Паводле бацькоў, не атрымаўшы дзяржаўнай фінансавай падтрымкі, яны ня ў стане гадаваць сваіх дзяцей .
Бацькі й апекуны дзяцей-інвалідаў лічаць, што прэм’ер іх абманвае. У чацьвер яны пратэставалі ля будынку Сэйму ў Варшаве.
Бацькі ў роспачы.
Маці: Нашая праца вельмі цяжкая, па сутнасьці 24 гадзіны ў суткі. Нам не хапае на лякарствы, на ежу. Прэм’ер-міністар склаў нам абяцаньні, і на абяцаньнях усё спынілася. Мы адчуваем, што прэм’ер нас падмануў. Перад выбарамі ён абяцаў, што зоймецца нашым пытаньнем, хаця б тым, каб апека над дзецьмі лічылася нашай прафэсійнай дзейнасьцю.
Пратэстоўцы перадалі старшыні Сэйму пэтыцыю. Сутнасьць пэтыцыі тлумачыць Івона Гартвіг з Торуні.
І. Гартвіг: Мы просім, каб сацыяльную дапамогу на апеку над дзіцём у сытуацыі, калі бацька вымушаны адмовіцца ад прафэсійнай актыўнасьці, павялічыць прынамсі да ўзроўню найніжэйшай зарплаты. А дапамога па дагляду, якая цяпер складае 153 злотых ($48), каб была павышаная ў адпаведнасьці да стану здароўя дзіцяці-інваліда.
Калі ўрад застанецца абыякавым на пэтыцыю, бацькі не выключаюць галадоўкі.
Бацька: Мае ўсе даходы – даплата па дагляду, сацыяльная дапамога складае 1002 злотыя ($313). Гэта на мяне й на дваіх дзяцей.
Маці: Нам не хапае на лякарствы, на ежу. Я атрымліваю ўсяго 620 злотых ($194) і бацька-адзіночка на гэтыя грошы ня выжыве.
Польскія бацькі не пагаджаюцца з законамі, паводле якіх, ім нельга працаваць, таму што ў такой сытуацыі ім не належыцца дапамога па наглядзе. У выніку бацькі ў тупіковай сытуацыі, таму што на тыя грошы, якія прапануе дзяржава, выжыць немагчыма, а калі ісьці на працу, то таксама цяжка зарабіць столькі, каб хапіла заплаціць нанятаму апекуну да дзіцяці-інваліда й выжыць.
А як у Беларусі з гэтым пытаньнем? Гаворыць Людміла Франтава, маці дзіцяці-калясачніка, сябра Беларускай арганізацыі дапамогі дзецям-інвалідам у мястэчку Барань.
Людміла Франтава: У нас аналягічная сытуацыя, але бацькі не дадумваюцца аддаваць сваіх дзяцей у дзіцячы дом, хаця ёсьць магчымасьць – аддаць дзіця ў інтэрнат. Там на ўтрыманьне дзіцяці ў месяц патрабуецца 2-3-мільёны рублёў, а пэнсія на дзіця, калі яно застаецца ў сям’і – 600-700 тысяч рублёў. І таму бацькі прапануюць: тыя грошы, якія атрымліваюць дом-інтэрнат або інвалідны дом, аддаваць бацькам.
Бацькі дзяцей-інвалідаў аб’ядноўваюцца ў рознага віду грамадзкія арганізацыі, якія вельмі важныя для бацькоў, зазначае Людміла Франтава.
Людміла Франтава: Новыя бацькі, якія ўступаюць у нашую арганізацыю, адчаяныя, плачуць: „Хворае дзіця радзілася! Ня ведаю, што рабіць!” А мы ўжо вопытныя, усе мамкі разам. У нас ёсьць свой офіс, сустракаемся, падтрымліваем адзін аднаго. Калі зьявіцца якая-небудзь праблема, мы можам ад імя арганізацыі падаць пісьмо, прашэньне, заяўку, калі трэба, зьвяртаемся да юрыста. Арганізацыя – гэта вялікая справа. Інакш, калі адна мама ваюе, інакш, калі пішам калектыўнае прашэньне з подпісам 30 чалавек. І ў арганізацыі мы бачым, што мы ня самі, што нас многа. Калі сам сядзіш у кватэры, здаецца, увесь сьвет у чорных колерах. А калі бачыш, што ты не адзін, становіцца лягчэй.
Беларуская арганізацыя дапамогі дзецям-інвалідам супрацоўнічае з падобнымі замежнымі арганізацыямі, між іншым, з польскай Фундацыяй Баторыя. Разам пішуць праекты, якія фінансуюцца замежнымі донарамі. У Барані такім чынам створаны кампутарны кляс для дзяцей-інвалідаў, у мясцовым шпіталі адчынены рэабілітацыйны цэнтар і трэнажорная зала.
яс