Logo Polskiego Radia
Print

Ізраільска-палястынскія перамовы

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 05.01.2012 14:54
  • перамовы.mp3
Мірны працэс спыніўся ў мёртвым пункце, - лічыць Я. Кацішэўскі.

/

Мы будзем надалей размаўляць, - гэта адзінае, на што згадзіліся падчас сустрэчы ў Амане (сталіцы Ярданіі) прадстаўнікі Ізраіля й Палястынскай Аўтаноміі.

Гэта была першая за амаль год сустрэча абодвух бакоў. Нагадаем, ізраільска-палястынскія перамовы былі прыпыненыя напрыканцы 2010 году, пасьля таго, як Ізраіль адмовіўся спыніць будаўніцтва жылых раёнаў на тэрыторыі Заходняга берагу ракі Ярдан.

Гэтым разам за стол перамоваў бакі канфлікту запрасілі прадстаўнікі ЗША й Ярданіі.

Якім чынам можна падсумаваць клімат ізраільска-палястынскіх мірных перамоваў? З гэтым пытаньнем мы зьвяртаемся да шматгадовага карэспандэнта грамадзкага Польскага радыё на Блізкім Усходзе Яраслава Кацішэўскага.

Яраслаў Кацішэўскі: Трэба сказаць выразна, што ізраільска-палястынскі мірны працэс – мёртвы, і няма шанцу на яго ажыўленьне ў бліжэйшы час. Ізраільцы й палястынцы згадзіліся на размовы, бо ня хочуць пападаць у канфлікт з амэрыканцамі й эўрапейцамі. На форуме ААН працэс прызнаньня незалежнасьці Палястыны зацягваецца. Паралельна зь ім праходзяць дыпляматычныя захады абодвух бакоў. Палястынцы шукаюць міжнародную падтрымку сваёй незалежнасьці. Ізраільцы разам з амэрыканцамі стараюцца да гэтага не дапусьціць. Тым часам адной з умоваў, скажам так, замарожаньня працэдуры разгляду ў ААН палястынскай заявы зьяўляецца ўзнаўленьне мірных перамоваў. І адсюль - чарговыя амэрыканскія спробы па гэтаму патаньню. Менавіта ў гэткім аспэкце трэба ўспрымаць сустрэчу ў Амане, арганізаваную каралём Ярданіі – даверанай асобай аднаго й другога бакоў канфлікту. Таму Ізраіль й Палястына не маглі адмовіцца ад сустрэчы, і таму іх перамоўцы ўдзельнічалі ў размовах, зь якіх, дарэчы, нічога не вынікае.

Што зьяўляецца асноўнай перашкодай у мірным працэсе паміж Ізраілям і Палястынай?

Яраслаў Кацішэўскі: Перашкоды многія гады тыя ж самыя. Ізраільцы не давяраюць палястынцам, таму будуюць мур, будуюць жылыя раёны на тэрыторыі канфлікту. І ўсё гэта для таго, каб загарантаваць сабе бясьпеку. Гэта асноўная ўмова ізраільскага боку. У сваю чаргу палястынцы сьцьвярджаюць, што перамовы ня маюць сэнсу, бо Ізраіль калянізуе акупаваную тэрыторыю ды ў аднабаковым парадку вызначае мяжу. Пры гэтым і адныя, і другія заяўляюць аб гатоўнасьці распачаць перамовы, найлепш безь ніякіх уступных умоваў. Аднак на самой справе гэта можна разумець такім чынам: мы гатовыя размаўляць, але другі бок не павінен ставіць уласных умоваў ды згадзіцца на ўсе нашыя патрабаваньні.

Як на ўвесь гэты працэс уплываюць захады Палястыны ў ААН ды факт, што згаданая краіна была прынятая ў адну з арганізацыяў ААН - ЮНЭСКА?

Яраслаў Кацішэўскі: Палястынская заява разьюшыла ізраільцаў і асабліва кіруючыя правыя сілы краіны. Адразу ж згаданы факт быў выкарыстаны ў якасьці закіду, што Палястына не гатовая да кампрамісу, паколькі прымае аднабаковыя рашэньні. Зразумела, Ізраіль забыў пра тое, што ён таксама пастаянна працягвае аднабаковыя дзеяньні. Менавіта таму я ня бачу шанцаў на кампраміс ці эфэктыўныя мірныя перамовы. Апрача таго, ніхто ня ведае, як на практыцы павінен выглядаць ізраільска-палястынскі кампраміс. Невядома, як прайсьці зь цяперашняй сытуацыі канфлікту ды адсутнасьці даверу да сытуацыі кампрамісу, як пераканаць абодва бакі.

- лічыць Яраслаў Кацішэўскі, шматгадовы карэспандэнта грамадзкага Польскага радыё на Блізкім Усходзе.

мс/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт