Як мы ўжо паведамлялі ў выпусках навін, у Варшаве адбылося адкрыцьцё офіса найбуйнейшага беларускага інтэрнэт-партала "Хартыя’97". У выніку рэпрэсіяў незалежныя журналісты былі вымушаныя пакінуць Беларусь і шукаць прытулку за мяжою – спачатку ў Летуве, пазьней у Польшчы.
Падчас урачыстай цырымоніі адкрыцьця офіса кіраўнік парталу Натальля Радзіна адзначыла, што сайт далей не ў стане працаваць у Беларусі, але, нягледзячы на гэта, колькасьць наведвальнікаў "Хартыі’97" пастаянна расьце. Цяпер гэта каля 100 тыс. уваходаў кожны дзень. Натальля Радзіна ўспомніла, што падчас побыту ў турме яна была адна, ёй забаранілі карыстацца якімі-колечы крыніцамі інфармацыі, але яна спадзявалася, што атрымае падтрымку ад сваіх сяброў. І атрымала яе ад Польшчы.
Н. Радзіна: Мы ня можам ўжо працаваць у Беларусі. Вы ведаеце, якім рэпрэсіям падвяргаліся журналісты ў краіне, быў забіты заснавальнік сайта Алег Бябенін, я была арыштаваная, было ўзбуджана шмат крымінальных справаў, напярэдадні суду я была вымушана зьбегчы з краіны. Частка калектыву "Хартыі’97" змагла выехаць у Вільню. Але потым нас запрасіла Міністэрства замежных справаў Польшчы працаваць у Варшаве. У Летуве будзе карэспандэнцкі пункт, а галоўны офіс Хартыі будзе ў Варшаве.
Апошнія два гады – вельмі цяжкі час для рэдакцыі "Хартыі’97". Перасьлед з боку ўладаў стаў настолькі жорсткім, што партал быў прымушаны пакінуць Беларусь. Ежы Памяноўскі, віцэ-міністар польскага МЗС, які шмат зрабіў дзеля таго, каб рэдакцыя "Хартыі’97" магла перабрацца ў Варшаву, падкрэсьліў унікальнасьць праекту.
Е. Памяноўскі: "Хартыя’97" мае ўнікальныя дасягненьні. Гэта вельмі эфэктыўны праект, які выкарыстоўвае ўсе магчымасьці, каб давесьці інфармацыю да людзей. Людзі, якія стаяць за гэтай дзейнасьцю, гатовыя ісьці да канца, да перамогі. Мы ўсе ведаем, якія рэпрэсіі сталі ўдзелам аўтараў парталу – арышты, ператрусы ў рэдакцыі, суды над журналістамі. Дзейнасьць няўрадавых арганізацый сьведчыць пра ўзровень дэмакратычнасьці дзяржавы. Грамадзяне павінны мець магчымасьць памяняць уладу, калі яна ім не адказвае. У Беларусі няма дэмакратыі. У такіх умовах арганізацыі трэцяга сэктару прымушаныя дзейнічаць з-за мяжы. У нашай гісторыі таксама былі такія пэрыяды, калі нам прыходзілася змагацца з-за мяжы. Мы павінны пастаянна прыгадваць пра беларускую справу. Нам нельга забыць, замаўчаць, стаміцца ад працэсу змаганьня за свабодную Беларусь.
Лідзія Садова, акторка Тэатру Польскага ў Варшаве, у спэктаклі “Час жанчын” паводле пастаноўкі Мікалая Халезіна, іграе ролю Натальлі Радзінай. Яна заклікае палякаў ня быць абыякавымі да пакутаў беларусаў, падумаць пра канкрэтных людзей, якія кагосьці страцілі або трапілі ў турму.
Л. Садова: Граючы Натальлю Радзіну, я зразумела, якія боль, пакуты й геройства характэрныя для гэтай жанчыны. І зразумела, што боль, пакуты й геройства суправаджаюць беларусаў у іх штодзённым жыцьці. Вельмі важна, каб мы, людзі, часам падумалі пра чалавека. Не пра лёзунгі, факты, заклікі. А пра тое, што хтосьці кагосьці любіць, кагосьці страціў, пакутуе. Калі мы пра гэта падумаем, то я веру, што лёс Беларусі хутчэй зьменіцца. Беларусь – гэта таксама наша справа. Я веру, што мы ўсе маглі б дапамагчы беларусам.
Сытуацыя змагароў за свабодную, дэмакратычную Беларусь нагадвае сёньня безнадзейнае змаганьне габрэяў у паўстаньні ў Варшаўскім гетта падчас вайны. Без дапамогі звонку, без салідарнасьці ўсіх дэмакратычных краінаў гэтае змаганьне асуджана на паразу, - адзначае Натальля Радзіна.
Н. Радзіна: У цэнтры Эўропы кіруе краінай жорсткі дыктатар, які кідае людзей у турмы, забівае сваіх апанэнтаў. Вырашыць гэтае пытаньне знутры краіны вельмі цяжка. Тое, што адбываецца ў Беларусі, нагадвае мне паўстаньне ў варшаўскім гетта. Калі ня будзе міжнароднай салідарнасьці, падтрымкі беларусаў звонку, то вельмі цяжка будзе дабіцца пераменаў.
Ірына Красоўская, жонка забітага, верагодней за ўсё, эскадронам сьмерці апазыцыйнага бізнэсмэна Анатоля Красоўскага, адзначае важнасьць міжнароднай салідарнасьці, якую аказваюць незалежнай Беларусі іншыя краіны, асабліва Польшча.
І. Красоўская: Польшча – наша суседка, у якой ёсьць добрыя традыцыі барацьбы з дыктатурай і дзеля разьвіцьця дэмакратычнай супольнасьці. Польшча вельмі добра ведае, што гэта значыць, яны прайшлі ўсе гэтыя выпрабаваньні. Для нашых няўрадавых арганізацый і журналістаў вельмі добра быць менавіта тут. Польшча можа дапамагчы сваімі парадамі, падтрымаць беларусаў як з боку ўраду, так і няўрадавых арганізацый. Гэта карысна для двух бакоў, для дэмакратычнай Беларусі, але таксама для Польшчы, каб яна не забыла пра ўласнае змаганьне за незалежнасьць.
Віцэ-міністар замежных справаў Польшчы Ежы Памяноўскі падкрэсьліў, што цяпер цэнтарам свабоднай Беларусі стала Варшава, але ён хацеў бы, каб сталіцай свабоднай Беларусі быў Менск, і каб гэта стала як мага хутчэй. “Мы вам рады, але будзьце тут як мага карацей”, - зьвярнуўся прадстаўнік МЗС да журналістаў "Хартыі’97".
нг