Logo Polskiego Radia
Print

Палякі будуюць сучасны энэргаблёк

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 27.11.2012 13:21
На электрастанцыі „Казеніцэ” ўзьнікае найбуйнейшы вугальны энэргаблёк у Эўропе.

На мінулым тыдні ў электрастанцыі „Казеніцэ”, якая разьмешчана ў 75 кілямэтрах на поўдзень ад Варшавы ў мясцовасьці Сьвержэ Гурнэ, быў закладзены краевугольны камень для новы вугальны энэргаблёк. Яго плянаваная магутнасьць - 1075 мэгават.

Першыя работы на будаўнічай пляцоўцы новага энэргаблёка пачаліся яшчэ ў кастрычніку.

У верасьні ўладальнік электрастанцыі канцэрн „ЭНЭА Вытворчасьць АТ” („ENEA Wytwarzanie SA”) ды будаўнічы кансорцыюм „Hitachi Power Europe GmbH” і „Polimex - Mostostal SA” падпісалі пагадненьне аб будаўніцтве блёку.

Гэта самая буйная інвэстыцыя ў польскай энэргетычнай галіне. Яна павінна быць завершана ў другім квартале 2017 года. Плянаваны кошт інвэстыцыі - 1,5 мільярда эўра.

Старшыня фірмы „ENEA” Кшыштаф Збароўскі запэўніў, што новы блёк будзе самы сучасны ў Польшчы. У ім будуць наладжаны адмысловыя сыстэмы аховы навакольнага асяродзьдзя.

Электрастанцыя „Казеніцэ” зьяўляецца адным з найбольш эфэктыўных вытворцаў энэргіі з вугалю. Электраэнэргію вырабляюць тут 10 абноўленых энэргаблёкаў магутнасьцю больш за 2 900 мэгават. „Казеніцэ” пастаўляюць каля 8% ад рынкавай долі вытворчасьці электраэнэргіі ў Польшчу.

Электрастанцыя працаўладкоўвае больш за 2 300 працоўнікаў. Падчас рэалізацыі інвэстыцыі будаўнічы кансорцыюм плянуе працаўладкаваць 1-2 тысячы рабочых. Пасьля запуску блёка будзе там пастаянна працаваць некалькі сотняў чалавек.

Ці ў часы, калі ўсё часьцей гаворка ідзе пра замену традыцыйных крыніцаў электраэнэргіі аднаўляльнымі, настолькі буйная інвэстыцыя ў вугальную электрастанцыю - гэта добрая ідэя? - з гэтым пытаньнем мы зьвярнуліся да прафэсара Конрада Сьвірскага – экспэрта па энэргетычнай галіне.

Конрад Сьвірскі: Каб зрабіць аднаўляльныя крыніцы энэргіі, то традыцыйная энэргетычная сыстэма павінна дзейнічаць выдатна. Калі Польшча не пабудуе новых вугальных, газавых ці атамных энэргаблёкаў, то пра аднаўляльныя крыніцы энэргіі ўвогле ня будзе гаворкі. Празь некалькі гадоў вытворчасьць электраэнэргіі ў Польшчы ня будзе пасьпяваць за попытам. Пакуль палякі мадэрнізуюць свае старыя 30-40-гадовыя энэргаблёкі. Але ўваходзяць новыя тэхналёгіі, новыя нормы. Канчаткова палякам ня хопіць уласнай электраэнэргіі. Гэтага немагчыма кампэнсаваць аднаўляльнымі крыніцамі энэргіі. Аснову энэргетычнай сыстэмы краіны павінны складаць традыцыйныя энэргаблёкі, якія ў значнай ступені працуюць на вугалю. Таму электрастанцыя „Казеніцэ” - гэта абсалютная неабходнасьць.

- лічыць Конрад Сьвірскі.

Прэм’ер Дональд Туск, які ўдзельнічаў ва ўрачыстасьці ў электрастанцыі, гаварыў пра пачатак вялікай хвалі інвэстыцыяў у польскі энэргетычны сэктар, якія пасьля 2020 году сумесна з плянамі па атамнай энэргіі перавысяць 100 мільярдаў злотых.

У сваю чаргу, міністар дзяржаўнай маёмасьці Мікалай Будзаноўскі нагадаў, што ў бліжэйшыя гады будзе ажыцьцяўляцца ў суме 8 буйных энэргетычных праектаў. Гэтыя праекты будуць абапірацца на вугаль й прыродны газ.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт