Logo Polskiego Radia
Print

Пасланьне Пуціна

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 12.12.2012 17:34
Адна з галоўных задач – каб у Расеі стала нормай сям’я з трымя дзецьмі.

12-га чысла 12-га месяца 12-га году, роўна ў 12 гадзін дня пачаўся традыцыйны выступ прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі Ўладзіміра Пуціна – зварот да Фэдэральнага сходу. Кіраўнік Расеі назваў асноўную мэту – збудаваць багатую й бясьпечную дзяржаву. Адна з галоўных задач – каб у Расеі стала нормай сям’я з трымя дзецьмі.

Падчас свайго звароту да Фэдэральнага сходу прэзыдэнт Уладзімір Пуцін падкрэсьліваў, што для Расеі цяпер наступіў пераходны пэрыяд. Ад таго, ці цягам бліжэйшых 5-7 гадоў удасца зрабіць скок у разьвіцьці краіны, залежыць будучыня дзяржавы на дзесяцігодзьдзі наперад. Адна з асноўных праблем краіны – дрэнная дэмаграфічная сытуацыя. Шмат гадоў колькасьць жыхароў у Расеі зьмяншалася, але апошнім часам гэтая тэндэнцыя затрымалася, таму Пуцін зьвярнуў на гэта ўвагу – як на дасягненьне ўладаў. Увогуле Пуцін стараўся як мага больш падкрэсьлівавць у сваім выступленьні, што ён кантралюе сытуацыю ў дзяржаве, - камэнтуе палітоляг Кірыл Коктыш.

К. Коктыш: Гэта праблема старая й балючая. Расейскае насельніцтва скарочвалася пасьля 91-га году. І калі насельніцтва пачало расьці, можна было гэта падаць як сваё дасягненьне. Пуцін канцэнтраваўся перш за ўсё на ўнутранай праблематыцы, закрануў, апрача дэмаграфічнай, праблему карупцыі. Цяпер скандал ідзе за скандалам, і Пуцін падкрэсьліваў, што кантралюе сытуацыю.

Пуцін аб’явіў таксама вайну афшорнай палітыцы расейскіх элітаў. Вельмі шмат расейскіх фірмаў рэгіструецца за мяжою, там плацяць падаткі, і туды выводзяць прабыткі, а багатыя людзі купляюць за мяжою нерухомасьці й трымаюць рахункі. Але гэта сьведчыць пра дрэнныя законы й бізнэс-клімат, які існуе ў дзяржаве. Кіраўнік расейскай дзяржавы сказаў нешта, чаго яшчэ ніколі не было – ён перасьцярог, што багатыя асобы, якія займаюцца афшорам, ня змогуць абірацца ў расейкі парлямэнт. Калі так станецца, то гэта закране вялікую частку расейскіх элітаў.

К. Коктыш: Агульнавядомы факт – уся расейская эканоміка афшорная. Патрабаваць вярнуць грошы на радзіму – гэта не навіна, але абяцаньне, што людзі з грашыма, якія знаходзяцца за мяжою, ня змогуць быць ва ўладзе, гэта нешта новае. Часта здараецца, што выступленьні Пуціна застаюцца толькі дэклярацыяй. Але калі гэта будзе выканана, гэта будзе рэвалюцыйны паварот.

У сваёй прамове Пуцін канцэнтраваў увагу на ўнутрырасейскіх праблемах. Беларусь засталася збоку. Для Пуціна галоўным зьяўляецца інтэграцыя ў рамках эўразійскай супольнасьці, куды ўваходзіць і Беларусь. Ідэя інтэграцыі Беларусі й Расеі ўжо, здаецца, малапрываблівая для расейцаў. Больш глыбокага яднаньня ня будзе.

К. Коктыш: Наўрад ці можна яшчэ нешта чакаць ад беларуска-расейскага зьвязу. Мяжы няма, народ задаволены, а больш шчыльнай інтэграцыі ці ня трэба, ці яна непажадана, ці немагчымая. Так што гэтая праблема застаецца пэрыфэрыйнай.

У апошнія месяцы Расеяй страсаюць карупцыйныя скандалы. Былі зьнятыя з пасадаў некалькі высокапастаўленых чыноўнікаў. Да апошняга не была вядомая дата выступу прэзыдэнта. Палітолягі зьвярталі ўвагу, што Пуцін спачатку хацеў разабрацца з элітамі, а пазьней расказаць пра гэта народу. Ён стараўся падкрэсьліць, што змагаецца з карупцыяй і яе кантралюе, хаця цяжка было ў гэта паверыць.

К. Коктыш: Пуціну трэба было прадэманстраваць, што ён кантралюе ўнутраны стан. Калі ў краіне пачынаецца карупцыйная бойка, гэта ўспрымаецца як барацьба клянаў пры слабым Пуціне. І ён павінен быў паказаць, што ён гэтую бойку кантралюе, хаця гэта было для яго складана.

Гэта было першае стратэгічнае пасланьне Пуціна пасьля вяртаньня ў Крэмль у гэтым годзе. Палітолягі падкрэсьліваюць, што ён паўтарыў свае абяцаньні, якія ня змог выканаць за ўжо 13 гадоў знаходжаньня ва ўладзе Расеі. Ніякіх палітычных рэформаў кіраўнік краіны праводзіць не зьбіраецца, а карупцыю ён стараецца не перамагчы, а толькі паўстрымаць яе хуткі рост.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт