Logo Polskiego Radia
Print

“Безь імігрантаў Эўропа ня выжыве”

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 13.09.2011 06:00
  • Вітальд Шаблоўскі.mp3
Пра шматкультурнасьць у Эўропе Дзьмітры Гурневіч размаўляе з рэпарцёрам ды падарожнікам Вітальдам Шаблоўскім.

/

Ці здолее Эўропа пабудаваць шматкультурнае грамадзтва ці стане Эўрабіяй? Адказ на гэтае пытаньне ня першы год шукаюць многія сацыёлягі й філёсафы. Што стане з Эўропай і эўрапейцамі праз 30-50 гадоў? Пра гэта вяліся дыскусіі і ў рамках Эўрапейскага кангрэсу культуры, які 11 верасьня завершыўся ва Ўроцлаве. Пра шматкультурнасьць у Эўропе Дзьмітры Гурневіч размаўляе з рэпарцёрам ды падарожнікам Вітальдам Шаблоўскім. Падчас уроцлаўскага кангрэсу ён праводзіў дэбаты на згаданую тэму з удзелам інтэлектуалаў з розных краін Эўропы.

На працягу апошніх некалькіх гадоў у Эўропе гаворыцца аб сьмерці мультыкультуралізму. І гэта ня проста меркаваньне асоб, якіх можна было б западозрыць у дылетанцтве. Гэта меркаваньне людзей зь першых палос газэт. Што чакае ідэю шматкультурнасьці?

В. Шаблоўскі: Шмат філёсафаў, сацыёлягаў і навукоўцаў сьцьвярджаюць, што шматкультурнасьць – гэта мёртвая тэма. Нават Ангела Мэркэль нядаўна пра гэта завіла. І сапраўды, у немцаў яна ня вельмі ўдаецца. Але праблема ў тым, што мы асуджаныя на шматкультурнасьць. Сьвет стаў “глябальнай вёскай”, і мы абавязаныя вучыцца мірна суіснаваць адзін каля другога. У нас няма выбару. Нельга сёньня пабудаваць мур альбо роў як на турэцка-грэцкай мяжы. Ангела Мэркэль, канешне, мае права быць незадаволенай, але ж яна ня можа сказаць туркам ці арабам у Нямеччыне: “Хлопцы, выбачайце, у нас не атрымалася, вяртайцеся дадому”. Калі ў яе штосьці не атрымліваецца, то няхай яна сядзе са сваім урадам і спакойна падумае, што трэба зрабіць, каб атрымалася.

А ці можа атрымацца? У Польшчы і ў іншых краінах Эўразьвязу шмат людзей баіцца, што праз пару дзясяткаў гадоў Эўропу заселяць выключна арабы ці кітайцы, а карэнныя эўрапейцы зьнікнуць.

В. Шаблоўскі: Я нядаўна размаўляў з сацыёлягам прафэсарам Баўманам. Я задаў яму падобнае пытаньне й ён адказаў мне: “Хлопча, праз 30 гадоў Эўропе ня будзе хапаць людзей”. Ня будзе каму працаваць на нашыя пэнсіі. Сёньняшнія 30-гадовыя эўрапейцы павінны сур’ёзна задумацца над тым, хто будзе працаваць на іх дабрабыт. Дзякуючы каму яны змогуць здаць кроў ці мачу на аналізы альбо паехаць адпачываць за мяжу? Мы ж не запрашаем сюды варвараў, гэта ў нашым інтарэсе, каб хтосьці сюды прыехаў і працаваў для нас. Сытуацыя ў сьвеце зьмяняецца, і людзей з такіх краінаў як, напрыклад, Турцыя, якая была імпартэрам таннай рабочай сілы, сёньня вельмі цяжка запрасіць на працу за мяжу. Яны таксама багацеюць і ўсё менш ахвотна пакідаюць радзіму. Усе так калісьці думалі пра Румынію, маўляў, увойдзе яна ў ЭЗ і ў нас будзе танная рабочая сіла. А потым выявілася, што румыны жывуць прыблізна як і палякі. Таксама й Нямеччына, якая ў траўні адчыніла рынак працы. Яны думалі, што 20 млн. палякаў цягам тыдня эмігруе да іх і былі ў шоку, калі прыехала каля 20 тыс. чалавек. Калі мы думаем, што адчыняючы межы мы робім для кагосьці ласку, то мы моцна памыляемся. Безь іх мы ня здолеем пражыць.

А ці павінна Эўропа ў такім выпадку абараняць сваю ідэнтычнасьць? Ці павінны мы прымушаць эмігрантаў вучыць нашую мову й асновы нашай культуры?

В. Шаблоўскі: Гэта вельмі складанае пытаньне. Асабіста я веру ва ўзаемнае праніканьне культур. Эўропа вельмі любіць “задзіраць нос” і лічыць, што ўсё, што эўрапейскае – гэта самае лепшае. Факт, мы здолелі зрабіць някепскія рэчы, але я веру ў тое, што калі мы запрашаем да нас іншыя культуры, то варта ад іх вучыцца. Вы ведаеце, напрыклад, што ісламскія банкі, якія працуюць паводле Карану, увогуле не адчулі крызысу? А ўсё таму, што іслам забараняе браць грошы ў крэдыт пад працэнты. Згодна з правіламі ісламу, даючы грошы ў крэдыт, банк становіцца тваім партнэрам. У ягоным інтарэсе, каб кліент вёў пасьпяховы бізнэс, таму й банк, і кліент разам абмяркоўваюць плян дзеяньняў. Эўропа шмат чаго можа навучыцца ад мусульман, трэба проста перастаць глядзець на ўсіх з вышыні. Гэта ня ласка з нашага боку, што мы іх запрашаем. Трэба ўспрымаць эмігрантаў як магчымасьць навучыцца нечаму новаму, пазнаць новую культуру ды іншы стыль мысьленьня. У сучасным сьвеце інавацый гэта можа быць для нас бясцэннай крыніцай.

Які лёс чакае нацыянальныя дзяржавы? Ці асуджаны гэты праект на паразу ці гэта ўсё ж будучыня?

В. Шаблоўскі: Я лічу, што праект нацыянальных дзяржаваў ад самага пачатку быў асуджаны на паразу. Вынікам нацыянальных дзяржаў сталі дзьве сусьветныя войны, дзе мы адзін аднаго рэзалі як жывёл. Зь іншага боку паглядзіце на ЗША. Там, зразумела, таксама ёсьць нацыяналізм, але гэта абсалютна іншая зьява. Амэрыканскі нацыяналізм высмоктвае з нацыянальных культура самае лепшае, менавіта таму Амэрыка – гэта гегемон ва ўсім сьвеце. Турцыя, якую я вельмі люблю, была магутнай якраз тады, калі была шматнацыянальнай краінай. Самыя моцныя дзяржавы гэта ня тыя, якія могуць адгарадзіцца ад усяго сьвету й сказаць, маўляў, вось, мы класныя, мы размаўляем па-польску, расейску ці сэрбску... Самыя моцныя тыя, якія здольныя браць самае лепшае ад іншых. І калі я чую, што палітыкі заклікаюць нас бараніць мову й гонар, то гэта папахвае нават ня сярэднявеччам, а нейкімі племяннымі часамі.

Што трэба рабіць, каб пазьбягаць нацыянальных канфліктаў? Ці існуе рэцэпт, які дазволіць выхаваць у эўрапейцаў павагу да іншасьці?

В. Шаблоўскі: Мне здаецца, што калі хтосьці называе іншага маскалём, жыдом ці цыганом, то гэта доказ комплексаў, няўпэўненасьці ў сабе. Агрэсія нараджаецца не таму, што хтосьці адчувае сябе мацнейшым. Моцна чалавек заўсёды ўпэўнены ў сваёй сіле, яму ня трэба яе даказваць. І чым больш упэўнена мы сябе будзем адчуваць у сваёй краіне, у Эўропе, то менш у нас будзе дурнога расізму, абразаў у адрас іншых народаў, вандалізму. Гэта перажытак старых часоў, і я нават часам зьдзіўляюся, што камусьці яшчэ хочацца гэта рабіць.

Гутарыў Дзьмітры Гурневіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт