Logo Polskiego Radia
Print

Жыхары поўдня Польшчы пратэстуюць супраць новых шахтаў вуглездабычы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 12.06.2019 16:53
Раней у Сілезіі пратэставалі шахцёры, але не супраць новых шахтаў, а супраць закрыцьця старых.
photo: pixabay.com/CC0

Сілезія – спэцыфічны рэгіён Польшчы. Поўдзень краіны – гэта тэрыторыя, дзе па традыцыі доўгага часу, галоўнай галіной прамысловасьці была і застаецца вуглездабыча. Аднак стаўленьне жыхароў Сілезіі да гэтай галіны паступова мяняецца. Усё больш жыхароў поўдня бачаць альтэрнатыву вугалю.

«Gazeta Wyborcza» паведамляе, што прыватныя прадпрымальнікі гатовыя адкрываць новыя шахты вуглездабычы, але сустракаюцца з актыўнымі пратэстамі жыхароў ды чыноўнікаў муніцыпальных структур. Самаўрады нават мяняюць пляны інвэстыцыйнага разьвіцьця сваіх гмін, каб не дапусьціць будаўніцтва шахтаў.

Многія жыхары Сілезіі кажуць, што яны ўжо ня хочуць быць нявольнікамі вугалю, і што ад яго больш шкоды, чым карысьці. Напрыклад, выкладчык Эканамічнага Ўнівэрсытэту ў горадзе Катавіцэ Ян Мусёл адзначае, што навукоўцы даказалі ўжо прамую сувязь паміж ракам мозгу і ўзроўнем забруджанасьці паветра, а якраз паветра ў Сілезіі – самае забруджанае з усіх рэгіёнаў Польшчы. А новыя шахты – гэта рост забруджанасьці паветра, небясьпека для мясцовых жыхароў таксама ў тым, што іх дамы могуць значна страціць сваю каштоўнасьць.

Да гэтае пары ў Сілезіі пратэставалі пераважна шахцёры, але не супраць новых шахтаў, а супраць закрыцьця старых. Цяпер жа людзі паступова мяняюць стаўленьне, і для многіх важнейшым, чым магчымасьць працаваць на шахце, становіцца чыстае паветра і разьвіцьцё іншых галін прамысловасьці, чым вуглездабыча, якая выклікае нямала праблем.

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт