Logo Polskiego Radia
Print

Эгіпет: браты-мусульмане бяруць уладу

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 19.06.2012 14:37
  • Эгіпет браты-мусульмане бяруць уладу.mp3
А вышэйшая вайсковая рада абмяжоўвае ўладу прэзыдэнта.
fot. PAP/EPA/Andre Pain

У Эгіпце адбыліся прэзыдэнцкія выбары на якіх перамог кандыдат «Мусульманскага брацтва» Махамэд Мурсі. Аднак кіруючая вайсковая рада абвесьціла зьмены ў заканадаўстве, якія абмежавалі паўнамоцтвы прэзыдэнта. У суботу быў распушчаны эгіпецкі парлямэнт.

Выбары прэзыдэнта не азначаюць канец змаганьняў за ўладу, гэта хутчэй пачатак – кажа наш суразмоўца, доўгагадовы карэспандэнт Польскага радыё на Блізкім Усходзе Яраслаў Кацішэўскі. Па-першае, гэта былі цалкам свабодныя выбары. Эгіпцяне ўпершыню ў сваёй гісторыі выбралі таго кандыдата, які ім адпавядаў.

Я. Кацішэўскі: З фармальнага пункту гледжаньня – гэта несумненны посьпех Арабскай вясны, перавароту, які адбыўся год таму, і ў выніку якога Хосьні Мубарак, называны фараонам, быў зьвергнуты. Але гэта не канец. Выбар кандыдата «Мусульманскага брацтва» – гэта толькі частка ўсёй гісторыі. Армія, якая пераняла ўладу пасьля зьвяржэньня Мубарака, ня хоча аддаць гэтую ўладу. І таму ўжо пасьля прэзыдэнцкіх выбараў войска абвесьціла закон, які ў значнай ступені абмяжоўвае ўладу прэзыдэнта. Армія хоча, каб прэзыдэнт быў толькі „фігураю”. Адбудзецца шыкоўная ўрачыстасьць перадачы ўлады, каб эгіпцяне паверылі, што ўлада памянялася, але насамрэч армія захавае гэтую ўладу. Войска ня будзе падпарадкоўвацца цывільнай уладзе, захавае агромную частку ўплываў на замежную і ўнутраную палітыку Эгіпта, а таксама на эканоміку.

Мала таго, дадае Яраслаў Кацішэўскі, эгіпецкі суд ануляваў вынікі парлямэнцкіх выбараў. Гаворачы пра новыя выбары ў парлямэнт, «Мусульманскае брацтва» заяўляе, што іх барацьба за ўладу яшчэ не закончылася. Аднак, паводле нашага экспэрта, самае галоўнае ў тым, што войска не апынецца пад цывільнай уладай.

Я. Кацішэўскі: Гэта азначае, што калі б парлямэнт ці прэзыдэнт абралі б палітычны курс, нязгодны з плянамі генэралаў, то войска ў стане зьвергнуць такую ўладу ці затрымаць нявыгадны палітычны курс. У сувязі з гэтым барацьба за ўладу ў Эгіпце яшчэ далёка ад канца. Пратэсты не суцішаюцца. Без упынку адбываюцца страйкі й пратэсты. У такой сытуацыі нават складана казаць пра падвойную ўладу. Войска яе аддаць ня хоча. Браты-мусульмане будуць спрабаваць здабыць яе як мага больш. Нявыключана, што ў выпадку, калі ў палітычных кулюарах ня ўдасцца дамовіцца, то Мусульманскае брацтва зноўку выйдзе на вуліцы. Я баюся, што Эгіпет чакаюць яшчэ месяцы, калі не гады непарадкаў.

Новы прэзыдэнт Махамэд Мурсі перамог не дзякуючы сваёй папулярнасьці, але папулярнасьці сваёй партыі - Мусульманскаму брацтву, радыкальнай іслямскай структуры, якая доўгія гады атаесамлялася з палітычным экстрэмізмам, якая дзейнічала на мяжы тэрарызму.

Я. Кацішэўскі: Ён быў вылучаны як кандыдат найбуйнейшай палітычнай партыі з найлепшаю структурай. Ён сам ня мае вялікіх палітычных дасягненьняў, асабліва таму, што доўгія дзесяцігодзьдзя браты-мусульмане былі нелегальнай арганізацыяй. Ён не перамог дзякуючы сваёй харызьме. У значнай ступені яго перамога – гэта вынік прыналежнасьці да канкрэтнай палітычнай сілы.

Яшчэ да перамогі ў выбарах браты-мусульмане заяўлялі, што адным зь іх рашэньняў будзе ўвядзеньне шарыяту. Экспэрты выказвалі боязі, што Эгіпет можа пайсьці шляхам іслямскіх фанатыкаў. Нядаўна «Мусульманскае брацтва» патрабавала забараніць прыбываньне ў курортах у купальных касьюмах і піць алькаголь. Былі нават галасы, якія папярэджвалі, што калі жанчына зьявіцца на пляжы ў бікіні, то яе арыштуюць. Многія камэнтатары зьвяртаюць увагу, што міжнародныя інвэстары ўжо пачынаюць скептычна глядзець на Эгіпет, баючыся радыкальных мусульман. Аднак іншыя мяркуюць, што падобнага роду боязі пакуль неапраўданыя. Паводле іх, эгіпцяне прагаласавалі на прадстаўніка брацтва не з увагі на шарыят, але з увагі на іх добра арганізаваную структуру.

Яраслаў Кацішэўскі не бярэцца прагназаваць, што апошнія зьмены ў краіне прынясуць самому Эгіпту й стасункам зь іншымі краінамі. Пры гэтым ён адзначае, што турыстам баяцца няма чаго.

Я. Кацішэўскі: Я ня думаю, што брацтва ці ўвогуле ўрад увядуць якія-колечы абмежаваньні. Хто бы ні кіраваў Эгіптам, ён патрабуе грошай. А галоўнай крыніцай дахода зьяўляецца менавіта турызм. Паводле мяне, большую небясьпеку ўяўляе нестабільнасьць краіны. Напрыклад, цяпер у Каіры здараюцца крадзяжы ў гатэлях. Раней гэта было недапушчальна. Эгіпецкі ўрад клапаціўся аб тым, каб турысты былі бясьпечныя, паколькі гэта яны зьяўляюцца галоўнай крыніцай даходу краіны. Таму найважнейшая пагроза сыходзіць не ад Мусульманскага брацтва, але агульна зь нестабільнай сытуацыі.

Прэзыдэнцкія выбары ў Эгіпце адбыліся ў нядзелю. Махамэд Мурсі за пасаду прэзыдэнта змагаўся з Ахмэдам Шафікам, якога падтрымлівае кіруючая ў Эгіпце ваенная хунта.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт