Гмінам будзе пагражаць вялікі штраф за забруджанае паветра
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
18.06.2019 16:08
Небясьпека атрымаць штраф можа іх мабілізаваць да дзейнасьці.
www.pixabay.com/Jerzy Górecki/CC0 Creative Commons
Гміны (самая малая муніцыпальная адзінка ў Польшчы) могуць атрымаць вельмі высокія штрафы, калі яны ня будуць рэалізаваць праграму чысьціні паветра – паведамляе «Rzeczpospolita». Парлямэнт літаральна за два дні прыняў адпаведныя прававыя нормы. Сьпешка зьвязаная з рашэньнем Суду Эўрапейскага Зьвязу, які абвінаваціў Польшчу ў тым, што яна прымае замала захадаў, каб палепшыць якасьць паветра, якое ў краіне проста жахлівае. Новыя законы датычаць праграм аховы чысьціні паветра, якія павінны рыхтаваць управы ваяводзтваў (абласьцей).
Гмінам, якія не рэалізуюць праграм, могуць пагражаць вельмі высокія штрафы – да паўмільёна злотых. Зьмены падтрымліваюць эколягі. Па словах аднаго з іх, Пятра Сяргея, праграмы аховы чысьціні паветра ўтрымліваюць канкрэтныя паказчыкі, на прыклад, нормы запыленасьці паветра, але гміны выконваюць гэтыя праграмы толькі на некалькі працэнтаў. Галоўная прычына забруджанасьці паветра – абагрэў будынкаў ненарматыўнымі катламі. Неабходна замяніць каля 3 млн. старых катлоў.
На жаль, для многіх муніцыпальных органаў праграмы чысьціні паветра існуюць толькі на паперы. Яны нічога ня робяць. Небясьпека атрымаць штраф можа іх мабілізаваць да дзейнасьці, – дадае Сяргей. Яны пачнуць шукаць сродкі, між іншым з Эўрапейскага Зьвязу, або памяняюць свае прыярытэты. Напрыклад, гміны вакол Кракава інвэстуюць у новыя дарогі, школы, дзіцячыя садкі. Магчыма, цяпер яны пастараюцца перасунуць частку сродкаў на абмен старых абагравальных катлоў, – кажа ўпаўнаважаны мэра Кракава Павал Сьцігальскі. І дадае, што цяпер якасьць паветра ў прыгарадзе часта бывае горшай, чым у самім вялікім Кракаве.
Rzeczpospolita/нг