткова дзеля таго, каб тут жылі рысі ці ваўкі.

Ці на падставе гэтых зьвестак можна сьцьвердзіць, што лічба рысяў і ваўкоў у мазурскіх лясах расьце?

С. Якімюк: Гэта толькі другая інвэнтарызацыя на падставе сьцяжынак на такой вялікай тэрыторыі. Мы вядзем улік у двух вялікіх комплексах, якія разам маюць больш за 200 тысяч гектараў лесу. Гэта агромністая тэрыторыя. Два гады таму такі ўлік праводзіўся ўпершыню. Сёлета мы ахапілі крыхубольшую тэрыторыю й пабачым якія будуць вынікі. Толькі пасьля аналізу ўсёй інфармацыі можна будзе рабіць адпаведныя высновы. Пакуль рана нешта казаць.

Паводле меркаваньня вядомага экспэрта па рысях Урса Брэйтэнмосэра, мазурскія лясы маглі б засяляць ад 20 да 40 рысяў. Эколягі з WWF-Polska спадзяюцца, што ў выніку іх працы так і будзе.

М. Вечаркевіч/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт