Logo Polskiego Radia
Print

Беларусы выбарамі не цікавяцца, але на ўчасткі пойдуць (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 11.09.2012 21:43
  • Беларусы выбарамі не цікавяцца, але на ўчасткі пойдуць.mp3
Сябры “Беларускай аналітычнай майстэрні” прадставілі дасьледваньне перадвыбарчай сытуацыі ў краіне.

/

Зь якім настроем беларусы ідуць на парлямэнцкія выбары? Ці можа грамадзтва іх збайкатаваць? Ці не адаб’ецца чарговае перадвыбарчае павышэньне зарплатаў новай дэвальвацыяй і крызысам? Гэтыя пытаньні абмяркоўвалі беларускія навукоўцы, сябры “Беларускай аналітычнай майстэрні” якія прадставілі ў Варшаве свой чарговы аналітычны бюлетэнь.

Пачнем з эканомікі. Беларускія ўлады здолеюць да канца года павысіць заробкі да 500 даляраў – заявіў эканаміст Леанід Злотнікаў. Аднак ужо ў наступным годзе могуць пачацца праблемы, бо ўтрымаць даходы на такім узроўні ня будзе сродкаў.

/

Л. Злотнікаў: Сёньня даходы насельніцтва павышаюцца значна хутчэй, чым расьце ВУП. За гэты год валавы прадукт вырасьце на 3%-4%, а даходы насельніцтва – на 15%-20%. Гэта вельмі вялікі разрыў. Пакрыць яго можна толькі дзякуючы прыцягненьню дадатковай валюты й дзякуючы золатавалютным рэзэрвам. Сёньня іх хопіць на 2 месяцы імпарту, а паводле нарматываў, яны павінныя складаць ня менш за 3 месяцы. Золатавалютныя запасы паменшацца, і вытрымаць курс на павышэньне даходаў насельніцтва будзе цяжка.

Утрымаць заробкі на ранейшым узроўні й не дапусьціць новай дэвальвацыі можна будзе толькі тады, калі ўрад лібэралізуе гаспадарку й пачне прыватызацыю – лічыць Леанід Злотнікаў. Але экспэрты лічаць гэты варыянт амаль неверагодным.

Важным эфэктам мінулагодняга крызысу стала сацыяльнае расслаеньне – зазначыў Леанід Злотнікаў. Розьніца ў даходах паміж грамадзянамі будзе толькі расьці – лічыць эканаміст.

Л. Злотнікаў: Паводле дадзеных Белстата, палова прадпрыемстваў краіны забясьпечваюць сваім працаўнікам сярэдні заробак ніжэйшы за 3 мільёны . А 3 мільёны – гэта няшмат: менш за 400 даляраў. Другая палова – выплачвае заробкі больш за 3 мільёны. Гэта значыць, што палова насельніцтва краіны мае нізкія даходы. Другая палова – зарабляе значна больш. Асабліва гэта датычыцца фінансістаў, працаўнікоў экспартных прадпрыемстваў. Ідзе значнае расслаеньне, і я ня думаю, што яно зьменшыцца. Я ня бачу той сацыяльнай палітыкі, якая вяла б да памяншэньня гэтага расслаеньня.

Як выглядаюць перадвыбарчыя настроі беларусаў? Колькасьць тых, хто пойдзе ці хутчэй за ўсё пойдзе на выбары перавышае тых, хто на выбары пайсьці не намераны. Але самая вялікая група (каля 40%) да сёньняшняга дня ня вырашыла, ці пойдзе яна да урнаў, ці не. І гэта даказвае, што выбары ў Палату прадстаўнікоў беларусам ня надта цікавыя, кажа сацыёляг Андрэй Вардамацкі.

/

А. Вардамацкі: Калі нейкае пытаньне зьяўляецца для людзей важным, то колькасьць тых, хто ня вызначыўся – паніжаецца. Людзі самі шукаюць інфармацыю, знаходзяць яе, фармуюць сваю думку й прымаюць той ці іншы бок. Гэта простая заканамернасьць.

У параўнаньні з мінулымі выбарамі, усё больш людзей хочуць бачыць у парлямэнце дэпутатаў з альтэрнатыўнымі поглядамі, звычайных людзей, а не начальнікаў рознага зьвяна. Таксама паступова расьце колькасьць тых, хто жадаў бы бачыць сярод дэпутатаў прыватных прадпрымальнікаў, а не прадстаўнікоў дзяржпрадпрыемстваў. Гэта сьведчыць пра тое, што “вэртыкальшчыкі”, якія засядаюць у парлямэнце, не апраўдалі надзеяў грамадзянаў і людзі хочуць нейкіх зьменаў – кажа сацыёляг.

А. Вардамацкі: Ёсьць патрэба ў тым, каб зьявіўся элемэнт навізны ў кадравым складзе парлямэнту. Звычайна, калі “старыя й дасьведчаныя” асобы добра сябе рэкамэндуюць, людзі хочуць пакінуць усё як ёсьць. Калі ж гэтага не адбываецца, спрацоўвае маятнік грамадзкай думкі – людзі хочуць новага.

Беларуская грамадзкая думка паволі палярызуецца – заўважае Андрэй Вардамацкі. У параўнаньні зь мінулымі выбарамі, расьце як колькасьць тых, хто дэманстратыўна выбары байкатуе, так і тых, хто рашуча выказваецца супраць байкоту. Апазыцыйныя партыі намераныя выбары байкатаваць. Аднак гэта ня значыць, што асноўная маса беларускага грамадзтва гэты байкот заўважыць – лічыць сацыёляг.

А. Вардамацкі: Для эфэктыўнага правядзеньня байкоту патрэбна, каб грамадзтва мела добра сфармаваную палітычную сьвядомасьць. А гэтага ў нас няма. Але зь іншага боку гэтая сьвядомасьць фармуецца. Сёньня адносіны да байкоту ўжо іншыя, чым на папярэдніх выбарах. На прыкладзе байкоту можна сказаць, што ідзе працэс фармаваньня грамадзкай думкі, але ідзе ён вельмі павольна.

Такім чынам, перадвыбарчыя настроі беларусаў можна акрэсьліць коратка: “Я іду на падзею, але ня самую важную падзею ў жыцьці краіны”, – падсумаваў Андрэй Вардамацкі.

Аляксандар Папко

/


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт