Logo Polskiego Radia
Print

XXI фінал Вялікага аркестру сьвяточнай дапамогі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 13.01.2013 07:30
  • Вялікi аркестр.mp3
Сёлета фонд зьбірае ахвяраваньні для дзяцей й пажылых людзей.

Палова ахвяраваньняў - для дзяцей, палова - для пажылых людзей. Для гэтых дзьвюх грамадзкіх груп у бліжэйшую нядзелю будзе зьбіраць грошы дабрачынны фонд „Вялікі аркестар сьвяточнай дапамогі”. Штогадовая дабрачынная акцыя пройдзе ўжо дваццаць першы раз.

1800 штаб-кватэраў па ўсёй Польшчы, 150 тысячаў каляровых кардонных скрынак, у якія можна будзе кінуць грошы.

На гэты раз фонд „Вялікі аркестар сьвяточнай дапамогі” будзе зьбіраць грошы ня толькі для дзіцячых шпіталяў, але й для герыятрычных аддзяленьняў.

Кіраўнік акцыі Ежы Оўсяк заявіў на прэс-канфэрэнцыі, што палова сабраных грошай будзе прызначана для дзяцей, палова - для пажылых людзей.

„Калі гаворка ідзе пра лячэньне дзяцей, то мы лічым, што ведаем ужо ўсё", - пажартаваў Оўсяк. Ён падкрэсьліў, што набытае фондам мэдычнае абсталяваньне самай высокай якасьці.

Ежы Оўсяк: Пасьля 20 гадоў досьведу мы можам заняцца вельмі спэцыялізаванымі галінамі дзіцячай мэдыцыны. Цяпер хочам купіць інкубатар, які разам зь немаўляткам можна зьмесьціць у магніта-рэзанансавы тамограф і зрабіць агляд. Без такога інкубатара дзіця трэба ўсыпляць перад аглядам, а гэта небясьпечна для яго жыцьця й здароўя. Гэткія інкубатары вырабляе толькі адна фірма ў сьвеце. І вось надоечы, ад імя фонду, я заключыў зь ёй дамову на набыцьцё двух інкубатараў. Дзеля прыкладу, у Гішпаніі працуе таксама толькі два такія інкубатары, у Нямеччыне- чатыры. Гэта тэхніка выкарыстоўваецца ў адзінках.

- сказаў Ежы Оўсяк.

За сабраныя грошы фонд хоча таксама замяніць мэдычную тэхніку, купленую “Аркестрам” у першай палове 90-х гадоў.

У гэтым годзе, упершыню ў гісторыі фонду, дапамога будзе накіравана таксама для пажылых людзей, якім больш за 80 гадоў. Гаворка ідзе пра стварэньне новых і мадэрнізацыю існуючых герыятрычных аддзелаў у шпіталях.

Эканаміст і герантоляг, выкладчык Галоўнай гандлёвай школы ў Варшаве прафэсар Пётр Блэндоўскі кажа, што апрача канкрэтнай падтрымкі, акцыя “Аркестра” ўсьведаміць грамадзкай думцы, што дагляд за пажылымі людзьмі - гэта выклік сучаснасьці.

Пётр Блэндоўскі: Я перакананы, што гэта спрычыніцца да зьмены стаўленьня да пажылых людзей. Калі пра гэтую справу гаворыць чалавек, які цягам 20 гадоў праводзіць эфэктыўныя зборы ахвяраваньняў, ды якога слухаюць і паважаюць мільёны палякаў, то лепшага мэтаду закрануць увагу грамадзкай думкі быць ня можа.

Прафэсар Блэндоўскі адзначае, што найбольшыя патрэбы маюць ўстановы, якія займаюцца доўгатэрміновым даглядам за пажылымі людзьмі- гэта як апякунча-лячэбныя ўстановы.

Пётр Блэндоўскі: Тут назіраюцца найбольшыя недахопы. У іх мала адпаведнай мэдычнай тэхнікі, кадравыя недахопы, недастатковая супраца з няўрадавымі арганізацыямі, у тым ліку й валянтэрамі. Спадзяюся, што гэтая акцыя зьверне ўвагу многіх валянтэраў, ды наогул асобаў, якія хочуць дапамагаць іншым, што такая патрэба ёсьць.

Палова сабраных у нядзелю сродкаў будзе прызначана на набыцьцё спэцыяльнага мэдычнага й рэабілітацыйнага абсталяваньня, як напрыклад, ложкаў з рэгуляцяй вышыні, матрасы супраць пролежняў, інфузыйныя помпы ці спартыўныя прылады.

Кіраўнік фонду „Вялікі аркестар сьвяточнай дапамогі” Ежы Оўсяк нагадаў, што традыцыйна падчас збору ахвяраваньняў будуць адбывацца аўкцыёны.

Падчас аднаго зь іх можна будзе пазмагацца за…суткі ў турме, дарэчы без неабходнага прысуду. З такой нетыповай прапановай выступлі ўлады Грыфова ў Сылезіі. За ўзнагароду намерваецца змагацца таксама мясцовы мэр Альгерд Панізьнік.

Альгерд Панізьнік: Я таксама буду удзельнічаць у аўкцыёне. Пераможцу сапраўды пасадзяць у турму, але дадуць паесьці. Зьняволеньне не будзе даўжэйшым, чым адны суткі.

З такой жа прапановай выступіла кіраўніцтва іншай вязьніцы ў Зарэмбе ля Любліна. Неафіцыйна вядома, што й мэр гэтага горада мае намер за яе змагацца. Магчыма, што абодвух мэраў суседніх гарадоў пасадзяць у адну камэру.

У сваю чаргу ў штабе “Вялікага аркестру сьвяточнай дапамогі” ў Познані пройдзе аўкцыён падчас якога можна будзе набыць мяч з подпісам вядомага польскага футбаліста Кубы Блашчыкоўскага альбо алімпійскі сьцяг з аўтографамі алімпійцаў зь Вялікапольшчы.

Падчас аўкцыёну, які пройдзе ў Варшаве, апрача традыцыйных залатых кулонаў у кшталце сэрца, можна будзе купіць таксама русалак, якія ўпрыгожвалі Варшаву падчас Чэмпіянату Эўропы па Футболе “Эўра-2012”. Можна таксама купіць рэйс найбуйнейшай падводнай лодкай польскага ваенна-марскога флёту „ORP Orzeł”.

Падчас леташніх анлайн-аўкцыёнаў, якія прайшлі ў рамках 20. фіналу “Вялікага аркестру сьвяточнай дапамогі” ўдалося сабраць 4,5 мільёнаў злотых. Агулам падчас леташняй акцыі былі сабраныя больш за 40 мільёнаў злотых.

Ці ўдасца пабіць рэкорд сёлета? Пабачым. У нядзелю з раніцы добраахвотнікі будуць зьбіраць грошы ня толькі па ўсёй Польшчы, але таксама за мяжой, напрыклад, у Вялікабрытаніі, Злучаных Штатах Амэрыкі, Канадзе, Афганістане, Італіі й зразумеля ў Белaрусі.

аз


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт