Урад прыняў праект паправак закону аб дэкрэтным водпуску. Сёньняшняе паседжаньне ўрад цалкам прысьвяціў сямейнай палітыцы дзяржавы. Яшчэ на мінулым тыдні прэм'ер-міністар Дональд Туск заяўляў, што падчас бліжэйшага паседжаньня ўрад зацьвердзіць праект прадаўжэньня дэкрэтнага водпуску для жанчын і мужчын ды іншыя правілы па сямейнай палітыцы. „Мы хочам, каб зьмены мелі элястычны характар і былі зручныя для бацькоў,” - сказаў прэм'ер-міністар.
Дональд Туск: Найніжэйшы памер дапамогі, гаворка ідзе пра 80% зарплаты, будуць атрымліваць тыя, хто вырашыць пайсьці ў гадавы водпуск. Гэтая сума будзе расьці адпаведна скарачэньню часу водпуску. Калі бацькі вырашаць скарыстацца выключна паўгадовым водпускам, яны атрымаюць дапамогу ў памеры 100% бягучай зарплаты.
- сказаў прэм’ер-міністар.
Паводле новых правілаў, максымальны тэрмін дэкрэтнага водпуску для бацькоў будзе складаць год. Цяпер дэкрэтны водпуск у Польшчы складае 24 тыдні. Жанчына можа вярнуцца на працу пасьля 14 тыдняў, перадаючы астатнюю частку водпуску мужу. Бацькі атрымліваюць тады дапамогу ў памеры 100% зарплаты.
Водпускам змогуць скарыстацца працаўнікі, якія аплочваюць страхоўку на выпадак хваробы.
Паводле міністра фінансаў Яцэка Растоўскага, прадаўжэньне дэкрэтнага водпуску з 2014 года будзе каштаваць дзяржаве каля 500 тысячаў эўра ў год, а вынікі гэтых дзеяньняў будуць бачныя праз 20 гадоў.
Яцэк Растоўскі: Гэта, зразумела, сур’ёзны кошт, на які дзяржаўны бюджэт можа сабе дазволіць пры ўмове, што будзем жорстка пільнаваць астатніх выдаткаў.
- сказаў міністар фінансаў.
Тым часам Агульнапольскае паразуменьне прафсаюзаў (OPZZ) агулам крытыкуе сямейную палітыку ўраду. Арганізацыя хоча, каб цягам усяго гадавога тэрміну водпуску маці або бацька атрымлівалі 100% зарплаты, - кажа Вяслава Тарноўска, віцэ-старшыня прафсаюзнай арганізацыі.
Веслава Тарноўска: Па-першае, чаму яны маюць атрымліваць 80, а не 100% зарплаты. Па-другое, важны ня толькі дэкрэтны водпуск, але таксама й водпуск па выхаваньні дзіцяці. Па –трэцяе, доступ да дзіцячых садкоў й ясьляў… Калі гэтыя пляцоўкі будуць даступныя для кожнага дзіцяці, то хто за іх будзе плаціць. Цяпер таксама дзейнічаюць прыватныя дзіцячыя садзікі за тысячы злотых у месяц. Тым часам рабочыя атрымліваюць мінімальную зарплату, мусяць утрымліваць сям’ю, заплаціць за жыльлё ды на ясьлі або садзік ім ужо не хапае.
- кажа віцэ-старшыня Агульнапольскага паразуменьня прафсаюзаў.
Працадаўцы лічаць, што гэта самі жанчыны павінны вырашаць, ці жадаюць яны застацца даўжэй дома зь дзіцем, ці хутка вяртацца да працы, карыстаючыся гарантаванай апекай над дзецьмі. “Паводле нас, лепшай ідэяй зьяўляецца падтрымка дзіцячых ясьляў і садкоў”, - кажа старшыня Асацыяцыі прыватных працадаўцаў Любліншчыны Дарыюш Ядлоўскі.
Дарыюш Ядлоўскі: Паводле нас, найлепшая ідэя - гэта даплата зь дзяржаўнага бюджэту да апекі над дзецьмі, гаворка ідзе пра ясьлі й дзіцячыя садкі. Гэта павялічвае актыўнасьць маладых жанчынаў-працаўнікоў. Прадаўжэньне тэрміну дэкрэтнага водпуску - гэта таксама выцясьненьне жанчынаў з рынку працы. Паводле нас, найлепш было б, калі б гэта жанчына вырашала пра тое, ці скарыстацца зручнай апекай над дзецьмі й вярнуцца на працу, ці прадоўжыць дэкрэтны водпуск.
- кажа прадстаўнік Асацыяцыі прыватных працадаўцаў Любліншчыны.
Паводле Ярэмія Мардасэвіча з Польскай канфэдэрацыі прыватных працадаўцаў „Lewiatan”, прадаўжэньне дэкрэтных водпускаў - гэта для працадаўцаў дадатковы кошт. Але ў той жа час ён ня мае ніякіх сумневаў, што ў Польшчы павінна нараджацца больш дзяцей.
Ерэмі Мардасэўіч: Гэта арганізацыйнае ўскладненьне для працадаўцаў, паколькі гэткае месца працы „замарожанае”. З другога боку, гэта павінен быць уклад працадаўцаў у дэмаграфічную палітыку. Паколькі ў Польшчы нараджаецца мала дзяцей, мы, працадаўцы, павінны ўзяць гэты абавязак на сябе.
- кажа Ярэмі Мардасэвіч з Польскай канфэдэрацыі прыватных працадаўцаў „Lewiatan”. Паводле статыстычных дадзеных, польская жанчына нараджае ў сярэднім 1,3 дзіцяці. Гэта ставіць Польшчу ў канцы краінаў Эўропы.
Тым часам прынятыя ўрадам зьмяненьні датычаць таксама ўдзелу муніцыпальных уладаў у фінансаваньні дзяржаўных ясьляў і дзіцячых садкоў. Паводле ўрадавага праекту, узнос мясцовых уладаў будзе зьніжаны да 20%, удзел дзяржавы - павышаны да 80%.
Нагадаем, у сваёй другой праграмнай прамове прэм’ер Дональд Туск абяцаў, што з 2015 года кожнае дзіця ў Польшчы будзе мець загарантаванае месца ў ясьлях і дзіцячых садках. Паводле найноўшых дадзеных, у польскіх ясьлях хапае месцаў толькі для 6% дзяцей.
Згодна з новымі правіламі, адзін з 36 месяцаў водпуску па выхаваньні дзіцяці будзе абавязкова прымушаны ўзяць другі з апякуноў. Ведамства працы ў сваю чаргу адмовілася ад плянаў прадаўжэньня згаданага водпуску на адзін месяц.
Прынятыя сёньня зьмяненьні ўступяць у сілу 1 верасьня будучага году.
Міністэрства працы спадзяецца, што пасьля гэтага сытуацыя жанчынаў на польскім рынку працы палепшыцца. Але працадаўцы дадаюць, што гэта залежыць таксама ад таго, ці бацькі захочуць скарыстацца сваёй часткай бацькоўскага водпуску.
аз