Logo Polskiego Radia
Print

Ці лёгка зрабіць кар’еру ў Брусэлі? (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 20.01.2012 00:17
  • Брусэль.mp3
Нашыя суразмоўцы разбураюць папулярныя стэрэатыпы пра эўрапейскую бюракратыю.

/

Як патрапіць на працу ва ўстановы Эўразьвязу й ці лёгка там рабіць кар’еру? Як насамрэч выглядае партрэт славутага эўрапейскага чыноўніка? Размова з маладымі працаўнікамі эўрапейскіх інстытутаў разбурае папулярныя стэрэатыпы наконт Брусэля.

Колькі чыноўнікаў мае шматмільённы Эўразьвяз? Аказваецца, усяго каля 50 тысячаў. Гэта прыкладна столькі ж, колькі працуе ў апараце Саўміну Беларусі. Працэдуры набору на службу ў розных эўрапейскіх установах адрозьніваюцца. Пра іх распавядае стажорка аднаго з дэпутатаў Эўрапарлямэнту Агнешка.

/

Агнешка: У Радзе Эўразьвязу большасьць людзей набіраецца з урадаў краінаў-чальцоў. Каб трапіць у Эўрапейскую камісію трэба прайсьці складаную працэдуру адбору. Яна складаецца са шматлікіх тэстаў і займае даволі шмат часу. Калі казаць пра Эўрапарлямэнт, то набор пэрсаналу партыяў ці асыстэнтаў дэпутатаў тут абсалютна іншы. У любым выпадку патрэбна ведаць некалькі замежных моваў, ведаць, як функцыянуе Эўрапейскі Зьвяз, а таксама любіць працаваць ў міжнародным калектыве.

Кожны чыноўнік Эўразьвязу, каб быць прынятым на службу, павінен здаць спэцыяльны шматузроўневы экзамен. Аднак яго здача яшчэ не гарантуе, што кандыдат знойдзе месца працы. Таму тысячы маладых выпускнкоў найлепшых эўрапейскіх вучэльняў прыяжджаюць у Брусэль на стажыроўкі. Яны бачаць, як працуюць установы Эўразьвязу, рыхтуюцца да экзамену ды шукаюць сабе будучае месца працы. А знайсьці яго зусім ня лёгка – кажа малады працаўнік Эўрапарлямэнту француз Цібо.

/

Цібо: Атрымаўшы дыплём, я прыехаў у Брусэль зь вялікімі надзеямі. Але спачатку мне прыйшлося цяжка. Як шмат маладых людзей, я пачынаў стажорам і на працягу доўгага часу атрымліваў мізэрныя грошы. Але стажыроўка ў парлямэнце дапамагла мне знайсьці тут працу. Стажыроўка – гэта своесаблівы дадатковы экзамен, які трэба прайсьці. Нарэшце, са мной падпісалі кантракт, хоць заняло гэта даволі шмат часу. Трэба быць цярплівым, настойлівым і ніколі не губляць надзеі.

Энэргічных маладых людзей з выдатнымі дыплёмамі й веданьнем некалькіх замежных моваў у Брусэлі шмат. І праца, якую яны знаходзяць, часта не адпавядае іх амбіцыям ды адукацыі, кажа малады супрацоўнік Эўракамісіі славак Далібор.

/

Далібор: Праца, якую выконваюць чыноўнікі майго ўзроўню, мае дапаможны характар. Гэта рэгістрацыя дадзеных, падрыхтоўка дакумэнтаў, якія дазвалаюць функцыянэрам прымаць рашэньні. З аднаго боку, я шчасьліўчык, бо я працую ў генэральным дырэктараце, пра які я пісаў свай дыплём, але зь іншага боку мая праца зьяўляецца манатоннай і паўтаральнай, як гэта часта бывае ў адміністрацыі.

Кар’ера ва ўстановах Эўразьвязу робіцца доўга. Шлях да посьпеху можа заняць шмат гадоў. Галоўнае – верыць у тое, што ты робіш, ведаць дзеля чаго ты працуеш. А калі ня ведаеш, лепш тут не працаваць увогуле – кажуць нашы суразмоўцы.

Хто ж працуе ў Брусэлі? Партрэт эўрапейскага чыноўніка аказваецца далёкі ад папулярна стэрэатыпу эўрабюракрата. Пра гэта распавядае стажор Эўрапарлямэнту ірляндзец Колм.

/

Колм: У большасьці сваёй гэта мэтанакіраваныя людзі. Яны ведаюць, чаго хочуць дабіцца ў жыцьці. Яны хочуць разьвівацца, здабыць веды й досьвед, каб дамагчыся посьпеху ў Брусэлі, альбо ў сябе дома. Яны вераць, што варта працаваць для адзінства Эўропы, бо гэта зьмяняе жыцьцё людзей да лепшага. Зь іншага боку, тут ёсьць кар’ерысты і бюракраты, якія ня маюць энтузіязму й для якіх гэта проста спосаб зарабляць грошы. Але вы знойдзеце такіх у кожнай установе і ў кожнай краіне.

Лёгкай і звышпрыбытковай працу маладых людзей у эўрапейскіх установах назваць цяжка. Стажор атрымлівае ў ад 300 да 1000 эўра ў месяц. Малады працаўнік – да 2500. Пры гэтым зняць пакой каштуе ў Брусэлі каля 450 эўра. Працаваць прыходзіцца шмат, але цяжкасьці могуць лёгка пераадолець тыя, хто верыць у ідэю адзінай Эўропы й ведае, дзеля чаго ён працуе.

Манатоннасьць ці складанасьць працы маладым людзям кампэнсуе жывая атмасфэра Брусэлю – невялікага, але надзвычай шматнацыянальнага гораду, кажа француз Цібо.

Цібо: Брусэль – гэта касмапалітычны горад. І ён не настолькі велізарны, як Ню-Ёрк Ці Лёндан. Большую частку дня мы праводзім у Эўрапейскім квартале, дзе працуюць людзі з усяго старога кантынэнту. А выходзячы зь яго – трапляем у нармальны бэльгійскі горад, даволі камфортны, з багатым культурным жыцьцём.

Такім чынам, стэрэатып пра Брусэль як месца запоўненае чыноўнікамі, кожны зь якіх робіць бліскучую кар’еру, мае спакойнае жыцьцё ды прыбытковую працу, аказваецца далёкім ад рэальнасьці. Канешне, высокіх заробкаў ды трывалага месца працы дабіваюцца, але далёка ня ўсе й зусім не адразу. І найлепшых вынікаў дасягае той, хто верыць у нешта большае, чым грошы.

Аляксандар Папко, Брусэль

/
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт