Logo Polskiego Radia
Print

Не дазвольце махлярам сябе абакрасьці!

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 06.07.2019 10:16
Назіраецца гонка паміж паліцыяй і злодзеямі, якія прыдумваюць усё новыя спосабы махлярства.
www.pixabay.com

Друкаваныя выданьні рэгулярна пішуць пра новыя спосабы падманваньня людзей злодзеямі. Паліцыя перасьцерагае, каб ня быць наіўнымі і не дазволіць сябе абакрасьці, але і так кожны год тысячы олюдзей задае сабе пытаньне, як гэта магло здарыцца, што яны самі аддалі махлярам свае ашчаднасьці. Выданьне «Polityka» піша пра новы спосаб абкраданьня: «на нешчасьлівы выпадак». Раней злодзеі прыдумвалі іншыя спосабы – напрыклад, «на ўнука» (званілі пажылым людзям, прадстаўляліся яго ўнукам, унучкай або знаёмым унука і прасілі пазычыць грошы, бо здарылася нешта нечаканае). Паліцыя шмат разоў папярэджвала, каб не давяраць такім званкам і правяраць інфармацыю.

Новы спосаб заключаецца ў тым, што махляр выбірае ўсе нумары падрад. Калі трапіць на старэйшага чалавека, пачынае гістэрычна крычаць, што здарылася нешта жахлівае, напрыклад, дарожна-транспартнае здарэньне, падчас якога быў забіты чалавек, а стала так па віне ўнука (унучкі). Злодзеі – настолькі добрыя псыхолягі, што часта ім удаецца выцягнуць у суразмоўцы інфармацыю пра імя ўнука, паколькі той зьвяртаецца па імені з пытаньнем, у чым справа. Такая гісторыя здарылася ў пэнсіянэраў з Гданьска, якія былі перакананыя, што звоніць іх унучка, аддалі злодзеям 150 тыс. злотых, паколькі тыя казалі, што сям’я забітай іх унучкай жанчыны згадзілася за такую суму не ўносіць справу ў суд.

Грошы наіўныя жыхары Польшчы перадаюць як правіла падстаўным асобам. Банды злодзеяў так разрасьліся, што яны шукаюць ужо падстаўных праз аб’явы ў друку. Па ланцужку можна дайсьці толькі да такіх «плотак», далей сьлед абрываецца, бо тыя з самых нізоў злачыннай піраміды як правіла нічога ня ведаюць пра тое, хто стаіць за злачынствам на самым версе. Нітачкі вядуць у Вялікабрытанію, куды ўдзельнікі злачынства перадаюць грошы, атрыманыя ад ахвяр.

Падсумоўваючы, трэба сказаць, што лета і вакацыі – гэта пара «жніва» для такіх махляроў, якія выкарыстоўваюць спосаб «на няшчасны выпадак» і вымантачваюць нярэдка сапраўды вялікія грошы ў сваіх ахвяр. Што цікава, часта гэта адукаваныя, разумныя людзі, у якіх, відаць, у стрэсавай сытуацыі выключаецца лягічнае мысьленьне.

Polityka/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт