Усё менш расейскай нафты ідзе праз Польшчу
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
15.01.2013 15:31
Масква закруціла гайкі й спыніла транзыт нафты праз Гданьск.
Масква закруціла гайкі й спыніла транзыт нафты праз Гданьск. Аднак польскі нафтапорт быў падрыхтаваны да перыпыненьня паставак расейскай нафты.
Летась транзыт зьменшыўся на 80%. У апошнія месяцы яго спынілі цалкам. Расейцы адмовіліся ад Гданьска таму, што запусьцілі сваю сыстэму транзыту нафты з выкарыстаньнем свайго порту Ўст-Луга блізу Пецярбурга. Сыстэма БТС-2 павінна вызваліць Расею ад залежнасьці ад транзытных краін.
Паводле старшыні фірмы ПЭРН, уладальніка нафтапорту, скарачэньне транзыту праз Гданьск не пашкодзіла прыбыткам гэтай інвэстыцыі. Прыбытак фірмы вырас на 25% у параўнаньні з папярэднім годам. Як гэтага ўдалося дасягнуць? – шляхам павелічэньня экспарту ды імпарту паліва ў Польшчу ды скарачэньня сабекоштаў, тлумачыць старшыня Маскалевіч.
Расейцы цягам некалькіх гадоў пасьлядоўна ўсё менш і менш карысталіся польскім нафтапортам. У 2007 годзе груз расейскай нафты складаў 11 мільёнаў тон, летась — усяго 700 тысяч тон. Раней такую колькасьць расейскія канцэрны адпраўлялі танкерамі ў сьвет за адзін месяц. Расея скараціла транзыт ня толькі праз нафтапорт у Гданьску. За 11 месяцаў мінулага году нафтаправод „Дружба”прыняў усяго 37 мільёнаў тон нафты.
яс/Dzienik.Gazeta Prawna