Logo Polskiego Radia
Print

Царква асуджае Дзяржынскага

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 12.01.2012 14:17
Бабруйская праваслаўная епархія хоча кананізаваць рэпрэсаваных сьвятароў.

/

Бабруйская праваслаўная епархія хоча кананізаваць мучаньнікаў за веру, забітых супрацоўнікамі НКУС, а таксама асуджае культ яе стваральніка, - паведамляе газэта „Rzeczpospolita”.

На пачатку студзеня Бабруйская епархія накіравала ў камісію па кананізацыі Беларускай праваслаўнай царквы дакумэнты рэпрэсаванага ў 1938 годзе сьвятара Паўла Сеўбы.

У абгрунтаваньні заявы, падпісанай бабрускім епархам Сэрафімам, падкрэсьліваецца, што абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасьці сьвятар, на самой справе быў забіты за тое, што выконваў свае сьвятарскія абавязкі.

Як даведалася беларускае інфармацыйнае агенцтва БелаПАН, у епархіі рыхтуюцца яшчэ чатыры падобныя заявы ў камісію па кананізацыі.

Прадстаўнікі епарфіі спадзяюцца на падтрымку з боку сьвецкага насельніцтва Беларусі.

„Некаторыя дзяржаўныя структуры па сёньняшні дзень ушаноўваюць Фэлікса Дзяржынскага, як свайго героя. Мы з гэтым не згаджаемся й патрабуем прызнаць ягоную дзейнасьць злачыннай”,- кажа прэс-сакратар Бабруйскай епархіі айцец Дзьмітрый Первій.

Тым часам камэнтатары зьвяртаюць увагу на тое, што крытыка культу Дзяржынскага ды ягонай злачыннай спадчыны не паяўляецца ў афіцыйных кантактах праваслаўных духоўных і беларускай улады.

Яны нагадваюць, што епарх Сэрафім - гэта адзіны праваслаўны іерарх, які не баіцца выступаць у абарону беларускай апазыцыі. У лістападзе мінулага году ён накіраваў у суд ліст у абарону чатырох бабруйскіх апазыцыянэраў, абвінавачаных ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі.

„Такія паводзіны духоўных беспрэцэдэнтныя ў маштабе Беларусі,”- кажа выданьню „Rzeczpospolita”, рэдактарка праваслаўнай інтэрнэт-старонкі „Царква” Натальля Васілевіч.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт