Logo Polskiego Radia
Print

Вайда: Культура - рухавік перамен

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 09.09.2011 10:28
  • Вайда: Культура - рухавік перамен.mp3
Размова Беларускай службы зь вядомым кінарэжысэрам Анджэям Вайдам.

/

Заходнепольскі Ўроцлаў у гэтыя дні стаў эўрапейскай культурнай сталіцай. Горад на Одэры прымае гасьцей – удзельнікаў Эўрапейскага кангрэсу культуры. Сучаснае мастацтва, яго ўплыў на грамадзтва, роля сучасных інфармацыйных тэхналёгій у пашырэньні культуры, уплыў культуры на эканоміку – гэта асноўныя тэмы ўроцлаўскага кангрэсу.

Удзел у форуме прымае каля 300 прадстаўнікоў сьвету культуры ды інтэлектуалаў. Сярод іх – вядомы польскі рэжысэр Анджэй Вайда.

Спадар Вайда, ці ўвогуле культура патрабуе абмеркаваньня? Ці мерапрыемства такога роду, як Эўрапейскі кангрэс культуры, могуць прынесьці канкрэтныя вынікі?

А. Вайда: Я мяркую, што гэта, хутчэй за ўсё, будзе дыскусія пра культуру. Я ўзгадваю 1948 год, калі ва Ўроцлаве адбываўся падобны кангрэс культуры. Я тут таксама прысутнічаў, бо будучы студэнтам ІІІ курсу Кракаўскаўскай кінаакадэміі, мы сюды прыехалі, каб падзарабіць. Памятаю, як мы малявалі фрэскі ў кніжным павільёне. І той кангрэс меў за мэту вырашэньне пэўных пытаньняў. Ва Ўроцлаў прыехаў Пікасо, які ў той час быў найбольш сучасным мастаком сьвету й які адначасова называў сябе камуністам. Прыехаў таксама выбітны пісьменьнік Міхаіл Шолахаў. Сюды ж прыехалі палітыкі й псэўдатворцы, якія імкнуліся атрымаць для сябе выгаду. Сёньня сытуацыя іншая, сёньня ніхто нас да нічога не прымушае, бо сьвет таксама зьмяніўся. Сёньня ў мастацтва іншыя мэты, яно іншым шляхам трапляе да чалавека.

На кангрэсе яго ўдзельнікі пастараюцца даць адказ на пытаньне: ці павінна культура ўплываць на палітычныя й грамадзкія зьмены? Што Вы на гэты конт думаеце?

А. Вайда: Культура ўплывае... Калі я зьняў фільм “Чалавек з жалеза”, то я ведаў, што за мной стаіць прафсаюз “Салідарнасьць”. Памятаю, як тагачасны кіраўнік камітэту кінематаграфіі сказаў мне, што стужка не паедзе ані на які фэстываль. І тады рабочыя зь верфі й варшаўскай гуты, шэрагу іншых буйных прадпрыемстваў напісалі яму лісты. Іх падпісвала па 5-10 тысяч чалавек. Рабочыя патрабавалі, каб фільм паехаў на Канскі кінафэстываль. Я тады ўпершыню адчуў, што за мной стаяць мае гледачы. Так што тады мастацтва адыгрывала важную грамадзкую ролю. Цяпер жа месца мастацтва заняла поп-культура. Людзі амаль ня ведаюць гісторыі. Калі раней мне было дастаткова замест выразанага цэнзурай эпізоду даць нейкі намёк, то глядач усё цудоўна разумеў. Бо слова можна было выразаць, а вобраз – не.

Сярод гасьцей мерапрыемства вельмі мала ўдзельнікаў з Усходняй Эўропы, напрыклад, зь Беларусі. Ці азначае гэта, што культура ўсходнеэўрапейскіх народаў разьвіваецца па-за эўрапейскім кантэкстам, ці ўсё ж такі гэта - частка агульнаэўрапейскай культуры?

А. Вайда: Я перакананы, што так. На працягу многіх гадоў у ПНР мы, маладыя кінарэжысэры, тэатралы, мастакі й пісьменьнікі бралі ўзор з-за Бэрлінскага муру. І адначасова сваім мастацтвам мы хацелі паказаць людзям захаду, што таксама зьяўляемся часткай агульнаэўрапейскай культуры. І ўсходнеэўрапейская, і заходнеэўрапейская культуры павінны суіснаваць разам. Сёньня адна зь іх мацнейшая, але заўтра можа аказацца наадварот.

Сюжэты Вашых фільмаў зразумелыя для кожнага чалавека, напрыклад, у іх паказана сутнасьць таталітарнай сыстэмы й бунт чалавека супраць яе. А вось сучасная альтэрнатыўная культура й мастацтва могуць быць незразумелыя для шырокага кола. Ці такое мастацтва таксама ўплывае на грамадзкую думку?

А. Вайда: Так, хоць у альтэрнатыўнай культуры іншыя мэты. Сёньня дзяржава больш не пагражае грамадзяніну. Сучаснае мастацтва канцэнтруе ўвагу на лёсе канкрэтнага чалавека. Мы выхоўваліся ў іншай рэчаіснасьці, тагачасныя праблемы адыйшлі ў нябыт. Сёньняшнія творцы за пасярэдніцтвам свайго мастацтва імкнуцца апісаць сьвет такім, якім яны яго бачаць: тое, што ім падабаецца, што іх турбуе, паказаць жыцьцё індывідыума. Ведаеце, мы думалі, што падзеньне камунізму вырашыць усе нашыя праблемы. Аказалася, што мы памыляліся, таму сёньняшнія творцы хочуць адлюстраваць новую рэчаіснасьць. Мы ў сваіх фільмах таксама паказваем і плюсы пераменаў, і праблемы, якія зь іх вынікаюць. На працягу 20 гадоў мы моцна зьмянілі Польшчу.

Суразмоўцам Беларускай службы быў Анджэй Вайда – удзельнік Эўрапейскага кангрэсу культуры, які ў гэтыя дні адбываецца ва Ўроцлаве.

Дзьмітры Гурневіч, Валера Саўко, Уроцлаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт