Logo Polskiego Radia
Print

Выйшаў польскі пераклад успамінаў Л. Геніюш

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 22.12.2012 12:32
  • Птушкі бяз гнёздаў.mp3
Пераклад і аўдыёкніга - гэта вяртаньне доўгу тагачаснаму пакаленьню беларусаў, - кажа выдаўца Я. Іванюк.

/

На пачатку лістапада прайшла прэзэнтацыя аўдыёкнігі з успамінамі Ларысы Геніюш „Птушкі бяз гнёздаў”. Днямі сьвет убачыў таксама пераклад гэтых успамінаў на польскую мову, аўтарства вядомага перакладчыка Чэслава Сэнюха. Як аўдыёкніга, так і традыцыйнае папяровае выданьне, зьявіліся ў рамках праекту „Памяць па-над часам і межамі”, які рэалізавалі Беларускае гістарычнае таварыства ў Польшчы й Беларуская інтэрнэт-бібліятэка kamunikat.org.

Выданьне ўспамінаў Ларысы Геніюш у выглядзе аўдыёкнігі і ў перакладзе на польскую мову гэта, перш за ўсё, вяртаньне доўгу тагачаснаму пакаленьню беларусаў, - кажа каардынатар праекту Яраслаў Іванюк.

Яраслаў Іванюк: Маладое пакаленьне беларусаў, якое пражывае на Беласточчыне, і наогул пакаленьне маладых беларусаў, трошкі вінаватае перад пакаленьнем Ларысы Геніюш. Гаворка ідзе пра тое пакаленьне, якое жыло ў ІІ Рэчы Паспалітай, якое па розных прычынах, ці за хлебам, ці на вучобу, было вымушанае выязджаць. У гэтым выпадку ў Прагу. Тое пакаленьне, якое пазьней вярнуўшыся самастойна ці пад прымусам на тэрыторыю Савецкага Саюза, у Беларусь і было сасланае ўглыб Сыбіры.

Першапачаткова, як тлумачыць Ярaслаў Іванюк, успаміны („Споведзь”) Ларысы Геніюш меліся выдавацца на беларускай мове. Тым часам аказалася, што ў рамках сьвяткаваньня сотых угодкаў зь дня нараджэньня паэткі ў Менску выйшаў двухтомнік, у які гэтыя ўспаміны таксама ўвайшлі. Так узьнікла ідэя ўшанаваць памяць выдатнай дачкі беларускай зямлі інакш. Было вырашана побач з традыцыйным папяровым выданьнем выдаць таксама аўдыёкнігу.

Яраслаў Іванюк: Аўдыёкніга,- гэта поўны запіс успамінаў Ларысы Геніюш. Паколькі ў праект заангажавалася Беларускае гістарычнае таварыства ў Польшчы, мы хацелі зрабіць усё максымальна згодна з арыгіналам. Мы спасылаліся на машынапіс, які захоўваецца ў адной зь бібліятэкаў у Беларусі й на падставе яго была запісана аўдыёкніга ды адбываўся пераклад на польскую мову. Гэты машынапіс захоўваецца у бібліятэцы ў папцы, на якой нехта ўручную напісаў лацінкай „Uspaminy”.

Вось таму, як тлумачыць спадар Іванюк, аўтары праекту не захацелі выдаваць пераклад пад загалоўкам „Споведзь”, як гэта рабілася раней у Беларусі. Апрача таго, наколькі вядома, таксама сама Ларыса Антонаўна ня надта прыхільна ставілася да гэткага загалоўка сваіх успамінаў. Супраць яго выступала й сям’я паэткі. „Спавядаецца ж чалавек вінаваты,”- дадае Іванюк.

Яраслаў Іванюк: Чытаючы другі раз кніжку „Споведзь” я зьвярнуў увагу вось на гэты фрагмэнт: „Жылі мы зь дня на дзень, вечныя чужынцы, птушкі бяз гнёздаў”. Гэтак Ларыса Геніюш пісала пра сваю сям’ю, якая апынулася ў Празе. Тым часам мне падаецца, што гэта датычыць усяго пакаленьня Ларысы Геніюш. Прачытаўшы гэты тэкст я зразумеў, што гэта адзіны магчымы загаловак для гэтых успамінаў. Я тады нават ня ведаў, што ў палове 90-х гадоў узьнік расейскамоўны фільм „Птицы без гнёзд” таксама нібыта на падставе ўспамінаў Ларысы Геніюш.

Успаміны Ларысы Геніюш агучыла народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка.

Яраслаў Іванюк: Неяк так склалася, што падобна, як у выпадку з зaгалоўкам, у мяне не было зусім ніякіх сумневаў, што гэтую аўдыёкнігу павінна агучыць Зінаіда Бандарэнка, а польскі пераклад павінен зрабіць Чэслаў Сэнюх. Пра іншых людзей я нават не думаў. І яны таксама пагадзіліся. Падчас запісу аўдыёкнігі ў Беластоку, куды Зінаіда Бандарэнка прыязджала двойчы, рэдактары, якія займаліся запісам (Натальля Герасімюк й Зьміцер Косьцін) і сама дыктарка распавядала, што ёй даводзілася ня раз расплакацца над тым , што піша Ларыса Геніюш. Гэта было для яе страшна. Зінаіда Бандарэнка казала, што ў гэтых успамінах ёсьць шмат момантаў, якія можна аднесьці й да сучаснасьці.

Пераклад успамінаў выдатнай беларускай паэткі на польскую мову зусім сьвежы на выдавецкім рынку ў Польшчы. Каардынатары выданьня ня могуць дачакацца рэакцыі польскамоўных чытачоў. На пачатку бягучага года яны плянуюць правесьці прэзэнтацыі, напрыклад у Варшаве, з удзелам польскіх гісторыкаў.

Яраслаў Іванюк: Ларыса Антонаўна даволі крытычна ставілася да ІІ Рэчы Паспалітай. Крытычна адносілася да таго, што адбывалася зь беларусамі ў ІІ Рэчы Паспалітай. Мы хочам, каб гэткая прэзэнтацыя адбылася з удзелам польскіх гісторыкаў, якія займаюцца пэрыядам ІІ Рэчы Паспалітай, пэрыядам лягерных ссылак. Нагадаю, з тэрыторыі Польшчы вывозілі ня толькі палякаў, але таксама беларусаў - людзей, якія хацелі захоўваць сваю нацыянальнасьць, традыцыі, сваю мову.

Ларыса Геніюш- гэта выдатная паэтка й дзеячка, але перш за ўсё, выдатны чалавек, якім мог бы ганарыцца любы народ. Толькі ці разумеюць гэта беларусы?

Яраслаў Іванюк: Напэўна памятаюць пра яе людзі ў Зэльве. Напэўна памятае беларуская інтэлігенцыя, людзі якія цікавяцца беларускай гісторыяй і літаратурай. Яны напэўна не пройдуць абыякава побач такіх твораў, як кранальныя ўспаміну Ларысы Геніюш, як ейная паэзія. А што на дзяржаўным ўзроўні…Тут не да канца пра ўсё памятаюць. Дастаткова ўспомніць, што па сёньняшні час Ларыса Геніюш да канца не рэабілітаваная. Дарэчы тут узьнікае пытаньне, ці яна такой рэабілітацыі наогул патрабуе? Яна ні ў чым не была вінавата. Варта ўспомніць таксама пра тое, што яна ніколі да канца свайго жыцьця не прыняла савецкага грамадзянства. Таму на маю думку, нам беларусам, трэба ганарыцца такой постацьцю, як Ларыса Антонаўна Геніюш, і большасьць беларусаў гэта робіць.

Аўдыёкніга з успамінамі Ларысы Геніюш і пераклад на польскую мову выйшлі ў рамках праекту „Памяць па-над часам і межамі”. Гэты праект суфінансавала польскае МЗС у рамках праграмы «Польска-беларускае супрацоўніцтва 2012». Дзякуючы гэтай падтрымцы былі зладжаныя прэзэнтацыі: аўдыёкнігі ў Горадні й Менску ды перакладу на польскую мову ў Гайнаўцы, Бельску Падляскім і г.д

Польскі пераклад кнігі ўзбагачаны шматлікімі архіўнымі фотаздымкамі, а таксама дэталёвымі камэнтарамі гісторыкаў доктар Лены Глагоўскай і доктар Малгажаты Ацытка, якія прыклалі шмат намаганьняў, каб наблізіць польскаму чытачу гістарычныя месцы, падзеі й постаці.

Праект праходзіў пад патранажам „Радыё Рацыя” й Польскага радыё для замежжа, у эфіры якіх і гучаць гэтыя ўспаміны.

Анна Задрожна

/
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт